Літвінка
21 сакавіка сустракае свой годны жыццёвы юбілей вядомая на Смаргоншчыне і Ашмяншчыне краязнаўца, гісторык, перакладчыца Таццяна Кляшчонак. Гэта кароткае эсэ — падарунак рэдакцыі газеты “Светлы шлях” і паэткі Алы Клемянок шаноўнай юбілярцы.
Як жа гэта небяспечна мець уражлівае сэрца ў нашым меркантыльным свеце! Як гэта балюча пазнаваць рэчаіснасць праз расчараванні, вучыцца жыццю праз здрады, ісці сваім шляхам праз бясконцыя непаразуменні і супраціў самых блізкіх людзей. Як гэта страшна быць адзінокім у сваіх памкненнях! І якая гэта асалода адчуць аднойчы, што сам Усявышні дыхае табе ў патыліцу. Таму што толькі яму, Госпаду, вядома сапраўдная наша місія на Зямлі, і таму Ён ніколі не пакіне таго, каго абраў для выканання гэтай місіі.
Яе ўлюблёныя мясціны — Смаргоншчына, Ашмяншчына, Маладзечаншчына… Яны асацыіруюцца найперш з гістарычнай спадчынай Вялікага княства Літоўскага, з творамі Міхала Клеафаса Агінскага, з раманамі Збігнева Жакевіча. Пасля дзесяцігоддзяў і нават стагоддзяў занядбання, наўмыснага забыцця вяртаецца да нашчадкаў Вялікага княства іх колішняя слаўная гісторыя, адраджаецца памяць пра тых, хто зрабіў значныя ўнёскі ў сусветную культуру, сілкуючыся мясцовымі традыцыямі, натхняючыся маляўнічымі краявідамі, музыкай гэтай зямлі і неба, якое сканцэнтравалася ў мелодыях храмаў, палацаў, сялянскіх хацін. Таццяна Кляшчонак — толькі адзін, але вельмі важны звяз у ланцужку рупліўцаў, што пакрысе збіраюць, захоўваюць і папулярызуюць гісторыка-літаратурныя скарбы Віленшчыны, гэтай калыскі сапраўднай сучаснай беларушчыны.
Калі яна стала лаўрэатам конкурсу імя Ежы Гедройця, заснаванага Польскім інстытутам у Мінску, не ведала, што гэта толькі аванс. Бо яе чакала вялікая і няўдзячная праца — стаць першым перакладчыкам раманаў Збігнева Жакевіча на беларускую мову. З лёгкай рукі прафесара Адама Мальдзіса смаргонская настаўніца польскай мовы ўзялася за такую складаную работу. Было жаданне не проста расказаць пра гэтага пісьменніка і яго творы, а зрабіць даступнай і зразумелай для беларусаў яго знакамітую “Сагу Віленскую”. Нешта бясконца штурхала да пісьмовага стала, навязліва будзіла пасярод ночы. У заснежаных зімовых Граўжышках, напэўна, не адну ноч свяціліся яе вокны. Там здзяйснялася мара і адраджалася старадаўняя Беларусь — Літва, са сваімі адметнымі гукамі і пахамі нацыянальных святаў, забабонамі і легендамі, прымхамі і малітвамі. Там сама перакладчыца адчувала, як з глыбіні душы ўзнікаюць захаваныя на генным узроўні пачуцці, асацыяцыі, зусім іншыя катэгорыі ўспрыняцця рэчаіснасці.
Жыццё не шкадавала, падкідвала ўвесь час праблемы. Трэба было гадаваць дачку, затым унучку, падтрымаць старую маці, даглядаць хворага бацьку. Нейкі час працавала настаўніцай у польскай школе. Думкамі ж заўжды цягнулася да мілых сэрцу крэўскіх крутых горак, ашмянскіх пакатых пагоркаў і заліўных лугоў уздоўж Вяллі. Нябачны фантом Жакевіча неадступна суправаджаў яе па жыцці: то ўзнікаў выявай Бенніцкага касцёла Святой Тройцы, то клікаў шырокімі даляглядамі Паніжанаў, то выплываў гоманам Залескіх ліпавых прысадаў.
Таццяна Кляшчонак — чалавек Сусвету, хоць і з вельмі глыбокімі духоўнымі каранямі, моцна ўрослымі ў глебу старажытнай Літвы, той краіны, якую ўслаўлялі Адам Міцкевіч, Аляксандр Ходзька, Францішак Багушэвіч, пра адраджэнне якой у межах Вялікага княства Літоўскага марыў Міхал Клеафас Агінскі. Няхай збываюцца мары аб вяртанні гістарычнай памяці народу гэтай краіны, няхай яе творчасць будзе запатрабаванай — такое пажаданне юбілярцы ў дзень народзінаў.