Вандроўка ў этнаказку
Дзе сёння можна падарожнічаць у «кампаніі» з казачнымі гномамі? І якія маршруты прапануе турыстам легендарны Бялун? Польскія і беларускія журналісты накіраваліся ў прэс-тур па Сувальшчыне і Гродзеншчыне, каб даведацца аб цікавінках праекта «Вандроўка ў этнаказку».
Сувальшчына: казачны шлях
Сувальшчына — не самы развіты эканамічна рэгіён Польшчы. Тут няшмат буйных прадпрыемстваў, і стаўку робяць найперш на турызм. Штогод, паводле інфармацыі дырэктара Сувалкскай агратурыстычнай палаты Эльжбеты НЯДЗЕЙКА, сустракаюць каля 300 тысяч гасцей, да паслуг якіх вялікая колькасць аграсядзіб, атэляў, кавярняў і іншых аб’ектаў сэрвісу. «Раскрутку» сваіх прыродных і гісторыка-культурных славутасцяў праводзяць дзякуючы фінансаванню па шэрагу еўрапейскіх праграм, а таксама сучасных турыстычных тэхналогіях.
Напрыклад, «другое жыццё» атрымала створаная каля 100 гадоў таму Вігерская вузкакалейная чыгунка. Яна ўжо не мае гаспадарчага значэння, але затое служыць тысячам аматараў экалагічнага, краязнаўчага адпачынку, якія з задавальненнем вандруюць па Вігерскім нацыянальным парку ў спецыяльных вагончыках — з прыпынкамі ў найпрыгажэйшых мясцінах. Можа, гэтым вопытам скарыстаемся і мы? Вузкакалейкі ёсць і, напэўна, іх можна задзейнічаць не толькі для перавозкі торфу.
Альбо такая «фішка» — картка члена інтэрнэт-клуба шукальнікаў прыгод на Сувальшчыне. Прапануецца інтэрнэт-гульня, заснаваная на карце, гісторыі гэтага рэгіёна. Дайшоў, дапусцім, да пятага ўзроўню, а далей, каб пашырыць свае веды пра Сувальшчыну, павінен туды прыехаць.
А вось як папулярызуецца сямейны адпачынак. Турыстам выдаецца прывітальны пакет з даведнікам аб цікавых аб’ектах рэгіёна і пашпарт вандроўніка, дзе ўказаны гэтыя месцы. Усюды па маршруце вандроўкі ёсць пункт, дзе ў пашпарце прастаўляецца пячатка — арыгінальная для кожнага аб’екта. Пры гэтым спецыяльна для дзяцей пазначаны мясціны, наведванне якіх спалучаецца з нейкімі забавамі, загадкамі. Пабываў там — на памяць узнагарода, звязаная з гісторыяй краю. Для самых маленькіх вандроўнікаў гэта прыгожы дамок з постацямі герояў аповесці ўраджэнкі Сувалак, пісьменніцы Марыі Канапніцкай «Пра гномаў і сіротку Марысю», для старэйшых — кніга яе казак. Як удзячнасць госцю за знаёмства з рэгіёнам і, разам з тым, знак павагі да сваёй знакамітай зямлячкі.
Дарэчы, менавіта творы Марыі Канапніцкай сталі «падмуркам» польскай часткі праекта «Вандроўка ў этнаказку». Яна так і называецца — «Казачны шлях», які аб’ядноўвае 7 вёсак у ваколіцах Сувалак. У кожнай — свая тэма паводле творчасці Марыі Канапніцкай і мясцовых паданняў. Дзецям прапануюць у гульнявой форме азнаёміцца з гісторыяй продкаў мясцовых жыхароў — яцвягаў, элементамі іх побыту, з дарамі навакольных лясоў і тутэйшымі прадстаўнікамі жывёльнага свету, а таксама быццам самім прайсці ўслед за казачнымі персанажамі. Самыя паважаныя сярод іх — добрыя гномы, якіх, калі зацікавішся, абавязкова сустрэнеш на сваім «казачным шляху». Але можна ўбачыць і… пацука. Менавіта ён, паводле казкі Марыі Канапніцкай пра хлопчыка Петрыка, краў у сялян збожжа. І, прайшоўшы казачным маршрутам, гэтага злодзея можна ўбачыць. Толькі і розніца з уражаннямі Петрыка, што не трэба пужацца, бо пацук… драўляны.
Для дзяцей, якія вандруюць па маршрутах «Казачнага шляху» на Сувальшчыне, падрыхтаваны анімацыйныя праграмы і падарункі (напрыклад, шапка гнома). А побач ствараюцца і ўмовы для адпачынку дарослых — аграсядзібы і палатачныя пляцоўкі, байдаркі для сплаваў па тутэйшых вадаёмах і тэнісныя корты…
Гродзеншчына: гасцінцамі Белуна
Такую назва атрымала беларуская частка праекта «Вандроўка ў этнаказку». Бялун ва ўсходнеславянскай міфалогіі — гэта бог удачы, багацця і шчасця, які лічыцца апекуном вандроўнікаў. Так бы мовіць, «Без Белуна, што ў цёмным лесе…».
— У Беларусі шмат магчымасцяў прапанаваць турыстам розныя «куткі» гісторыі, культуры і прыроды. У рамках «Вандроўкі ў этнаказку» мы, фарміруючы новыя турыстычныя маршруты, і для сябе быццам нанова адкрывалі нашу краіну, — кажа кіраўнік праекта, дацэнт кафедры турызму і культурнай спадчыны ГрДУ імя Я. Купалы Віталь КАРНЯЛЮК.
Праект дапамог універсітэту арганізаваць вучэбны цэнтр этнічнага турызму, які скіраваны на навукова-даследчую дзейнасць студэнтаў і выкладчыкаў. Стварылі сайт этнатурыстычных рэсурсаў Гродзеншчыны і Сувальшчыны (
А прачытаўшы пра рамеснікаў, можна не толькі ўбачыць іх за працай, але і самому павучыцца прасці, ткаць, вязаць, вышываць, рабіць валёнкі, пісанкі…
Адзін з аб’ектаў маршруту «Гасцінцамі Белуна» — гродзенская гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага. Тут знаходзіцца адзіны на постсавецкай прасторы музей, які прысвечаны знакамітаму філолагу, мовазнаўцу, аўтару кнігі «Беларусы». А цяпер яшчэ за сродкі праекта створана інфармацыйна-выставачная зала. Такім чынам, маем аб’ект, які варты ўвагі не проста ў фармаце школы, але і павінен адчыніць дзверы для масавага турызму.
Новыя магчымасці для турызму з’яўляюцца і ў Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея на Мастоўшчыне. Журналісты там не толькі азнаёміліся з экспазіцыяй, але і атрымалі майстар-клас па ткацтве, а таксама сертыфікат аб паспяховай здачы іспытаў па вясковым побыце, кавальскай справе, пляценні вянкоў, гісторыі Гудзевічаў, спрыце і іншых практыкаваннях за подпісам самога Белуна. Дарэчы, наведванне гэтай вёскі і музея ўжо ўключана ў шэраг турыстычных маршрутаў з серыі «Гудзевічы +», што створаны ў межах праекта «Вандроўка ў этнаказку». Сярод іх — «Цуд народнага мастацтва», «Гасцінцамі Белуна», «Сотні гадоў разам: слядамі яўрэйскай культуры», «Шляхамі драўлянага дойлідства». Праўда, рэканструкцыя музея не завершана і яшчэ патрабуе нямала сродкаў. Бюджэтных ці, можа, дзякуючы іншым міжнародным праектам?
Цікавы турыстычны прадукт ёсць. Што далей?
Прэс-тур паказаў, што «Вандроўка ў этнаказку» можа быць вельмі захапляльнай і пазнавальнай — з дастойнай анімацыяй, калі турыст не проста назірае, а ўдзельнічае ў нейкім цікавым дзействе. Справа цяпер за галоўным: зрабіць гэты турыстычны прадукт як мага больш даступным найперш для жыхароў трансгранічнага рэгіёна, ды і, магчыма, не толькі іх. Наладзіць супрацоўніцтва ў гэтым кірунку паміж беларускімі і польскімі турфірмамі, прадумаць найбольш спрыяльныя для вандроўнікаў варыянты вырашэння візавых пытанняў. Першыя «ластаўкі» ўжо ёсць. Напрыклад, з казачным шляхам на Сувальшчыне нядаўна пазнаёміліся некалькі груп дзяцей з Ваўкавыска. А польскія турысты — частыя госці на аб’екце маршрута «Гасцінцамі Белуна» ў Старых Васілішках на Шчучыншчыне — у доме-музеі Чэслава Немэна.
Ці возьмуцца за «раскрутку» маршрутаў «Вандроўкі ў этнаказку» нашы турфірмы, многія з якіх спецыялізуюцца на замежных курортах ды шоп-турах і пакуль яшчэ ніяк сябе не праявілі ва ўязным, пазнавальным турызме? Прыклад, пэўна, павінен паказаць рэгіянальны цэнтр турызму ГрДУ імя Я. Купалы — вядучага партнёра гэтага праекта.