Музыка Паўночных Афінаў
У 2015 годзе будзе адзначацца юбілей знакамітага палітыка і грамадскага дзеяча, музыкі і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага… Ёсць меркаванне, што пасля смерці чалавека не застанецца нічога… акрамя музыкі, якая будзе гучаць для іншых.
Палітычныя праекты гэтага чалавека скончыліся правалам, і ВКЛ не аднавілася на карце Еўропы, але музыка… Музыка пасля Агінскага засталася… Гучаць паланэзы!
9 сакавіка вядомы паланэз “Развітанне з Радзімай” загучаў ў адноўленай музычнай зале палаца Агінскіх у Залессі на Смаргоншчыне. Музычная зала была адрэстаўравана за грошы Еўрапейскай камісіі па праекце транспамежнага супрацоўніцтва, што Смаргонскі райвыканкам ажыццяўляе сумесна з дырэкцыяй Тракайскага нацыянальнага парку.
2 сакавіка музыка гучала ў палацы графа Юзафа Тышкевіча ў літоўскім Ужутракісе. Праз тыдзень аналагічны канцэрт адбыўся ў сядзібе Агінскага, ў беларускім Залессі.
На аднаўленне залы Еўракамісія выдаткавала больш двухсот тысяч долараў. Сродкі пайшлі на рэканструкцыю самога памяшкання, набыццё неабходнага абсталявання, афармленне інтэр’ераў... Хочацца верыць, што італьянскі канцэртны раяль у Паўночных Афінах не будзе стаяць без справы, а зала на дзевяноста месцаў будзе насамрэч запатрабаванай. І магчыма, адновіцца былая слава Паўночных Афінаў…
Сонечным веснавым днём падчас першага літаратурна-музычнага салону гукі цудоўнага інструмента напоўнілі залу дзякуючы таленавітай выканаўцы з Літвы Швесэ Чапляўскайтэ.
Артысты з Літвы спявалі і дэкламавалі вершы на розных мовах, а беларусы з “Гісторыкі” нагадалі сучаснікам пра танцавальную эпоху часоў Агінскага…Гасцямі Міхала ў гэты раз сталі яго даўнія і новыя сябры, людзі неабыякавыя да нашай культурнай спадчыны. Думаецца, музыка будзе і надалей гучаць у Залессі…
У дзень нараджэння кампазітара 25 верасня на сцэне адноўленай музычнай залы выступіць Нацыянальны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
Прагучаць і кампазіцыі Міхала Агінскага.
Адраджэнне – гэта тое, што вельмі патрэбна былым нашым шляхецкім маёнткам!