Музейны ўнікат
Сёлета спаўняецца 100 гадоў з пачатку Першай сусветнай вайны. Гэта дата — яшчэ адзін повад і прычына пераасэнсаваць сутнасць гістарычнага развіцця нашай цывілізацыі. Смаргоншчына — месца, дзе па сённяшні дзень захаваліся так званыя рарытэты тых падзей, таму што гэта тэрыторыя была лініяй супрацьстаяння на працягу некалькіх гадоў вайны. Літаральна ў кожным музеі ці школьным музейным пакойчыку можна пабачыць скруткі калючага дроту, гільзы ад снарадаў і патронаў, зброю і рэшткі амуніцыі тых часоў.
Мяне, як журналіста, зацікавіла іншае. У школьным музеі СШ №3 на стэндзе пад шклом я ўбачыла некалькі экзэмпляраў “Петербургской газеты” за 1913 і 1916 гады. Калі больш дакладна, то ў 1916 годзе выданне ўжо называлася “Петроградская газета”. Кіраўнік музея і настаўніца гісторыі Ларыса Багдасар’ян, заўважыўшы маю цікаўнасць, прыязна дазволіла не проста дакрануцца да экспанатаў, але і пагартаць іх. Ад Ларысы Уладзіміраўны даведалася, што гэтыя экзэмпляры газет трапілі ў школьны музей дзякуючы настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ліне Любкінай, якая была жонкай вайскоўца і, па яе словах, мела дваранскія карані.
Што найперш уразіла — гэта вялікая колькасць фотаілюстрацый, карыкатурных малюнкаў і вельмі сціплыя каментары, адсутнасць вялізных артыкулаў і нават сярэдняга памеру заметак. Тэксты вельмі сціслыя, але даволі трапныя і насычаныя інфармацыяй, без усялякай лірыкі. І гэта нягледзячы на тое, што пад цітульнікам пазначана: “Ежедневная политическая и литературная газета». Дык пра што і як паведамлялі журналісты мінулага стагоддзя ў гэтым выданні, якое выдавалася напярэдадні і ў час імперыялістычнай вайны?
Год 1913, яшчэ быццам нішто не прадракае небяспекі. Кастрычніцкі нумар распачынаецца вялікім фотаздымкам (на ўсю паласу!) і паведамленнем пра няўдалую экспедыцыю па ваду гарадскіх грамадскіх дзеячаў. Экспедыцыя была арганізавана так званай гарадской каналізацыйна-водаправоднай камісіяй у межах праекта Ладажскага водаправода. Але дрэннае надвор’е і вялікія хвалі на возеры перашкодзілі ўдзельнікам вандроўкі і, як піша газета, “экспедыцыя ператварылася ў забаўляльны пікнік”. На другой старонцы бачым фотасправаздачу з майскіх (!) урачыстасцей з нагоды святкавання 300-годдзя Дома Раманавых, у тым ліку і момант закладкі помніка ў Кастраме. Тут жа здымкі іспытаў першага ў Расіі трактара, які карэспандэнт называе “плуг-аўтамабіль”.
Не абмінала газета і недахопы. У рубрыцы “Злободневные штрихи” злосная карыкатура на дрэнную праезную частку мастоў у Піцеры. Удзялялі ўвагу газетчыкі і міжнароднай тэматыцы. Напрыклад, ёсць паведамленні аб крушэнні цягніка ў тунэлі Ліверпуля, пажары на параходзе “Валтурна”, катастрафічных падзеях у вугальных шахтах Паўднёвага Уэльса.
Пра тое, што ў паветры ўжо адчуваецца пах пораху і ваеннай небяспекі, можна меркаваць хіба што па адзінкавых паведамленнях накшталт навіны аб падарожжы да французскіх берагоў рускай эскадры крэйсераў і браненосцаў. А ў той жа час расійскія пасажыры жаляцца на холад у чыгуначных вагонах, на дрэнныя дарогі, хворыя — на праблемы са шпіталізацыяй, на некампетэнтнасць фармацэўтаў.
Зусім іншая накіраванасць прэсы ў ваенны час. На першы план выходзяць ваенныя падзеі, навіны з франтоў, прычым не толькі расійскіх. Так, у нумары 64 за 1916 год распавядаецца аб высадцы французскіх войскаў на Галіпольскі паўвостраў у Эгейскім моры, аб бітве ў Пакардзіі, дзе прайшлі выпрабаванні новыя ўзоры французскай цяжкай артылерыі. Матэрыялы суправаджаюцца ілюстрацыямі, дзе фотакартачкі, а дзе і малюнкі, але вельмі дакладныя. А вось №20 “Петроградской газеты”, прысвечаны геройскай абароне Вердэна, распачынаецца партрэтам славутага генерала Жозэфа Жак-Цэзара Жоффра.У сувязі з гэтым хачу нагадаць, што нашу Смаргонь іншы раз называюць беларускім Вердэнам. З гэтага нумара даведваемся, што рускія ваявалі і ў Турцыі. Да “казачнага Багдада” мікалаеўская армія рухалася з боку Персіі, з поўдня наступалі англічане. Асобныя фотакарткі ілюструюць падзеі ў Альпах і на моры. Збітыя і абгарэлыя нямецкія дырыжаблі, варонкі ад узрываў бомбаў, палаючыя крэйсеры… Гэта газетны партрэт вайны.
Іншая і карыкатура. Гэта сарказм на банкаўскіх работнікаў і на гандляроў, якія, на думку рэдакцыйнай калегіі, нажываюцца на вайне ў той час, калі народ пакутуе ў катастрафічным становішчы. Магчыма, яны і мелі рацыю, але не трэба забываць, што сапраўдны падпальшчык вайны заўжды добра хаваецца. І толькі таму, хто ўмее чытаць між радкоў і аналізаваць тое, што ў радках, адкрываецца сутнасць любога ваеннага канфлікту. Сутнасць подлая і хцівая.