Смаргоншчына падчас Першай Сусветнай

13.02.2014 17:27Views:
Smargoni-300x200У гэтым годзе спаўняецца 100 год з дня пачатку Першай сусветнай вайны. Вайны, якая пакінула да сённяшняга часу свае трагічныя напаміны па ўсёй Беларусі і на маёй Смаргоншчыне. На вялікі жаль, для многіх беларусаў яна амаль невядомая, бо з-за рэвалюцыі 1917 года і грамадзянскай вайны пра яе падзеі па ідэалагічных меркаваннях стараліся не ўзгадваць і хутчэй забыць наступствы.

Крыважэрлая ваенная машына ў 1914 — 1918 гадах заглынула мільёны шчаслівых чалавечых лёсаў, выкінуўшы ўзамен безліч бежанцаў, сірот, інвалідаў і надмагільных крыжоў. Сёння ў свеце не засталося ў жывых ніводнага салдата, які прымаў непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях мінулай вайны пачатку 20 стагоддзя. Толькі адзінкі апошніх сведкаў могуць узгадаць невялікія ўрыўкі з дзяцінства, калі ў маленстве бачылі трагедыю той Вялікай, ці Другой Айчыннай вайны, як яе тады называлі.

На маёй Бацькаўшчыне да цяперашніх дзён захоўваюцца матэрыяльныя напаміны тых далёкіх часоў. Больш за паўсотні ваенных могілак салдат рускай і нямецкай армій з’яўляюцца апошнімі месцамі спачыну ахвяр Першай сусветнай. Розны іх стан. Многія мемарыяльныя мясціны наноў знаходзяцца кожны год. Напрыклад, у мінулым годзе краязнаўцы знайшлі фотаздымак брацкай магілы ў Залессі, дзе былі пахаваны загінуўшыя ад газавай атакі ў 1916 годзе салдаты рускай арміі. На шыльдзе было пазначана:” Здесь покоятся гренадеры 14 Грузинского, 15 Тифлисского и 16 Мингрельского и Ниж. Чины 6 пех. Либавского полка отравленные удушливыми газами 20 июля 1916 г.” Адразу была зладжана краязнаўчая вандроўка і вызначана месца магілы. На шчасце, да гэтага часу на тым месцы не праводзіліся пахаванні, і людзі памяталі пра акалічнасць гібелі вайскоўцаў. У гэтым годзе плануецца ўстаноўка памятнага знака і ўшанаванне памяці загінуўшых.

У час вайны змагаліся з ворагам не толькі людзі, але і хрысціянскія храмы, якія апынуліся на перадавой. Што цікава, калючы дрот лініі фронту падзяліў раён амаль на дзве роўныя часткі і пры гэтым так, што на нямецкім баку засталіся амаль усе каталіцкія святыні, а да рускіх пазіцый адышлі праваслаўныя цэрквы Смаргоншчыны. У вёсцы з сімвалічнай назвай Наваспаск захаваўся храм, які моцна пацярпеў ад нямецкіх артабстрэлаў, не ўзнаўляўся з тых далёкіх часін, і калі ўражлівы сучаснік дакранецца да сцен знявечанага помніка дойлідства, то ён можа адчуць “подых скрыжаванняў бліскавіц” былой вайны. Безліч розных нямецкіх бетонных схронаў і дотаў, аплыўшых акопаў ваюючых бакоў, насыпы ад былых вузкакалеек, магутныя апоры ад мастоў праз Вяллю не могуць не ўзрушыць суайчыннікаў і замежных гасцей нашага краю.

Шмат людзей, якія потым праславіліся сваімі талентамі, у гады вайны апынуліся пад Смаргонню і Крэвам. З кожным годам гэты спіс становіцца ўсё больш багатым на імёны. У 43 Сібірскім палку 38 армейскага корпуса на крэўскіх пазіцыях ваяваў Ігнат Дварчанінаў, а ў 24-м транспарту пятага абознага батальёна той жа 10-й рускай арміі служыў Сымон Рак-Міхайлоўскі. Рэаліі вайны на гэтым участку фронту апісваў Максім Гарэцкі, узгадваў іх Ігнат Буйніцкі.

Летам 1917 года дапамагаў у падрыхтоўцы ліпеньскага наступлення рускай арміі французскі легіянер і мужны салдат Зіновій Пешкаў – прыёмны сын Максіма Горкага, сябра дэ Голя і вядомы ў далейшым брыгадны генерал французскай арміі.

Францужанка рускага паходжання Марына Владзі да сённяшніх дзён застаецца вядомай замежнай кіназоркай першай велічыні. На постсавецкай прасторы творчасць актрысы і спявачкі добра знаёма мільёнам прыхільнікаў яе таленту. Аднак, толькі адзінкі з іх ведаюць, што яе дзядулем па лініі маці быў рускі генерал і Георгіеўскі кавалер Яўген Энвальд. Напэўна, цікавасць выклікае і той факт яго біяграфіі, што на працягу некалькіх летніх месяцаў 1917 года ён быў звязаны сваім лёсам з нашым краем, калі ўзначальваў рускую 28-ю пяхотную дывізію, якая размяшчалася каля Залесся.

Існуе адна спрадвечная ісціна, якую хочацца яшчэ раз нагадаць. Народ, які не жадае мець мінулае, не заслугоўвае будучыні! Таму для нас актуальным застанецца не толькі захаванне памяці пра падзеі Першай сусветнай вайны, але і шанаванне тых людзей, пра якіх, следам за Уладзімірам Высоцкім, можна з гонарам паўтарыць: “С кем сегодня встречаться я почел бы за честь”.

Уладзімір ПРЫХАЧ, "СШ"

Каментаваць