Сядзібу ў Залессі адкрые аркестр Міхаіла Фінберга ў чацвер
Урачыстае адкрыццё пройдзе 25 верасня, у дзень нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Галоўным мерапрыемствам дня стане канцэрт камернай музыкі “Вяртанне Паўночых Афін”, які пачнецца а 17 гадзіне ва ўнутраным двары сядзібы.
– Уваход на канцэрт будзе па запрашэннях, але ўсе ахвотныя змогуць паслухаць яго, стоячы на ўзвышшы ля альтанкі Амеліі – адтуль нават відаць будзе лепей, – кажа Таццяна Ражава, намесніца загадчыка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкама.
У той жа дзень у палацы пачне працаваць выстава “Паланэзы на вяртанне”. На ёй можна будзе паглядзець дакументы з архіва Агінскага, якія атрымалася вярнуць у Беларусь. Ладзіць выставу дапамагае дырэктар музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Зінаіда Кучар. Дагэтуль выстава пабывала ў Гомелі і Варшаве.
Цягам дня ўсе ахвотныя змогуць паўдзельнічаць у экскурсіі па маёнтку.
– Колькі я працую, заўсёды на дзень нараджэння Агінскага было добрае надвор’е, – дадае Таццяна Ражава. – Спадзяюся, гэта традыцыя захаваецца. Канцэртная зала ў маёнтку разлічаная толькі на 80 месцаў, таму канцэрт вырашылі праводзіць на вуліцы. Залессе ўжо зачакалася адкрыцця, таму чакаем шмат гасцей.
Калі пойдзе дождж, аркестр усё роўна будзе іграць – сцэна ў двары крытая. А вось гледачам трэба будзе паклапаціцца пра сябе самім.