Сцяжынамі Агінскага ў Залессі…
У наступным, 2015‑м, годзе будзе святкавацца 250‑годдзе з дня нараджэння славутага кампазітара і дыпламата Міхала Клеафаса Агінскага. Самы час падумаць пра тое, як адсвяткаваць гэтую дату.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў паведаміў, што ўжо ў верасні гэтага года плануецца завяршыць рэстаўрацыю сядзібы Агінскіх у вёсцы Залессе Смаргонскага раёна. На месцы сядзібы будзе створаны турыстычна-культурны комплекс з чатырох зон. Тут адкрыюцца музейныя і гасцявыя пакоі, тэатральна-канцэртныя залы, аранжарэі. З цягам часу плануецца аднавіць і французскі парк, які калісьці знаходзіўся побач з маёнткам.
Такая інфармацыя прагучала падчас сустрэчы старшыні Гродзенскага аблвыканкама з ваяводам падляскім Мацеем Жыўна з Польшчы. Кіраўнікі абмеркавалі таксама супрацоўніцтва ў межах рэгіёна «Нёман», сумесныя планы па развіцці інфраструктуры Аўгустоўскага канала, рэалізацыі культурных праектаў.
Адкрыццё сядзібы будзе адбывацца падчас урачыстай цырымоніі з удзелам гасцей з розных краін. Краўцоў выказаў надзею, што пасля таго, як пачне працаваць такі значны аб’ект, польскія турысты будуць яшчэ больш частымі гасцямі на нашых землях. Тым больш што і на ўрачыстасцях, прысвечаных 250‑годдзю, іх чакаюць у якасці непасрэдных удзельнікаў.
Аднаўленчыя працы на сядзібе ў Залессі распачаліся ў 2011 годзе. Яны фінансуюцца з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, а таксама са сродкаў Еўрапейскага саюза па праекце памежнага супрацоўніцтва.
Варта дадаць, што палацава-паркавы ансамбль «Залессе» — гэта адметны прыклад архітэктурнага планіравання маёнтка. Калісьці тут размяшчаліся два палацы, два паркі, дзве аранжарэі, капліца, млын, бровар, дом садоўніка, стайні, цяпліца. На тэрыторыі парку знаходзіліся два звярынцы. А альтанкі размяшчаліся так, каб з іх зручна было назіраць за тым, што адбываецца навокал.
Ці трэба казаць, што сядзіба вялікага кампазітара калісьці была вядомая і сваімі балямі. Тут абмяркоўваліся палітычныя навіны, праслухоўваліся новыя музычныя і літаратурныя творы. Нашчадак Агінскага, кампазітар і піяніст Іва Залускі, у кнізе «Ген Агінскага» прыводзіць успаміны аднаго з сучаснікаў Міхала Клеафаса: «Усе асобы, якія мелі ўплыў на грамадства, знакамітыя грамадзяне Кароны і Літвы, што дбалі пра дабрабыт сваёй краіны, прыязджалі ў Залессе, каб абмяняцца думкамі, і збіраліся ў князя часам на цэлыя тыдні».
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ,
Фота з сайта