Вандроўкі па лабірынтах памяці з Міхасём Казлоўскім
Добры падарунак атрымалі прыхільнікі творчасці пісьменніка, краязнаўца Міхася Казлоўскага: нядаўна выйшла яго чарговая, шостая па ліку, кніга «Бацькаўшчыны светлае крыло». Як і большасць сваіх папярэдніх твораў, аўтар напісаў яе ад першай асобы, бо заўсёды атаясамлівае сябе з падзеямі, пра якія распавядае, імкнецца выказаць уласныя пачуцці ў адносінах да сваіх герояў.
Асабліва да месца аўтарскае «я» ў эсэ пра родную вёску «Мае Быкі — мая радзіма». Гэты твор, які пісьменнік называе споведдзю душы, змешчаны ў першым раздзеле кнігі «Вандроўкі па лабірынтах памяці» і вылучаецца асаблівай танальнасцю. Тут і настальгія па далёкім дзяцінстве і маладосці, па той яшчэ не састарэлай вёсцы, якая звінела дзіцячымі галасамі, косамі на сенажаці і пахла сырадоем, у якой па вечарах круцілі кіно для ўсіх – і малых, і старых. Тут і добры гумар, і каларытныя слоўцы, характэрныя для гэтай мясцовасці. Тут і трапна апісаныя вобразы аднавяскоўцаў, большасці з якіх, на вялікі жаль, ужо няма ў жывых… Колькі такіх вёсачак раскідана між лясоў і палёў нашай Беларусі!
У многіх людзей зашчыміць сэрца, калі яны прачытаюць пра Быкі і перанясуць у многім тыповую гісторыю на сваё роднае паселішча. Не дзіўна, што кніга толькі выйшла, а яе аўтар атрымаў ужо шмат добрых водгукаў ад сваіх сяброў як па пісьменніцкім цэху, так і па жыцці. Высока ацанілі яе народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, доктар філалагічных навук прафесар Вячаслаў Рагойша, пісьменнікі Віктар Шніп, Сяргей Панізнік, іншыя вядомыя беларускія літаратары. Радуючыся разам з аўтарам яго творчай удачы, не магла не пацікавіцца, як узнікла ідэя напісаць пра родную вёску і ці лёгка было яе ажыццявіць.
— Яшчэ ў маладосці засела ў маёй душы выказванне нашага земляка, доктара гістарычных навук Генадзя Аляксандравіча Каханоўскага, што пра кожную вёску можна напісаць калі не кнігу, то добры нарыс, — расказвае Міхась Міхайлавіч. — Унутраная патрэба напісаць пра свае Быкі, з 1966 года перайменаваныя ў Рабінавую, узнікла даўно, але, мабыць, трэба было дасягнуць пэўнай творчай сталасці, вопыту, каб выкласці на паперы свае ўспаміны, спалучыць іх з гістарычнымі звесткамі так, каб гэта было цікава шырокаму колу чытачоў.
— Давялося папрацаваць у архівах, адшукваючы цікавыя гістарычныя звесткі?
— Так, у Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва ў Мінску ўважліва вывучаў газету «Крыніца» за 1921 год. І ўдача напаткала мяне: у рубрыцы «Беларускае мучаніцтва» (29-ы нумар) былі пералічаны школы, якія закрылі польскія ўлады і дадзены спіс беларускіх настаўнікаў, звольненых за сваю прынцыповую беларускасць. Сярод іх аказалася і Быкоўская пачатковая школа, якая з 1919 года размяшчалася ў адной з сялянскіх хат. У газеце ўказвалася нават прозвішча настаўніцы – Соф’я Януковіч, якая мела за плячыма чатыры класы гімназіі і пасля закрыцця школы засталася беспрацоўнай.
— Можна парадавацца, што вы ўзгадалі яе ў сваёй кнізе, і гэта адметная старонка гісторыі Быкоў перастане быць толькі архіўным дакументам. Ды і наогул, я ўпэўнена, што многія вашы аднавяскоўцы адкрыюць для сябе новыя старонкі гісторыі паселішча, прачытаюць пра сябе, сваіх знаёмых, успомняць вашага мясцовага гумарыста Яську Кісліцкага.
— У кожнай вёсцы ёсць свой «дзед Шчукар». У нас такім быў дзядзька Яська. Як толькі ён з’яўляўся на вуліцы, адразу каля яго збіраліся людзі. Пра самыя звычайныя падзеі ён умеў з гумарам расказаць. Памятаю, як прызнаўся яму, што мне падабаецца есці хлеб з вадой. А ён з ухвалай: «Ай! Як гэта здорава!»
— У раздзеле «Мова і традыцыя» вы ўзгадваеце словы, выразы, характэрныя толькі для вашай мясцовасці…
— Жыхары Быкоў ніколі не гаварылі «любіць, робіць, ходзіць», а абмяжоўваліся як бы абсечаным варыянтам дзеясловаў: любя, ходзя, робя. Пустую бляшанку з-пад кансервы яны называлі кубарка, тхара – шашок, вялікага аматара жанчын – хабаль. Было яшчэ адметнае слоўца – огэрт, якое хутчэй за ўсё перайшло з польскай мовы і ў перакладзе азначала жарэбчык.
— Хто з вашых родных застаўся ў Быках?
— У бацькоўскай хаце, на жаль, жывуць чужыя людзі – так склаўся лёс. А самы блізкі для мяне чалавек – цётка Ніна, Ніна Філімонаўна Казлоўская, жонка майго стрыечнага дзядзькі Валодзі. Большасць цяперашніх жыхароў я не ведаю. Радуе, што вёска жыве, што дамы ў ёй купляюць, бо знаходзіцца яна непадалёк ад чыгункі.
— Міхась Міхайлавіч, нельга не сказаць і аб другой частцы вашай кнігі «Як слова ў думках адгукнецца»…
— У яе ўвайшлі рэцэнзіі, прадмовы да кніг, нататкі пра адметных людзей нашага краю – Язэпа Драздовіча, Пятра Бітэля, Максіма Танка, Ніла Гілевіча, Арсеня Ліса, Янку Галубовіча, Лідзію Гардынец і іншых. Усё, што сабрана пад вокладкай, цесна звязана з Маладзечаншчынай.
— Дзе можна купіць ці пачытаць вашу кнігу?
— У кнігарнях яна прадавацца не будзе, бо наклад зусім невялікі. А вось у цэнтральнай раённай бібліятэцы яе можна знайсці.
— Што б вы пажадалі ў новым годзе сябрам-літаратарам і самому сабе?
— Кожнаму творцу жадаю па кніжцы ў цвёрдай вокладцы не менш чым на дзвесце старонак. А для сябе скажу так: планаваць не трэба, трэба працаваць… Прыклад для мяне – беларускі селянін, якому давялося жыць пры цару, пры Польшчы, пры Саветах. «Як табе жылося?» — пыталіся ў яго. «Не вельмі! – адказваў ён. – Але трэба было працаваць!»