Крок насустрач экалагічнай гаспадарцы
Усё больш беларусаў выказваюць жаданне купляць арганічныя прадукты, чым траціцца на лекі. Як правіла, большасць спажыўцоў лічыць, што прадукцыя, купленая на рынку ў фермера ці вясковай бабулькі, экалагічна чыстая. Але дзе гарантыя, што сельскагаспадарчыя культуры не пырскаюць «хіміяй» для атрымання лепшых ураджаяў, а жывёлу не кормяць камбікармамі, каб прыбаўляла ў вазе? Як сведчаць сацыялагічныя апытанні, нашы суайчыннікі дрэнна ўяўляюць працэс атрымання арганічных прадуктаў. Разам з тым, 90% гараджан хочуць харчавацца натуральнымі мясам, малаком, садавіной і гароднінай. На жаль, яны амаль адсутнічаюць у гандлі: арганічная сельская гаспадарка ў краіне практычна ў зародкавым стане.
Выпрабаванні для першапраходцаў
Фізік-электроншчык Дзмітрый Крылоў і яго жонка Галіна, педагог па спецыяльнасці, пераехалі ў Дзяржынскі раён з Мінска. Яны сталі, па сутнасці, першапраходцамі па вырошчванні коз малочнай зааненскай пароды ў Беларусі. У фермерскай гаспадарцы «ДАК» на 100 гектарах зямлі ўтрымліваецца звыш 300 жывёлін. Малако Дзмітрый і Галіна здаюць для перапрацоўкі на завод, будуюць сыраробны цэх. Дзмітрый Аляксандравіч і не думаў займацца арганічнай сельскай гаспадаркай, пакуль не пабываў у Швецыі, дзе экалагічныя прадукты складаюць 60% ад агульнай вытворчасці.
Асвойванне арганічнага земляробства стала для фермераў сапраўдным выпрабаваннем, паколькі давялося адмовіцца ад выкарыстання мінеральных угнаенняў, гербіцыдаў, ядахімікатаў, каб аздаравіць зямлю. З пустазеллем змагаліся дзедаўскімі метадамі — праполкай, а шкоднікаў вынішчалі з дапамогай севазвароту. У выніку гаспадары страцілі ва ўраджайнасці, эфектыўнасці працы. І толькі праз тры гады спецыялісты міжнароднага экспертнага цэнтра «Арганік-стандарт», які знаходзіцца ва Украіне, уручылі ім сертыфікат на зямлю. Паколькі ў Беларусі няма сертыфікуючых органаў, фермерам, што вырашылі займацца арганічнай гаспадаркай, даводзіцца звяртацца да экспертаў ва Украіне, у Латвіі, Расіі. Дарэчы, у заходніх краінах для такой катэгорыі прыватных вытворцаў дзейнічае асобная дзяржаўная праграма, якая прадугледжвае падтрымку і кампенсацыю страт на пераходны перыяд да экалагічнага земляробства.
Сертыфікат арганічнага фермера — толькі першы крок на шляху да атрымання экалагічнага казінага малака. Такі ж дакумент Крыловым трэба атрымаць на сельгаскультуры, а затым — на жывёлу і прадукцыю. Але пакуль яны не могуць сертыфіцыраваць статак. Не хапае натуральных кармоў, і даводзіцца выкарыстоўваць у якасці падкормкі камбікармы, што супярэчыць патрабаванням Еўрасаюза.
Не згубіць дробнага рамесніка
Па словах Дзмітрыя Крылова, дзяржава толькі пачала праяўляць цікавасць да арганічнай гаспадаркі. Дэпутаты актыўна падключыліся да стварэння нарматыўнай базы, распрацоўкі сістэмы дзяржаўнай падтрымкі, прыняцця закона аб арганічнай сельскай гаспадарцы. Колькі гадоў таму эксперты сумняваліся ў тым, што беларусы гатовы купляць дарагую арганічную прадукцыю. Цяпер жа людзі сталі багацейшымі і хочуць спажываць экалагічна чыстыя прадукты. «Усё мае свой кошт: ці ты купляеш больш дарагія арганічныя прадукты ці ўкладваеш затым грошы ў лячэнне», — адзначыў Мікалай Іванчанка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
— А пакуль у нас заканадаўства па перапрацоўцы прадукцыі накіравана на кантроль буйных вытворцаў. З дзяржаўнага пункту гледжання, гэта правільна, — лічыць Дзмітрый Крылоў. — Але пры гэтым мы губляем дробнага рамесніка, які хоча выпускаць тушонку, вяндліну, кансервы з садавіны і гародніны ды іншае. Вельмі складана прыватнікам вытрымліваць патрабаванні, што прад’яўляюцца да харчовай вытворчасці. Для такой катэгорыі гаспадарнікаў патрэбна асобнае заканадаўства, з іншымі падыходамі, прынцыпамі. Напрыклад, у Еўропе можна выпускаць прадукцыю на кухні, што знаходзіцца літаральна за сцяной фермы. А тамтэйшыя кантралёры ў першую чаргу ацэньваюць вытворцу па тым, ці падтрымлівае ён гігіену, ці вытрымлівае стандарты, рэцэптуру.
Па словах эксперта экалагічнай установы «Агра-Эка-Культура», кандыдата сельскагаспадарчых навук Ланы Семенс, у краіне ўжо ёсць сертыфіцыраваная арганічная гаспадарка, яшчэ сем — на падыходзе. У айчынных арганічных фермераў значна больш цяжкасцяў, чым у звычайных, асабліва ў тых, хто толькі пачынае справу. Па-першае, вельмі цяжка атрымаць крэдыты нават пад высокія працэнты. Па-другое, тормазам на шляху развіцця ў Беларусі арганічнай сельскай гаспадаркі з’яўляецца адсутнасць адпаведнага закона.
Экалагічная ўстанова «Агра-Эка-Культура» сумесна з Цэнтрам экалагічных рашэнняў распрацавала прапановы для падрыхтоўкі праекта закона аб арганічнай вытворчасці на аснове вопыту работы з замежнымі і айчыннымі фермерамі. «Многія беларускія фермеры хочуць стаць арганічнымі, але ім патрэбна дапамога, у тым ліку ў наладжванні сувязяў з сертфіцыруючымі арганізацыямі, з заходнімі калегамі. Наша ўстанова дапамагае вырашыць гэтыя праблемы. Мы ладзім семінары, запрашаем кансультантаў з Украіны, Польшчы, пасылаем фермераў да нашых партнёраў за мяжу, каб яны навучыліся канкрэтным методыкам вядзення арганічнай гаспадаркі», — распавяла Лана Семенс.
Вярнуць прэстыж фермера
На днях Мінск наведаў спецыяліст з сусветным імем у галіне арганічнага земляробства, кіраўнік шэрагу сельскагаспадарчых праектаў, дырэктар фермы Rіdgedale PERMACULTURE Рычард Перкінс са Швецыі. Ён расказаў беларускім фермерам, як зрабіць сельскую гаспадарку прыбытковым бізнесам.
— У свой час было вельмі прэстыжна стаць фермерам. Сёння ў Беларусі, зрэшты, як і ва ўсім свеце, фермерства лічыцца непапулярным, а фермеры раяць дзецям атрымліваць іншую адукацыю. Але менавіта з‑за такіх адносін мы губляем інтэлектуальны патэнцыял, і ўсё пераходзіць у рукі карпаратыўнай сельскай гаспадаркі. Вырашыць праблему мы імкнёмся шляхам больш карпатлівага падыходу да планавання і праектавання дзейнасці фермераў, — канстатаваў Рычард Перкінс. — З іншага боку, не менш важная пазіцыя спажыўцоў. Яны павінны больш ведаць, што ўжываюць, і ўстанаўліваць асабістыя кантакты з вытворцамі.
З развіццём інфармацыйных тэхналогій набываюць абароты новыя нетрадыцыйныя метады рэалізацыі прадукцыі. Асабліва гэта датычыцца Злучаных Штатаў Амерыкі, дзе людзі, што аддаюць перавагу здароваму і правільнаму харчаванню, аб’ядноўваюцца ў супольнасці дзякуючы інфармацыйным сеткам. Яны купляюць прадукты ў фермераў, якія атрымалі адабрэнне супольнасці. Фермерам, у сваю чаргу, гэта таксама выгадна: не трэба шукаць рынкі збыту.
Разам з тым, Рычард Перкінс зазначыў, што ён не супраць сертыфікацыі арганічнай прадукцыі. «Магчыма, на першапачатковым этапе для Беларусі гэта будзе значным крокам наперад, дапаможа адпаведным вытворцам назапасіць дадатковы вопыт. Але нельга выключаць і нефармальныя грамадскія сеткі. Усё гэта можа суіснаваць разам, паралельна», — адзначае спецыяліст.
Фермеры, лічыць Рычард Перкінс, павінны займацца той прадукцыяй, якая найбольш адпавядае канкрэтнаму рэгіёну. Многія ж вытворцы імкнуцца прытрымлівацца навязаным ім планам па вырошчванні пэўных відаў прадукцыі, што цалкам ідзе ўразрэз з натуральнымі патрэбнасцямі і магчымасцямі тэрыторый. Для гэтага ім часам даводзіцца нават штучна змяняць умовы сваіх экасістэм. Не сакрэт, што прывезеныя з іншых мясцовасцяў нават высокапрадукцыйныя гатункі раслін і віды жывёл дрэнна прыжываюцца ў чужых умовах. Для іх падтрымкі патрэбны спецыяльныя ўгнаенні, прэпараты, што прыносіць дадатковыя затраты.
Вырошчваць ці не беларускім фермерам неўласцівыя для нашай кліматычнай зоны экзатычныя культуры (напрыклад, персікі, лімоны) — справа асабістая.
— Іх можна вырасціць дзе заўгодна, але трэба змяніць мікраклімат. Адзін з аўстрыйскіх фермераў, фазэнда якога знаходзіцца на вышыні 1,5 тыс. метраў над узроўнем мора, у адкрытым грунце атрымлівае лімоны, чарэшню, шмат фруктаў, якіх у Альпах не сустрэнеш. Ён дасягнуў гэтага шляхам змянення мікраклімату, асаблівым спосабам спраектаваўшы свой участак: выкарыстаў ваду, якая адлюстроўвае сонечнае святло і накіроўвае яго на скалістую паверхню гор, дзе растуць сады. Гэта дазволіла разводзіць і сельскагаспадарчых жывёл, якія гуляюць на волі, — сцвярджае Перкінс. — Тыя ж прадпрымальнікі, што ідуць традыцыйным шляхам, часта прайграюць. Для таго, каб зрабіць крок насустрач экалагічнай сельскай гаспадарцы, варта змяніць сваю свядомасць.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ,