Цуд у Віфліемскую ноч
«З гісторыі батлейкі і шопкі на Беларусі» — выставу пад такой назвай наладзілі ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі па ініцыятыве яго дырэктара Людмілы КАРНІЛАВАЙ.
Ведаеце, якая назва ў ярусаў беларускай батлейкі? Што высмейвалася нашымі продкамі? І што можна зрабіць сёння з паштовай скрынкі і пенапласту? Аб гэтым чытачам «Звязды» расказвае аўтар выставы, старшы навуковы супрацоўнік музея Аліна ХАМКО.
«Зямля» і «неба»
Адну з батлеек, што прадстаўлена на выставе, вырабіў у 2000 годзе мінчанін Фёдар Сарока. Гэта невялікая хатняя батлейка, якая прызначаецца майстрамі для сваіх дзяцей, унукаў і знаёмых. А зроблена яна са звычайнай… паштовай скрыні, лялькі — з пенапласту. Хтосьці, пэўна, гэтыя матэрыялы выкіне, аднак у чалавека з умелымі рукамі нічога не прападзе і можа атрымацца вось такая прыгажосць. Не проста рэч для карыстання ў гаспадарцы, а мастацкі твор, якім з ХVІ стагоддзя з’яўляецца на беларускіх землях батлеечны тэатр.
Батлейка і шопка, якія будуюцца на Каляды ў касцёлах, бяруць пачатак з містэрыі. У Х–ХІ стагоддзях у храмах Заходняй Еўропы падчас малітвы стаялі моўчкі клерыкі, апранутыя ў адзенне прарокаў (Дзева Марыя, Іосіф, пастухі, каралі). Прычым калі постаць была жаночай, то абавязкова — з маскай. Потым, калі гэтае прадстаўленне выходзіць з храмаў на плошчы, тэматыка была ўжо не толькі рэлігійнай. Адсюль, пэўна, і ідэя менавіта двух’яруснай батлейкі, якая распаўсюдзілася на нашых землях. Верхні ярус («неба») сімвалізуе месца, дзе нарадзіўся Ісус: ён прызначаны для сцэн на біблейскія тэмы. А на ніжнім, больш сціпла аформленым ярусе («зямля»), дэманстраваліся сцэны бытавога характару. Прычым лялькі, што знаходзіліся на другім паверсе батлейкі, ніколі не з’яўляліся на першым. Як і персанажы тэатральнага дзейства з першага паверха не могуць з’явіцца на другім. Лялькі рабіліся на стрыжнях, батлеечнік вадзіў імі па шчылінах у падлозе і гаварыў за іх. Дзве рукі — дзве лялькі, і, адпаведна, дыялог паміж імі.
Форма традыцыйнай беларускай батлейкі вельмі простая — скрыня ці шафа. Калі ў ельненскай батлейцы, якая панавала на Гомельшчыне ў канцы XVІІІ-ХІХ стагоддзі, уверсе бачым вежкі храма, то магілёўская ўяўляе сабой звычайную скрыню. Адкуль такая форма? Яна звязана з алтарамі, што калісьці былі ў храмах Заходняй Еўропы. Яны былі не такія, як цяпер (вялікія, стацыянарныя), а малыя, пераносныя. І калі пачалі распаўсюджвацца новыя, вялікія алтары, то старыя адпраўляліся ў глыбінку, у храмы, размешчаныя далёка ад гарадоў. Але ж там таксама ўжо з’явіліся новыя алтары. Старыя ўжо не патрэбны? Не, яны не знікаюць, а пераўтвараюцца ў батлейкі.
«Каб валасы не балелі, трэба пагаліць галаву»
Спачатку з батлейкамі хадзілі пераважна семінарысты, і тады, безумоўна, больш увагі надавалі верхняму, біблейскаму ярусу батлейкі, дзе адбывалася прадстаўленне паводле Нараджэння Ісуса Хрыста. А калі ў ХІХ стагоддзі батлейкамі заняліся рамеснікі, то на ніжнім ярусе разам з традыцыйнай драмай «Цар Ірад» пачалі развівацца ўсялякія жартаўлівыя, сатырычныя сцэнкі.
Якія лялькі былі ў ніжнім ярусе батлейкі? Яны прадстаўлялі людзей, якія жылі на нашых землях, — беларусаў, украінцаў, літоўцаў, татар, палякаў, рускіх…Прычым калі гэты быў рускі салдат, то і гаварыў ён падчас прадстаўлення па-руску. А паныч — на польскай мове.
Што высмейвалася? Як і ў многіх краінах свету, тэмамі жартаў былі лянота, дурнота, непрафесіяналізм. Напрыклад, прыходзіць маладая, прыгожая, здаровая паненка да доктара і кажа: «Мне ўсё баліць. І галава, і шыя, і зубы». І доктар ёй адказваў: «Каб валасы не балелі, трэба пагаліць галаву. Каб шыя не балела, трэба венічкам з шалфею яе пабіць. А калі зубы пачнуць балець, трэба іх выбіваць». Паненка вельмі хутка рабілася здаровая. Пасля чаго яны з доктарам пачыналі танцаваць. Але тут, на «зямлі», вядома, маглі быць не толькі жарты, але і крытыка. Таму ўлады даволі насцярожана ставіліся да батлеечнікаў, бо нельга было пракантраляваць, што яны скажуць падчас таго ці іншага прадстаўлення.
…У ХХ стагоддзі батлейка пачынае ў Беларусі знікаць. Вядома, што ў 1915 годзе ў Мінску было батлеечнае прадстаўленне для салдат, якія ваявалі ў Першую сусветную вайну. А ў 1923 годзе батлейку паказваў беларускі павільён на сельскагаспадарчай выставе ў Маскве. Праўда, у наш час батлеечнае мастацтва адраджаецца — і ў мастацкім каледжы ў Міры, і ў Лідскім цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры «Спадчына», і ў іншых рэгіёнах.
Тры каралі, вярблюд і слон
Калядная выстава знаёміць таксама з традыцыяй шопкі, якая з ХІІІ стагоддзя рыхтуецца да свята Божага Нараджэння ў касцёлах. Напрыклад, упершыню дэманструюцца скульптуры слана і вярблюда, якія былі зроблены на нашых землях у 1920‑я гады. Іх перадаў музею ксёндз Гродзенскага францысканскага касцёла Юзаф Макарчык.
Якая сувязь свята Божага Нараджэння з гэтымі экзатычнымі для нашых земляў жывёламі? Магчыма, менавіта на вярблюдзе, як расказвае евангеліст Мацвей, да Ісуса прыехалі каралі. А таксама ў гэтай экспедыцыі, не выключана, быў і слон. Што тычыцца персанажаў шопкі — трох каралёў, то звычайна лялькі, што іх сімвалізуюць, выглядаюць як мужчыны вельмі маладога, сярэдняга і сталага ўзросту. А калі адбыліся вялікія геаграфічныя адкрыцці, то іх сталі рабіць прадстаўнікамі трох рас, таму адзін з каралёў заўсёды з цёмнай скурай.
Скульптуры вярблюда і слана з францысканскага касцёла аднавіў рэстаўратар Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі Уладзімір Кіслы. Талент гэтага майстра, дарэчы, некалькі гадоў таму паслужыў вяртанню да жыцця механічнай шопкі ў гэтым касцёле, а раней ён удзельнічаў у рэканструкцыі магілёўскай батлейкі.
Барыс ПРАКОПЧЫК,