Рука ў руцэ
Розныя бываюць вяселлі. Некаторым парам для поўнага шчасця патрэбны лімузін, сукенка з Галандыі і зала, упрыгожаная па апошняй модзе. Вось толькі нярэдка бывае, што сямейнае шчасце вяселлем і заканчваецца. А іншыя будуць задаволены самымі сціплымі ўборамі і пярсцёнкамі, невялічкім застоллем з самымі блізкімі, і гэтак жа шчасліва, як святкавалі, пражывуць разам многа гадоў. Усё часцей распадаюцца сем’і. А як радасна глядзець на пары, якія за многа гадоў побач адзін з адным не згубілі ўзаемапавагу, каханне і юнацкі бляск у вачах.
Пяцьдзясят гадоў пражылі разам Яніна і Мікалай Мейсакі. Хапіла гэтай сям’і цяжкасцей, але нікому з іх не давялося спраўляцца з імі ў адзіноце, заўсёды побач быў родны чалавек, на якога можна абаперціся.
Залатыя юбіляры ахвотна ўспамінаюць сваё вяселле, першыя гады разам. “Была я нехарошая, і ёсць нехарошая!” – з гарэзлівай смяшынкай паглядае на мужа Яніна Антонаўна. А Мікалай Сцяпанавіч з пяшчотай азіраецца на жонку: “Добрая ты ў мяне, самая лепшая”. І працягвае размову: “Убачыў я яе, а яна, як лялечка. Ведаеце, у магазіне прадаюцца такія. Я сваю Яню 27 гадоў шукаў! І не мог не закахацца”. А пазнаёміліся нашы героі на вяселлі, дзе былі шаферамі. Тое вяселле гулялі ў лютым, а ўжо ў маі пажаніліся самі. Яніна жыла ў Быстрыцы, што ў Астравецкім раёне, Мікалай – у Зарудзічах. І вяселле, як належыць, гулялі на дзве вёскі. У Быстрыцы тады нават святла не было, святкавалі пры газнічках. Музыкі вельмі ўжо хораша гралі, ногі самі танцаваць ішлі! І рамантычнага вясельнага настрою не псавала нават тое, што сукенка ў нявесты была пазычаная, фату, праўда, мама купіла. Не сукенка ж галоўнае!
Сумеснае жыццё пачыналі літаральна з нуля. І нікому ў галаву не прыйшло папракнуць адзін аднаго. Расказвае Мікалай Сцяпанавіч: “Я быў бедны, яна таксама. Мой бацька з вайны не вярнуўся, і яе — загінуў. Маці Яніны гадавала маленькіх дзяцей ад другога шлюбу, мая маці ўжо старэнькая была, таксама не мела, чым дапамагчы”. І маладыя пачалі сваімі рукамі будаваць свой лёс. Спачатку жылі ў маленечкай хатцы тры на чатыры метры разам са свякроўю. Там і сынок нарадзіўся. Цесна было, але сварыцца – не дай Бог! Яніна Антонаўна з цеплынёй успамінае свякроў: “Добрая жанчына была. Шкада толькі, што пажыла з намі мала – усяго 12 гадоў”.
Самі будавалі дом, гадавалі дзетак. Яніна Антонаўна прызнаецца, што з мужам вельмі пашчасціла: нягледзячы на тое, што быў заняты на працы і на будоўлі, ніколі не адмовіў у дапамозе. І ноччу ўставаў да маленькіх гарэзнікаў, і пераапрануць іх мог, і пакарміць.
А праз 50 гадоў згулялі другое вяселле – залатое. Павянчаліся ў царкве. Не планавалі асаблівых святкаванняў, але дзеці зрабілі сюрпрыз: запрасілі гасцей, музыкантаў. Дзянёк быў, як па заказе: ясны, сонечны. Нагуляліся і натанцаваліся ўволю. І прадаўжаецца па-ранейшаму – рука ў руцэ.