У ліпені ізноў праплывуць “Шляхам Тышкевіча”. Экспедыцыя стартуе з Вілейкі

07.06.2014 15:38Views:
images-cms-image-000024359Экспедыцыя па Віліі “Шляхам Канстанціна Тышкевіча-2014” пройдзе з 3 па 16 ліпеня. Стартуе яна з Вілейкі. Гэта ўжо восьмая падобная экспедыцыя. Летась у ёй удзельнічала каля 60-ці чалавек. Прайшла яна па маршруце “Вілейка-Быстрыца” (гэта вёска ля мяжы з Літвой).

– Сёлета ёсць жаданне даплыць да Вільні, – кажа кіраўнік экспедыцыі Міхаіл Петух. – Плануем, што па Беларусі вандроўка зойме 9-10 дзён, а астатнія дні – па Літве. Той з удзельнікаў, хто мяркуе даплыць да Вільні, мусіць сам паклапаціцца пра візу.

На працягу экспедыцыі запланаваны экскурсіі па цікавых месцах, сустрэчы з бардамі, наведванне музеяў.
– План руху падрыхтуем пасля таго, як стане вядома колькасць удзельнікаў і склад экспедыцыі, – дадае Міхаіл Петух. – Бо калі больш моладзі будзе, то ім адно цікава, а больш сталым людзям – іншае.

Таксама мяркуюць правесці даследаванні складу і якасці рачной вады і вады ў крыніцах па берагах.

Далучыцца да экспедыцыі могуць усе ахвотныя, на любым участку. Для ўдзелу неабходна зарэгістравацца. Інфармацыя наконт экспедыцыі абнаўляецца на сайце http://vedzen.narod.ru. Таксама яе можна атрымаць у Міхаіла Петуха: маб. тэл. +375 29 9610603, электронная скрыня mpetuh@yandex.ru.

Алесь Высоцкі, "РГ"
Даведка “РГ”

Першая экспедыцыя “Шляхам Тышкевіча” прайшла ў 2007 годзе. Яе прымеркавалі да 150-годдзя вядомага падарожжа па Віліі краязнаўцы графа Канстанціна Тышкевіча. Вандроўнікі прайшлі па слядах экспедыцыі графа Тышкевіча ад вытокаў Віліі да зліцця з Нёманам. Арганізатарамі і ўдзельнікамі сталі літоўскія і беларускія навукоўцы, краязнаўцы і турысты.

Каментаваць