Дапаможнік для гаспадынь

01.05.2014 17:41Views:
kuhniaЖанчыны ва ўсе часы цікавіліся кулінарыяй, памяталі рэцэпты сваіх мам, бабуль. Напэўна, так будзе працягвацца заўсёды. Але ці ведаем мы сёння, якія стравы гатавалі нашы далёкія продкі, якую гісторыю мае, да прыкладу, беларускі нацыянальны напой збіцень і як правільна падсмажыць дранікі? Думаю, не.

Цяпер ёсць выдатная нагода і магчымасць даведацца пра шмат адметных рыс нашай кухні. У выдавецтве “Галіяфы” пабачыла свет кніга вядомага кулінара, гісторыка кухні Алены Мікульчык “Лепшыя стравы беларускай кухні”. Прэзентацыя яскравага дапаможніка для гаспадынь прайшла ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

Кніга мае некалькі рыс, якія вылучаюць яе ў шэрагу падобных выданняў. Па-першае, расповед пра кожную страву распачынаецца невялікім падарожжам у гісторыю. Аўтарка апавядае, чаму страва атрымала менавіта такую назву, як гатавалі яе нашы продкі, а ўжо потым прыводзіць рэцэпт і тэхналогію прыгатавання. Па-другое, сам працэс гатавання апісваецца дакладна і падрабязна, каб нават непадрыхтаваная гаспадыня змагла парадаваць хатніх стравай беларускай нацыянальнай кухні. Па-трэцяе, прадукты, з якіх прапаноўваецца гатаваць, — досыць танныя, яны вырошчваюцца ў нашай краіне. І гэта лагічна, бо гаворка ідзе пра беларускую кухню. Па-чацвёртае, выданне багата ілюстраванае, прыгожае, яго проста прыемна гартаць. А патэнцыяльную яшчэ больш шырокай аўдыторыю выданню робіць тая акалічнасць, што яго тэкст прадстаўлены на дзвюх мовах — рускай і англійскай.

— У працэсе працы над кнігай я спецыяльна гатавала па 10-15 страў на дзень, мы ўсё гэта прыгожа выкладвалі на талеркі, упрыгожвалі і фатаграфавалі — каб было смачна нават на фотаздымку, — распавяла Алена Мікульчык. — Потым разам з дзяўчатамі-фатографамі елі! Дарэчы, падчас такога актыўнага ўжывання страў беларускай кухні мы не дабавілі вагі, а, наадварот, пахудзелі. Такім чынам, развеялі міф пра тое, што стравы беларускай кухні надта тлустыя. Насамрэч яны вельмі карысныя і… садзейнічаюць пахудзенню, трэба толькі ведаць, што і ў які час дня есці.

У аснову кнігі леглі ўласныя даследаванні аўтаркі, а гісторыяй беларускай кухні Алена Мікульчык займаецца каля 15 гадоў. Даследчыца працуе са старымі кнігамі, ладзіць кулінарныя экспедыцыі ў розныя куткі Беларусі. За гэты час назапашана багата матэрыялаў, таму нават не выпадае і сумнявацца ў тым, што прадстаўленыя на старонках новай кнігі стравы — сапраўды самыя лепшыя. Мо проста таму, што яны нашы, беларускія?

Марына ВЕСЯЛУХА,
Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 25.04.14 г.
На фота: Алена Мікульчык прадстаўляе сваю кнігу “Лепшыя стравы беларускай кухні”.
Фота Наталі Купрэвіч

Каментаваць