Маёнтак Агінскіх у Залессі адкрыецца 25 верасня
Хаця да афіцыйнага адкрыцця яшчэ тры тыдні, маёнтак ужо расчыніў дзверы для ахвотных трапіць на экскурсію ці зладзіць вясельную фотасесію.
Тое, што Залессе ажывае, карэспандэнты “РГ” пабачылі нават у будны дзень: паглядзець на прыгажосць унутры будынка прыходзяць мясцовыя жыхары, у шлюбны сезон фатографы прапануюць рабіць здымкі менавіта тут.
Так і маладыя Ала і Жэня пазіруюць на фоне яблыневага саду, альтанкі, мастка і адноўленага маёнтка.
– Тут вельмі прыгожа, – тлумачаць яны. – Таму і вырашылі пасля ЗАГСа заехаць у Залессе.
Госці таксама не губляюць часу дарма − робяць фота саміх сябе, гучна весяляцца.
Пераначаваць у Агінскага зможа кожны
Нас сустракае дырэктар музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага Людміла Градзіцкая. У маёнтку ўжо працуе актавая зала, з якой пачынаюцца экскурсіі. Цяпер там ёсць сцэна з раялем, новы паркет, утульныя крэслы, белыя фіранкі.
− Маёнтак абноўлены ўжо на 95%, − распавядае Людміла Градзіцкая. – Маем надзею, што ў наступным годзе ў нас напоўніцу запрацуе музей. Таксама адчынім зімовы сад, дзе мы будзем вырошчваць тыя расліны, што ўпрыгожвалі будынак пры Агінскім.
Улетку расліны плануюць выстаўляць на вуліцу, а зімой – хаваць у аранжарэю.
У маёнтку будзе і гасцініца, дзе змогуць спыніцца турысты. Дзевяць месцаў у аднапакаёвых нумарах запрацуюць пасля таго, як канчаткова здадуць маёнтак. У колькі абыдзецца адна ноч у доме Агінскага, пакуль невядома.
Экскурсіі ў Маёнтку Агінскіх праводзяць двойчы на дзень. У 11 гадзін наведнікам прапануюць яшчэ паглядзець фільм Анастасіі Мірашнічэнкі “Рана ў сэрцы”. У 15 гадзін прапануюць оперу Алега Залётнева “Невядомы партрэт”. Білет для дарослых каштуе 10 тысяч рублёў, для школьнікаў і дзяцей – − 5 тысяч. Выхадныя – панядзелак, аўторак.
У старым млыне плануюць пазней адкрыць кавярню. Сцены будынка выдатна захаваліся. Яны выглядаюць надзвычай эфектна, таму што зробленыя з вялікіх камянёў. Гэта надасць кавярні асаблівую атмасферу.
У парку турысты знойдуць гістарычныя аб’екты: альтанку Амеліі, названую ў гонар дачкі Агінскага, альтанку ў кітайскім стылі, масткі. Некаторыя аб’екты захаваліся горш і не выглядаюць настолькі ж абноўленымі, як сам маёнтак.
Частка маёнтка адведзеная пад музей, яго паступова папаўняюць рэчамі, якія змогуць паглыбіць уражанне ад экскурсіі. Некаторыя экспанаты ўжо чакаюць свайго часу. Напрыклад, карта Залесся часоў Рэчы Паспалітай. Зімой у маёнтку плануюцца выступленні залескай батлейкі.
Маёнтак абнавілі за тры гады
Па словах дырэктаркі, над абнаўленнем маёнтка працавалі работнікі смаргонскага будаўніча-мантажнага трэста №41, а таксама рэстаўратары з Мінска. Праект доўжыўся амаль тры гады.
Навуковым кіраўніком праекта з’яўляецца дырэктар музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Зінаіда Кучар. Кожную суботу ў маёнтку ладзяцца суботнікі, да якіх могуць далучацца ўсе ахвотныя. Стаць валанцёрам і дапамагчы добраўпарадкаваць маёнтак Агінскіх у Залессі можа кожны. Ахвотныя збіраюцца а 9 гадзіне кожную суботу.
У маёнтку будуць вакансіі
Мясцовыя людзі ўжо даўно чакаюць, калі запрацуе маёнтак, бо тады з’явяцца новыя працоўныя месцы.
– Вядома, вакансіі будуць, – гаворыць дырэктар. – Але ж трэба, каб чалавек адпавядаў вакансіям, калі ён будзе працаваць у навуковым штаце ці гасцініцы. Пакуль у штаце толькі дворнік і я.
Залессе стане часткай беларуска-літоўскага турыстычнага маршруту. Траса злучыць мясціны, звязаныя з культурнымі цэнтрамі рэгіёна: маёнтак Міхала Агінскага ў Залессі і Юзафа Тышкевіча ва Ужутракісе. Цягам апошніх двух гадоў над праектам працавалі дырэкцыя Тракайскага гістарычнага нацыянальнага парку і Смаргонскі райвыканкам.
– Хочацца, каб усё тут было менавіта так, як пры Міхале Агінскім, – дадае Людміла Градзіцкая. – Каб зноў можна было назваць Залессе месцам для згуртавання аматараў музыкі.
Маёнтак стане не толькі турыстычным аб’ектам, але і культурным цэнтрам, дзе будуць ладзіцца музычныя мерапрыемствы.
Маёнтак адкрыюць канцэртам аркестра Фінберга
− Афіцыйнае адкрыццё маёнтка будзе 25 верасня, − кажа Таццяна Ражава, намесніца загадчыка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкама. – Магчыма, да таго часу будзе гатовая і гасцініца.
На адкрыцці гасцей чакае выступленне Нацыянальнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, а таксама экскурсія.
Пасяджэнне раённага і абласнога кіраўніцтва наконт маёнтка Агінскага пройдзе ў пятніцу, 5 верасня. На ім вырашаць пытанні фінансавай падтрымкі заключнай часткі абнаўлення.
00:27
Вельмі прыемная навіна!!!