Не дзеля славы, а выключна для душы

09.03.2014 22:50Views:
mad_01-300x220А ўсё ж вельмі шкада, што страчана сёння добрая традыцыя, абвяшчаючы песню, называць яе аўтараў. Мусіць з-за таго, што многія тэксты сучасных песень не вытрымліваюць ніякай крытыкі ды і музыка прымітыўная, вось і хаваюць аўтарства выканаўцы, якія спадзяюцца выключна на свой аўтарытэт і на знешнюю “афарбоўку” такога твора. Праз гэта і добрыя песні сталі, мякка кажучы, сіротамі. І не ведаюць аматары папулярнай песеннай музыкі тых, хто яе стварае. Затое трывала ўвайшло ў моду абвяшчаць: “Песня з рэпертуару Пугачовай, Саладухі, Афанасьевай…” Вядомая беларуская спявачка Жаннет мае ў сваім рэпертуары “Лісоўскую песню”, якую напісала Марыя Будзько са Смаргоншчыны. На жаль, мала хто пра гэты факт ведае… 

Нарадзілася яна ў першы дзень Новага года. Сёлета сустрэла свой чарговы прыгожы юбілей. Які? Не буду называць проста таму, што гэта энергічная жанчына на яго не выглядае і, што самае важнае, не хоча ні выглядаць, ні адчуваць цяжару пражытага. Кажуць, з гадамі душа маладзее. Душа Марыі Станіславаўны таму яскравы прыклад. А заставацца маладой дапамагаюць песні. Спявае душа, радуецца жыццю, нараджае новыя творы, песні, такія меладычныя і сардэчныя, якія нястомнай крыніцай імкнуцца ў свет. Амаль два дзясяткі аўтарскіх песень у творчым багажы Марыі Будзько! Шмат якія апяваюць і ўслаўляюць прыгажосць малой радзімы, асабліва тых мясцін, дзе нарадзілася аўтарка, – хутар Лісова. Акрамя названай ужо “Лісоўскай песні” ёсць “Лісоўская забава-полечка”, “Лісоўская рыбачка” і іншыя. Калі нават тапонім не згадваецца ў назве, то ў тэксце высвечваюцца маляўнічыя пейзажы, адметныя дэталі, музычныя асаблівасці гэтага куточка малой радзімы.

Што ж гэта за мясціна такая чароўная – хутар Лісова? Не проста месца нараджэння і месца , дзе прайшлі маладыя гады. Важна – як прайшлі! Для малой Марыські тут быў рай зямны. Найперш таму, што жыла ў атмасферы бязмежнай любові. Не таму, што яна была меншай у сям’і і што жыла сям’я даволі заможна. Заможнасць гэтая дорага каштавала, бо і працаваць даводзілася шмат па гаспадарцы. Але варты пераймання былі стасункі таты і маці, іх вялікая любоў і клопат адзін пра аднаго, павага, шчырае каханне і аднолькавы погляд на жыццё. Нездарма кажуць, што каханыя не тыя, што глядзяць адзін аднаму ў вочы, а тыя, што глядзяць у адным напрамку. У сям’і любілі спевы і музыку. Не толькі ў святы спявалі, з песняй лягчэй было і зіму перазімаваць, і бяду-ліха перажыць.

Магчыма, з гэтай прычыны Марыя падалася ў культасветвучылішча. Пачала працаваць у клубе. Затым паступіла ў Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы і да клубнай работы дадалася яшчэ настаўніцкая. Як толькі атрымала дыплом выкладчыцы гісторыі, была прызначана дырэктарам базавай школы ў Валэйкавічах. У маленькай вясковай школцы на той час навучалася больш за сто дзетак. Займаліся ў дзве змены. Амаль усе спявалі ў хоры. Дырэктар і сама спявала ў калгасным хоры, прыцягвала да мастацкай самадзейнасці і вучняў, і іх бацькоў, сваіх аднавяскоўцаў. Пра колішнія канцэрты і выступленні на аглядах мастацкай самадзейнасці і сёння памятаюць многія на Смаргоншчыне. У вясковым клубе існаваў тады ансамбль “Каліначка”, ён і стаў разам з хорам тым падмуркам, на якім быў створаны вядомы цяпер народны фальклорны калектыў “Валэйчанка”.

mad_02-300x223

Пра гэты народны гурт можна прачытаць у дзвюх энцыклапедыях Беларусі, знайсці весткі на некалькіх інтэрнэт-сайтах, прысвечаных народнай творчасці. Творчы шлях “Валэйчанкі” варты быць занатаваным не ў асобных артыкулах, а ў асобным выданні. Вясковыя артысткі аб’ездзілі з гастролямі літаральна ўсе вобласці Беларусі, лягчэй, напэўна, пералічыць тыя гарады, дзе яны не былі. Чулі іх спевы слухачы Польшчы і Літвы. А колькі перамог у разнастайных конкурсах народнай фальклорнай музыкі ад рэгіянальных і да міжнародных! Колькі дыпломаў і падзяк, шчырых і гарачых апладысметаў, сардэчных слоў і слёз радасці на вачах у гледачоў! Няма таго эквіваленту, каб падлічыць сапраўднае шчасце ад узаемнасці пачуццяў артыста і слухача.

Некаторым гэта можа падацца нерэальным: як можна было працаваць дырэктарам школы, выкладчыкам гісторыі, гадаваць сваіх дваіх дзетак і паспяваць актыўна займацца самадзейнай творчасцю. Не проста займацца, а ўвесь час адпавядаць высока ўзнятай планцы прафесійнасці. Калісьці такое падалося і кіраўнікам раённага аддзела адукацыі, якіх сумніў штурхнуў на нечарговую праверку стану навучальнага працэсу. Правяраючы быў уражаны: усё на вышэйшым узроўні! Была з яго боку толькі адна заўвага: “Вы робіце вельмі шмат лішняга!” Напэўна, тыя, хто сумняваўся, не ведалі адну простую рэч: чалавек, улюблёны ў творчасць, валодае нечалавечымі здольнасцямі, бо ён сілкуецца ад нябачных, але такіх дзейсных энергетычных крыніц, як людская ўдзячнасць і энергетыка чалавечага шчасця. Той, хто дорыць шчасце іншым, мае яго нашмат больш, таму што шчасце вяртаецца і сілкуе душу натхненнем. Дарэчы, праз нейкі час вопыт выхаваўчай работы школы быў абагулены і ўхвалены на абласным пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі. Не бывае лішняга ў выхаванні і ў творчасці.

Музыка мае асаблівасць перадавацца ў спадчыну. Вось і дзеці Марыі Станіславаўны сталі прадаўжальнікамі гэтай традыцыі. Сын Валера спяваў у дзіцячым ансамблі “Кропелькі”, а цяпер яго сыны-двайняты выступаюць у складзе гурта “ВІСП”. І хоць абралі нашчадкі спецыяльнасці больш прыземленыя, з музыкай ніколі надоўга не развітваюцца.

Няважна, якое надвор’е і якая пара года. Марыя Станіславаўна — нязменны хармайстар народнага калектыву “Валэйчанка” — спяшаецца на рэпетыцыі. Калі дабіраецца са сваіх Рачунаў у Валэйкавічы школьным аўтобусам, калі на ўласным скутары. Усё складаней збірацца спявачкам на рэпетыцыі, але гэта для іх як свежае дыханне, як магчымасць падсілкаваць душу. Яшчэ зіма за вокнамі, а яны ўжо абмяркоўваюць разам са сваёй кіраўніцай Марыяй Будзько і загадчыцай Дома фальклору Таццянай Шутовіч чарговую новую праграму да Дня вызвалення Беларусі. Яшчэ не зусім ясна, што атрымаецца, але відавочна адно: як заўжды будзе свята. Тут не любяць слова “мерапрыемства”, тут кажуць “свята” або “фэст”. І ніколі не запазычваюць мясцовыя сцэнарысты чужога, бо, як выказваецца Марыя Станіславаўна, свайго хапае, каб увасабляць ды ажыццяўляць бясконца!

Справа, якой прысвяціла сваё жыццё Марыя Будзько, дала свае добныя наступствы. І, нягледзячы на рэаліі сучаснага жыцця і тэндэнцыі, застаюцца моцнымі традыцыі. Куды б ні закінула жыццё былых аднавяскоўцаў, але ў пэўныя дні яны злятаюцца ў родныя Валэйкавічы, нібы птушкі да сваіх гнёздаў. І па-ранейшаму шматлюдна, весела і шумна ў старэнькім вясковым клубе. І, як колісь, ляцяць спевы над хатамі і ваколіцамі, гучаць народныя песні. І няхай яны гучаць вечна!

Ала СТРАШЫНСКАЯ, "СШ"

Каментаваць