У Слоніме адбылася канферэнцыя, прысвечаная Агінскім

31.01.2014 22:13Views:

aginskija_slonimУ сярэдняй школе № 2 горада Слоніма адбылася раённая краязнаўчая канферэнцыя, прысвечаная Агінскім. У ёй прынялі ўдзел вучні, настаўнікі і краязнаўцы Слонімшчыны.

Краязнаўчая канферэнцыя, прысвечаная Міхалу Казіміру і Міхалу Клеафасу Агінскім, у Слоніме адбылася невыпадкова. Рэч у тым, што ў 1775 годзе Міхал Казімір Агінскі атрымаў амністыю і вярнуўся ў Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню. Па яго ініцыятыве і на яго сродкі быў пабудаваны Агінскі канал. Праз палескія балоты яго намаганнямі былі адноўлены колішнія гасцінцы, якія злучалі Пінск са Слонімам і Валынню . У хуткім часе Слонім ператварыўся ў "паўночныя Афіны". 

Пры сваім двары Агінскі заснаваў оперны тэатр, музычную капэлу, адкрыў школу — "Дэпартамент балетных дзяцей", дзе акрамя танцаў вучылі чытанню і пісьму дзяцей прыгонных. Для тэатра напісаў оперы "Зменены філосаф", "Елісейскія палі". Пісаў таксама скрыпічныя п'есы, паланэзы і іншыя музычныя творы, выдатна выконваючы іх на розных інструментах. Яго лічаць аўтарам выдадзеных у Варшаве пад псеўданімам "Слонімскі грамадзянін" перадавых для свайго часу зборнікаў "Гістарычныя і маральныя аповесці" (1782), "Байкі і небайкі" (1788). У апошні зборнік увайшлі вершы з "Песень пана Міхала графа Агінскага, гетмана Вялікага Княства Літоўскага, укладзеныя ў верасні 1770 года ў Слоніме". У горадзе над Шчарай часта гасціў і пляменнік Міхала Казіміра Агінскага кампазітар Міхал Клеафас Агінскі.

У Беларусі выйшла шмат кніг, прысвечаных Агінскім, два выданні па-беларуску мела кніга Анджэя Ціханавецкага “Міхал Казімір Агінскі і яго “сядзіба музаў” у Слоніме”, якая ўпершыню пабачыла свет у Кёльне ў 1961 годзе, а на беларускую мову кнігу пераклаў слонімскі перакладчык Уладзімір Сакалоўскі. Таму на краязнаўчай канферэнцыі ў Слоніме было пра што размаўляць, паказваць і выконваць.

Юныя краязнаўцы Слонімшчыны разам са сваімі настаўнікамі арганізавалі выставу, прысвечаную Агінскім. У гэты дзень адбыўся і канцэрт “Паланэзы ў жыцці Слоніма”, завочная экскурсія “Слонім-Залессе: Агінскія”. У час усёй канферэнцыі гучалі паланэзы і мазуркі Агінскіх у выкананні школьнікаў і настаўнікаў слонімскіх школ. З дакладаў выступоўцаў прысутныя даведаліся шмат новага пра тэатр Агінскага ў Слоніме, пра вялікі і малы каналы Агінскага і шмат чаго яшчэ цікавага пра жыццё і дзейнасць Агінскіх на Беларусі.

Васіль Адамаў, Беларуская Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара

Каментаваць