Майстар-клас ад Ніканавай
Аграсядзібу «У Нінэль» ведаюць далёка за межамі Лёзненскага раёна. Нават з-за акіяна прыязджаюць ў аграгарадок Пушкі, да гасціннай гаспадыні сядзібы Ніны Ніканавай. Вясковым турыстычным бізнесам яна займаецца, пачынаючы з 2008 года. Ва ўсім раёне сёння працуе каля дваццаці сядзіб, але ж менавіта «У Нінэль» была самай першай і цяпер застаецца самай актыўнай у справе аказання паслуг гасцям.
Сядзіба незвычайная яшчэ і тым, што Ніна Ніканава арганізавала каля яе ўнікальную экалагічную сцежку працягласцю 1,5 кіламетра. Гідам падчас падарожжа па лесе становіцца яго гаспадар — лесавік…
Ці лёгкі хлеб уладара сядзібы, ці прыбытковая гэта справа? Ці выгадна мясцовым уладам і насельніцтву, каб прыватных турыстычных сядзіб станавілася больш? На гэтыя і іншыя пытанні паспрабаваў знайсці адказы наш карэспандэнт.
«Сарафаннае радыё» — лепшая рэклама
У госці да Ніны Ніканавай мы прыехалі разам са Святланай Пукавай, старшынёй Лёзненскага сельскага Савета. Па дарозе яна расказала, што хацела б, каб такіх ініцыятыўных людзей, як уладальніца сядзібы «У Нінэль», было больш.
— Падатак для тых, хто прымае турыстаў, фіксаваны — усяго базавая велічыня ў год. Але не магу сказаць, што, напрыклад, нашаму сельсавету ці раёну няма вялікай карысці ад вясковага турызму. Напрыклад, госці купляюць нешта ў крамах — павялічваецца таваразварот. Гаспадары сядзіб па дапамогу звяртаюцца да мясцовых — у людзей дадатковы заробак. А калі ўжо казаць пра «вялікія дывідэнды», дык некаторыя з тых, хто адпачываў «У Нінэль», потым купілі тут дамы. Гэта ж якая рэклама раёну! Нават з далёкага замежжа прыязджаюць да Ніны! — расказвае Святлана Пукава.
Пасля знаёмства з Нінай Ніканавай узнікае ўражанне, што ведаеш яе даўно. Нездарма большасць з турыстаў прыязджае потым яшчэ і яшчэ, раіць адпачыць у Пушках сваім сваякам, знаёмым.
— Самая лепшая рэклама — «сарафаннае радыё». А ведаеце, як прыемна, калі да мяне прыязджаюць дзеці і ўнукі колішніх гасцей! Безумоўна, сярод турыстаў розныя людзі бываюць. Некаторым адмаўляю яшчэ падчас тэлефанавання. Па голасе і па адказах на мае пытанні адчуваю, што людзі не адпачыць хочуць, а наадварот: вельмі шумна час правесці. Не, я не адмаўляю кампаніям — яны ж розныя бываюць. Напрыклад, ужо не першы год да мяне прыязджаюць госці з Тулы, вельмі паважаныя людзі. Днём яны гуляюць па Віцебску, ходзяць на канцэрты, а ўвечары — да мяне, — расказвае Ніна Ніканава.
Па адукацыі яна — настаўнік біялогіі. Цяпер у школе, будынак якой відаць з яе дома, працуе кіраўніком гуртка юных біёлагаў. Падчас нашай размовы расказвала, што турыстычны бізнес арганізоўвала разам з былым мужам Аляксандрам (з ім у Ніны захаваліся сяброўскія стасункі).
— Мы ж сустракаліся з восьмага класа… Калі Саша пайшоў у армію, нарадзілася наша старэйшая дачка Святлана. Прадпрымальніцкую дзейнасць пачыналі ў 1990-я: на матацыкле «Ява» ездзілі па вёсках і гандлявалі рознымі канцылярскімі дробязямі. Вы ж, напэўна, памятаеце той час павальнага дэфіцыту. Потым прадавалі людзям камбікорм, парасят. Было, што і па пяцьдзясят іх у нас у хляве адразу жылі, — успамінае жанчына.
У яе тры дачкі. Сярэдняя — Алена, малодшая — Аня, прыёмная, жыве ў Італіі. Бацька Ніны быў з «залатымі рукамі». Многія, калі яе сустракаюць, дзякуюць ёй за тое, што бацька ў свой час дом паставіў або гаспадарчую забудову.
Гэта трэба любіць
Ніна Ніканава падкрэслівае, што «азалаціцца» на аказанні турыстычных паслуг (як некаторыя думаюць) не атрымаецца. Многія пачынаюць, а потым кідаюць гэтую толькі на першы погляд вельмі прыбытковую справу.
— Сёлета прыняла чалавек пяцьдзясят. Прыкладна 22 мільёны рублёў зарабіла. Гэта хіба шмат, калі па месяцах раскінуць. Наконт аплаты — у мяне ёсць прапановы і для тых, у каго вельмі сціплы заробак. Напрыклад, калі вы хочаце проста пераначаваць і самі будзеце кухарыць, трэба будзе заплаціць 140 тысяч рублёў за начлег. За гадзіну ў лазні — 200-250 тысяч рублёў. Калі хочаце суткі правесці ў сядзібе, ды каб з трохразовым харчаваннем — 25 умоўных адзінак папрашу (з расіян жа бяру 40 долараў у эквіваленце).
Адначасова магу прыняць каля дваццаці чалавек. Да паслуг кліентаў: більярд, лазня, тэніс, бадмінтон, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Зімой — на лыжах, каньках, снегаходзе пакатацца можна. А самае галоўнае, на мой погляд, — ёсць магчымасць адпачыць ад цывілізацыі, шуму гарадскога. У мяне турысты самі дровы сякуць, посуд мыюць, грыбы збіраюць… Спачатку некаторыя, бывае, выказваюць словы незадаволенасці, але хутка разумеюць, што гэта для іх жа карысці, — расказвае ўладальніца сядзібы.
Яна не ўтойвае, што некаторыя аднавяскоўцы за вочы называюць яе «капіталісткай». Дык чаму самі не могуць заняцца такім жа бізнесам? Безумоўна, лягчэй скардзіцца на недахоп грошай, на цяжкае жыццё, чым прыкласці намаганні. А стварыць сядзібу, аказваецца, вельмі проста. Трэба жыць у сельскай мясцовасці і мець пакоі для гасцей. Наконт справаздачнасці і іншага — некалькі разоў на год прыносіш у падатковую звесткі пра колькасць гасцей. Адна базавая велічыня ў год — фіксаваны падатак…
Вельмі многаму гаспадыня навучылася на адпаведных курсах, арганізаваных Беларускай гандлёва-прамысловай палатай. Папоўніла свае веды ў Бельгіі. Летась прадстаўляла нашу краіну на міжнароднай выставе турызму ў сталіцы Іспаніі.
Госці былі ў захапленні
Пра сваіх гасцей спадарыня Ніна можа расказваць гадзінамі. Памятае кожнага, але ж асабліва — гасцей з Канады.
— Гэта нашы былыя суграмадзяне. Наташа і Дзіма — урачы, працуюць у Канадзе. Прыехалі да мяне з 18-гадовым сынам і 10-гадовай дачкой, а таксама з сястрой Наталлі і яе дзіцем і мамай. Я спецыяльна ў райцэнтр паехала па прадукты, каб кашу на вогнішчы зварыць. Тая ж юная канадка ніколі не бачыла вогнішча і наўрад ці спрабавала тую ж «лясную кашу»… Як да сваіх аднеслася, бо вельмі хацела, каб тыя канадцы былі задаволенымі. У выніку ім так спадабалася ў мяне, што не хацелі ад’язджаць. А яшчэ былі ў захапленні кітайцы і туркмены, якія вучацца ў Віцебску. Іншаземцам падабаюцца мае «майстар-класы» — калі вучу іх рабіць дранікі і іншыя традыцыйныя беларускія стравы. Я ж па першай адукацыі кухар! — працягвае Ніна.
Аказваецца, чэрвень для аграсядзібы — месяц зацішша. А зімой, што цікава, народу натоўп.
— А чаму вы здзіўляецеся? Зімой людзі хочуць пагрэцца ў лазні, пасядзець за сталом ва ўтульнай атмасферы, набрацца энергіі. Другі дзень вяселля ў мяне спраўляюць практычна круглы год! — расказвае Ніна.
Канкурэнцыі яна не баіцца, шчыра прызналася Ніна — будзе толькі рада, калі побач з’явяцца аграсядзібы. У іншых раёнах так званыя турыстычныя кластары вельмі прыцягваюць гасцей. У адной сядзібе арганізуюць майстар-класы, напрыклад, ад рамеснікаў, у іншай — стаўка робіцца на паказ абрадаў. І гаспадарам добра, і гасцям цікава.
— Вось наш аграгарадок можна «раскруціць» з пункту гледжання краязнаўчага кірунку. Старажылы расказваюць, што ў Пушках жыў пан Васіль. На панскіх землях быў заўсёды багаты ўраджай і кветак было мноства. Дык можна ж нешта прыдумаць, каб зацікавіць прыезджых. Ідэй у мяне шмат.
Тамара Дрылёнак, старшыня Лёзненскага раённага Савета дэпутатаў:
— У пазамінулым годзе ў конкурсе «Лепшая аграэкасядзіба Віцебскай вобласці» ў намінацыі «Экасядзіба года» перамагла «У Нінэль». Летась гаспадыня стала пераможцай у аналагічнай намінацыі — ужо ў рэспубліканскім конкурсе. Тады ж на базе сядзібы «У Нінэль» адбыўся злёт гаспадароў аграэкасядзіб Віцебшчыны з удзелам дэлегацыі са Смаленскай вобласці. Усе ацанілі высокі ўзровень і былі прыемна здзіўлены ўбачаным. А экалагічная сцежка стала адным з турыстычных брэндаў раёна. Выканаўчая і прадстаўнічая ўлады і адалей будуць аказваць дапамогу тым, хто хоча заняцца прыватнай справай. Нагадаю, што развіццю аграрнага турызму паспрыяў Указ кіраўніка дзяржавы «Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь»