Мікрафінансаванне: карысць або небяспека?
Патрабуецца рэгуляванне, але не праз забарону дзейнасці
Тэма мікрафінансавання стала вельмі моднай і папулярнай у нашай краіне. Сёння ёсць шмат нараканняў як на работу крэдытных кааператываў, так і камерцыйных мікрафінансавых арганізацый. А як жа? Навіны прыходзяць самыя супярэчлівыя. То ў Гродна двое хлопцаў арганізавалі таварыства з абмежаванай адказнасцю па выдачы пазык пад працэнты і сталі «выбіваць» грошы праз пагрозы. Аднойчы нават вывезлі чалавека на могілкі і прымусілі капаць сабе магілу. То адразу два крэдытныя кааператывы фактычна банкроцяцца і не выплачваюць грошай укладчыкам. Кіраўніцтва пры гэтым увогуле падазраюць у махлярстве.
Усе грошы — бізнесу?
Менавіта на такім фоне ствараецца прававая аснова для дзейнасці мікрафінансавых арганізацый у Беларусі. Пасля ўзгаднення ў Адміністрацыі Прэзідэнта праект нарматыўнага дакумента па пытаннях прававога рэгулявання прадастаўлення пазык і дзейнасці мікрафінансавых арганізацый атрымаў некалькі змяненняў. Напрыканцы мінулага месяца навацыі дакумента пералічыў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Дубкоў. Самае важнае — пераарыентацыя мікрафінансавых арганізацый на прадастаўленне пазык суб’ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, фізічным асобам, якія з’яўляюцца ўласнікамі маёмасці, заснавальнікамі (удзельнікамі), членамі камерцыйных арганізацый, а таксама пазык фізічным асобам, якія ажыццяўляюць рамесніцкую дзейнасць, дзейнасць у сферы аргаэкатурызму, вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі.
Цяпер МФА ў асноўным прадастаўляюць пазыкі на спажывецкія мэты. А пад мікрапазыкай будзе разумецца пазыка ў памеры да 15 тысяч базавых велічынь, а не 1,5 тысячы. Акрамя таго, мікрафінансавую дзейнасць змогуць ажыццяўляць толькі спажывецкія кааператывы, таварыствы ўзаемнага фінансавання, кааператывы другога ўзроўню, фонды, а таксама камерцыйныя арганізацыі, якія з’яўляюцца ламбардамі. Спажывецкія кааператывы не змогуць прадастаўляць пазыкі сваім членам на спажывецкія мэты.
Чым адрозніваюцца крэдытныя кааператывы?
На мінулым тыдні мікрафінансавыя арганізацыі «заварушыліся» і пачалі абмяркоўваць сітуацыю. «Пры ўсіх супярэчнасцях паслугамі МФА ў краіне карыстаюцца тысячы людзей. Адна з галоўных прычын, чаму яны па грошы ідуць да іх, а не ў банк, — прастата і зручнасць», — сцвярджае Алена Каляда, старшыня праўлення Рэспубліканскай асацыяцыі мікрафінансавых арганізацый. Па яе словах, галоўнае адрозненне кааператываў ад камерцыйных арганізацый — нацыянальны характар: «Тут звычайна няма замежных грошай. Калі мы ўспомнім пра гісторыю польскіх кааператываў, то ў 1990-я гады, калі быў вялікі адток капіталу з краіны, менавіта ашчадныя касы сталі той асновай, дзякуючы якой палякі не згубілі свае зберажэнні. І сёння вельмі ганарацца гэтым. А чым адрозніваецца польская сістэма крэдытных кааператываў ад беларускай? На момант зараджэння гэтай з’явы ў нашых суседзяў было прынята выразнае заканадаўства. Таму для палякаў гэта вельмі надзейны фінансавы інструмент».
Шчыра кажучы, паслугі кааператываў насамрэч карыстаюцца папулярнасцю. Аб гэтым гавораць лічбы, якія прыводзіць Алена Каляда: «У кааператывах, якія ўваходзяць у асацыяцыю, на 1 мая прынята 2 млрд рублёў. Выдадзена — 4 млрд. Такая вялікая розніца таму, што за 10 гадоў працы «Сталічны клуб узаемадапамогі» зарабіў пэўны прыбытак. І сёння мы маем магчымасць выдаваць пазыкі пенсіянерам не пад 10% у месяц, як усім, а пад 1%. Кааператыў з пачатку года выдаў каля 3 млрд рублёў. За 2013 год — 6,6 млрд. Бізнесу грошы выдае асобны кааператыў — «Сталічны клуб бізнесу».
Што думаюць заёмшчыкі і ўкладчыкі?
Адзін з падманутых укладчыкаў Сяргей Радкевіч паведаміў гісторыю свайго знаёмства з мікрафінансавымі структурамі. «Першы раз сустрэўся з гэтым кааператывам на выставе. Гаваркі малады чалавек пакінуў прыемнае ўражанне. Пасля я схадзіў у офіс, паглядзеў дагавор. Аднак у ім былі граматычныя памылкі, што шмат аб чым гаворыць. Тады я рэціраваўся. Прыйшоў у іншы кааператыў. Усё было спакойна і без пафасу. Узнік давер — і я асмеліўся на размяшчэнне ўкладу. І застаўся задаволены. Праз тры месяцы атрымаў прыбытак і пакінуў грошы на яшчэ адзін тэрмін. У наступны раз у мяне грошы ўжо не прынялі, бо «не было магчымасці і неабходнасці». А гэта гаворыць аб адказным стаўленні да сваіх абавязацельстваў. І вось тады я зрабіў памылку — зноў пайшоў у той «дзіўны» кааператыў. Грошы мне дагэтуль не вярнулі. На сквапнасці чалавека вельмі ўмела гуляюць. Лічу, што вінаваты ва ўсім толькі я сам. Нельга ўсё звальваць у адну кучу, казаць, што ўсе яны там ліхвяры, махляры. Усё залежыць ад людзей. Можна любую добрую ідэю давесці да абсурду, але гэта не падстава яе забараняць. Колькі ў нас падманутых дольшчыкаў у долевым будаўніцтве — давайце тады перастанем будаваць жыллё. А колькі прадаецца нясвежых прадуктаў — давайце ўсе крамы пазакрываем».
Цяжка не пагадзіцца, што проста закрыць усіх — не выйсце. Алена Каляда не разумее, чаму спажыўца паслуг хочуць пазбавіць права выбару? «Сёння ў пенсіянера, інваліда, простага рабочага ёсць хаця б нейкая альтэрнатыва. Калі чалавеку патрэбна 200-300 тысяч рублёў да зарплаты ці пенсіі, ён не пойдзе ў банк, тым больш, што там такія маленькія сумы не выдаюць».
Андрэй Марчанка, заёмшчык, пенсіянер па інваліднасці, пацвярджае гэты тэзіс: «Я неаднаразова звяртаўся ў банкі, але там мне ніхто не хацеў дапамагаць. А ў кааператыве мне дапамаглі з грашыма не толькі на лекі, але і на адзенне».
Не можа быць, каб ва ўсіх было, а ў нас не
Алег Бялячыц, дырэктар СК «Таварыства ўзаемнага крэдытавання «Сталічны клуб бізнесу»прытрымліваецца такой думкі: «Калі правесці паралель паміж фінансавым рынкам і гандлем, то сітуацыю можна ўявіць так: прапануюць закрыць у краіне ўсе маленькія крамкі і пакінуць толькі супер- і гіпермаркеты, бо там тавар таннейшы, а гэтым крамкам прапануецца заняцца аптовымі пастаўкамі для прадпрыемстваў, бо прадпрыемствы павінны развівацца».
Дарэчы, ён лічыць, што працэнтныя стаўкі ў памеры 2-4% і нават 1% у дзень — не нармальна. «Але, па-першае, існуюць арганізацыі, якія прапануюць прымальныя стаўкі; па-другое, з развіццём рынку, у выніку канкурэнцыі ўсе будуць вымушаны знізіць стаўкі. Больш за тое, як прапаноўвалася праектам указа Прэзідэнта, будуць прадастаўлены паўнамоцтвы Нацбанку для таго, каб урэгуляваць усе пытанні — абмежаваць стаўкі, запатрабаваць элементарную справаздачнасць, каб прадухіліць стварэнне фінансавых пірамід і гэтак далей». На думку Алега Бялячыца, у выпадку прыняцця ўказа ў апошняй рэдакцыі нас чакае сыход мікрафінансавання ў цень, рост працэнтных ставак на чорным рынку і да таго падобнае. «Паколькі не можа такога быць, што ва ўсім свеце і ў нашых суседзяў існуе крэдытная кааперацыя і мікрафінансаванне, а ў нас няма, — гаворыць ён, — то рана ці позна прыйдзецца фінансавы рынак адкрыць і яго тут жа захопяць тыя, хто гэтым займаўся шмат гадоў, — у першую чаргу расіяне, у меншай ступені ўкраінцы і літоўцы. І ўвесь прыбытак, атрыманы на гэтым рынку ў Беларусі, будзе ісці за мяжу, а мы будзем лямантаваць, што ў нас не хапае грошай».
З развіццём мікрафінансавання прадпрымальнікаў таксама не ўсё так проста. «Па-першае, для іх крэдытавання неабходны танныя грошы. Яны ёсць у дзяржавы і банкаў. У апошніх гэта звязана з тым, што яны ажыццяўляюць разліковае абслугоўванне (значыць, у іх знаходзяцца грошы, за якія не трэба плаціць). Акрамя таго, банкі могуць браць грошы ў Нацбанка. Па-другое, фінансаванне прадпрымальнікаў мае нашмат больш высокія рызыкі, чым пры працы з фізасобамі. Таму тыя, хто працаваў з грамадзянамі, не будзе працаваць з прадпрымальнікамі. А па-трэцяе, для фінансавання прадпрымальнікаў неабходны буйныя сумы грошай. Давайце падлічым: прапаноўвалася ўвесці мінімальны статутны фонд у памеры 100 тысяч долараў (каля 1 мільярда рублёў). Сярэдняя сума пазыкі прадпрымальнікам складае 100 млн рублёў. Атрымліваецца, што можна выдаць толькі 10 пазык. 3-4 неплацельшчыкі — і арганізацыя акажацца на мяжы банкруцтва. Як паказвае беларускі і замежны вопыт, менавіта на базе арганізацый, якія фінансуюць фізасоб, з часам з’яўляюцца структуры, якія працуюць з прадпрымальнікамі», — упэўнены Алег Бялячыц.