Юныя мастакі малявалі мясціны Першай сусветнай
Ад 10 па 14 чэрвеня праходзіў раённы дзіцячы пленэр імя Нікадзіма Сілівановіча.
У ім прынялі ўдзел 18 чалавек – навучэнцы Вілейскай гімназіі №1 “Логас” і дзеці, якія займаюцца ў студыі выяўленчага мастацтва Эдуарда Мацюшонка.
Пленэр праходзіў у чацвёрты раз. Сёлета ён прысвячаўся 100-годдзю пачатку Першай сусветнай вайны. Над гэтай тэмай пераважна і працавалі юныя мастакі.
Першыя дні – у Вілейцы. У тым ліку, малявалі чыгуначны вакзал, куды ў 1915 годзе на агляд войскаў прыехаў імператар Мікалай II.
Яшчэ дзеці пабывалі на радзіме знакамітага земляка Нікадзіма Сілівановіча ў вёсцы Цынцавічы, на мемарыяльным комплексе “Памяці падзей Першай сусветнай вайны” ў Заброддзі, у Рускім Сяле і Смаргоні.
– Паглядзеўшы гэтыя месцы, дзе адбываліся баявыя дзеянні, яны павінны былі перадаць на паперы сваё ўспрыманне, – дзеліцца навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Надзея Аўдзей.
Дзеці стварылі больш за сотню прац. Іх можна было пабачыць на ўрачыстым закрыцці пленэру ў зале выстаў імя Сілівановіча. Падчас яго ўсе ўдзельнікі атрымалі дыпломы і падарункі. Фінансавую падтрымку пленэру аказаў райвыканкам і раённая арганізацыя “Беларускага фонду міра”.