У сядзібе Агінскага прайшоў традыцыйны фестываль «Залессе запрашае сяброў»
Тысячы наведвальнікаў сабраў у адноўленай Залескай сядзібе Агінскага традыцыйны фестываль-кірмаш “Залессе запрашае сяброў”. Сёлета свята прайшло з небывалым размахам, бо гасцей запрашалі “На дажынкі да Міхала”. 
Пачалося свята з шэсця жней з сярпамі вакольных вёсак. Ля галоўнага ўваходу ў маёнтак сустракаў іх гаспадар Міхал Клеафас Агінскі.
Здзіўлянак і забаўлянак тут было багата. Уздоўж ліпавай алеі расцягнуўся "Горад майстроў". Найбольш пакупнікоў цікавілі рэчы з выявамі Залесся: сувеніры, вырабленыя ў школьнай бізнес-кампаніі, мясцовымі рамеснікамі і майстрамі з Дома рамёстваў, разабралі ў адзін момант. Госці аглядалі падворкі, якія, як і ў мінулыя гады, прадставілі мясцовыя вёскі, вуліцы Залесся і ўстановы сельсавета.
Сапраўды цікавым на сёлетнім свяце стаў раённы конкурс “Уладар сяла”. Спрытна маладыя гаспадары запрагалі каня, секлі і пілавалі дровы і нават успомнілі даўно забытае – насілі ваду на каромысле? На гэты раз перамагла сям’я Алены і Дзмітрыя Місураў, працаўнікоў СПК “Ракаўцы”.
– Фэст-кірмаш “Залессе запрашае сяброў” традыцыйны, – падсумавала вынікі свята старшыня мясцовага дабрачыннага фонду “Паўночныя Афіны Міхала Клеафаса Агінскага” Ала Шыцікава. – Пачыналі праводзіць фэсты ў рамках грамадскай ініцыятывы. Ужо трэці год арганізатарам з’яўляецца разам з нашым фондам і Смаргонскі райвыканкам.