Навуковец з Брэста знайшоў у італьянскіх архівах невядомыя лісты, датычныя Міхала Клеафаса Агінскага
Навуковец з Брэста знайшоў у італьянскіх архівах невядомыя лісты, датычныя Міхала Клеафаса Агінскага. А ў Маскве - ягоныя партсігары. Пра гэта кандыдат гістарычных навук Леанід Несцярчук распавёў пад час прэзентацыі вынікаў працы ў архівах: «Я знайшоў у Нацыянальным архіве ў Фларэнцыі новыя матэрыялы аб адпяванні і пахаванні Міхала Клеафаса Агінскага. Яны яшчэ не былі ва ўжытку. У Маскве знайшоўся унікальны асабісты архіў Агінскага. Ён быў вывезены адсюль. Там усё – і партсігары, і асабістыя карціны».
Са словаў Леаніда Несцярчука, картка-спавешчанне пра смерць Агінскага напісана рукой дачкі палітыка і кампазітара і канчаткова фіксуе дату яго смерці 15 кастрычніка 1833 года. У архіве Ватыкана Несцярчуку ўдалося знайсці хадайніцтва дзеда кампазітара Францішка Агінскага да папы аб адкрыцці ў Мінску і Вільні езуіцкіх калегіумаў.
Леанід Несцярчук даследуе архівы дзеля напісання сваёй чарговай манаграфіі. Яна будзе прысвечаная Міхалу Клеафасу Агінскаму і мае выйсці ў 2015 годзе да 250-х угодкаў з дня яго народзінаў.
Сустрэча з Леанідам Несцярчуком прайшла ў Брэсцкай абласной бібліятэцы.
Нагадаем, Міхал Клеафас Агінскі, аўтар сусветна вядомых паланезаў, быў паслом Сойму Рэчы Паспалітай, удзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцтвам Касцюшкі. Пазней атрымаў ад расійскага цара дараванне і шматлікія пасады. Падаў цару праект аб узнаўленні Вялікага Княства Літоўскага. Паколькі яго дзейнасць на карысць радзімы не прынесла пладоў, выехаў у эміграцыю.