Віртуальныя падарожжы і рэальныя вынікі

20.09.2014 22:57Views:
гимназия-01-ц-239x300Адным з кірункаў дзейнасці Асацыіраваных школ ЮНЕСКА, да якіх належыць і Смаргонская гімназія, вызначана экалогія і ахова навакольнага асяроддзя. Сёлета, дзякуючы выдатным работам выкладчыкаў кафедры хіміі і біялогіі, гімназія ўвайшла ў склад “Зялёных школ” Беларусі. Дыплом ІІІ ступені за выдатна выкананыя заданні атрымала творчая група настаўнікаў у складзе Вольгі Грышан, Алены Ясевіч, Ірыны і Юліі Клявец. Дыпломам І ступені адзначаны праект “Падарожжа па Экаландыі” ў намінацыі “Выкарыстанне WEB 2.0 сэрвісаў у адукацыйным працэсе”.

Праграма “Зялёныя школы” набыла вялікую папулярнасць ва ўсім свеце. Да гэтага руху, у якім удзельнічаюць больш за 40 тысяч школ з 46 краін, далучылася і наша краіна. Работа па стварэнні сеткі школ з экалагічным ухілам пачалася ў нас з 2010 года пры падтрымцы сумеснага праекта Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН. Праект накіраваны на ўкараненне эфектыўнай адукацыйнай мадэлі ў галіне экалагічнай асветы. Летась палажэнне аб рэалізацыі праекта падпісалі міністр адукацыі і міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Мэта праекта не толькі экалагічная інфармаванасць дзяцей і моладзі, але і шырокі спектр ведаў па практычным прымяненні метадаў аховы прыроды.

Улічваючы цікавасць сучасных дзяцей і моладзі да электронных устройстваў і камп’ютарнай тэхнікі, настаўнікі гімназіі вырашылі выкарыстоўваць новыя інфармацыйныя рэсурсы для пашырэння формаў адукацыйнай дзейнасці. Быў распрацаваны пазаўрочны праект “Падарожжа па Экаландыі”. Гэта своеасаблівая дыстанцыйная інтэрактыўная гульня, у якой могуць удзельнічаць вучні розных узроставых катэгорый, а таксама бацькі і настаўнікі. Што гэта дае? Найперш, навыкі лагічнага ўсведамлення прапаноўваемай інфармацыі, эксперыментальнай дзейнасці, работы самастойна ў групе, уменне працаваць з ПК, выкарыстоўваць пакет стандартных офісных праграм. А галоўнае, ствараюцца ўмовы для набыцця ведаў у галіне экалагічнай асветы, для фарміравання ўстойлівага інтарэсу да праблем навакольнага асяроддзя.

Стваральнікі праектаў упэўнены, што іх работа будзе цікавая для многіх школьных выкладчыкаў.

Ала КЛЕМЯНОК, "СШ"

Каментаваць