Ужо два гады запар у гімназіі ажыццяўляецца праект “Адзін вучань – адзін камп’ютар”. Што гэта за праект, запыталіся мы ў намесніцы дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Марыі Прыстромавай.
− Галоўная мэта гэтага праекта – прыцягнуць дзяцей да работы за камп’ютарам. Каб яны вучыліся працаваць на ім не толькі ў забаўляльных мэтах, але разумелі, што і вучобу камп’ютар таксама можа спрасціць. Мы намагаемся, каб пасля заняткаў на камп’ютары дзеці самі маглі зрабіць прэзентацыю. Або каб ведалі, як вядуцца дзённікі назіранняў.
− На якіх уроках актуальны гэты праект?
− Выкарыстоўваць камп’ютары можна на ўсіх уроках без выключэння. Калі два гады таму наша гімназія стала ўдзельніцай гэтага праекта, навучанне пры дапамозе камп’ютарных сродкаў вялося толькі па трох прадметах: хіміі, біялогіі, матэматыцы. Цяпер, вядома, імкнёмся прыцягваць і іншых настаўнікаў-прадметнікаў. Галоўнае, навучыць саміх настаўнікаў весці такую работу.
− Праект “Адзін вучань – адзін камп’ютар” ажыццяўляецца ў камп’ютарным класе?
− Не, мы называем гэта “мабільныя камп’ютарныя класы”. Нэтбукі захоўваюцца ў калясках, якія можна перамяшчаць па школе, абсалютна ў любы клас.
− Вучні якога ўзросту прымаюць удзел у праекце?
− Нашымі першымі ўдзельнікамі праекта былі школьнікі, якія вучыліся ў 5-6 класах. Цяпер мы падключылі і вучняў пачатковых класаў.
− Праект “Адзін вучань – адзін камп’ютар” ажыццяўляецца ўжо два гады, а якія-небудзь новыя праекты гімназія будзе ажыццяўляць?
− Цяпер намі ажыццяўляецца праект па маральным выхаванні, але ўсе новыя праекты без інфармацыйных тэхналогій немагчымыя. Што датычыцца ўрокаў, то за ўсім прагрэсам усё ж такі варта памятаць, што дошку і крэйду ніхто не адмяняў.