Настаўнік і вучань

11.04.2014 21:26Views:
300x168Па ўзросту яны ці не аднагодкі, але Аляксандр Рашэтнікаў упарта называе вядомага творца Яўгена Ждана сваім настаўнікам. У сваю чаргу Яўген Іванавіч сціпла аспрэчвае, што ён толькі крыху падкарэкціраваў тое, што дадзена прыродай для багатай скарбонкі талентаў яго сябра. А наколькі яны абодва таленавітыя і розныя ў сваіх густах і схільнасцях, могуць меркаваць наведвальнікі выставы, якая адкрылася на мінулым тыдні ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі. 

Яўген Ждан – прызнаны майстар, мастак-пастаноўшчык, вядомы сваімі афармленнямі інтэр’еру сцэны для многіх спектакляў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, а таксама Беларускага музычнага тэатра, дзе доўгі час працаваў мастаком-афарміцелем. Ён лаўрэат шматлікіх усесаюзных і міжнародных конкурсаў. Адным з першых быў удастоены прэстыжнай прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Вядомы Яўген Іванавіч і як аўтар цікавага цыклу ікон “Беларускія святыя”, большасць якіх перададзены ў Нясвіжскі праваслаўны храм. На смаргонскай выставе прадстаўлены графічныя і жывапісныя работы майстра, эскізы сцэнічных касцюмаў для розных спектакляў. У падарунак Смаргоншчыне мастак пакінуў графічны партрэт Францыска Скарыны.

Аляксандр Рашэтнікаў маляваць пачаў дзесяць гадоў таму. Яго творчасць належыць да так званага стылю прымітывізму або наіўнага мастацтва з прынцыповым адмаўленнем ад нормаў мастацкай культуры. Па словах Я. Ждана, найлепшай акадэміяй для яго калегі стала прырода, якая сваёй першазданнасцю і гармоніяй натхняе на стварэнне карцін, не сапсаваных цывілізацыяй і патрабаваннямі канонаў выяўленчага мастацтва. Цяпер Аляксандр Іванавіч з’яўляецца дырэктарам культурна-асветніцкага цэнтра, які створаны на базе яго аграсядзібы “У Іванавіча” ў вёсцы Павязынь, недалёка ад славутай Купалаўскай малой радзімы — Вязынкі.

На ўрачыстым адкрыцці выставы прысутнічаў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко, прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, "Светлы шлях"
Фота аўтара

Каментаваць