Дзед Мароз, Снягурка і Фрэкен Бок у Смаргоні
Трэці год запар школа мастацтваў імя М. К. Агінскага запрашае маленькіх смаргонцаў паўдзельнічаць у тэатральным навагоднім прадстаўленні. 23 снежня дзетвара сабралася ў прыгожа аформленай зале, каб сустрэць Новы год з Фрэкен Бок. Сярод прысутных былі і дзеткі з прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Такім чынам школа мастацтваў вырашыла падтрымаць тых, каму не хапае бацькоўскай увагі і цеплыні.
Галоўныя героі імпрэзы Дзед Мароз, Снягурка і Фрэкен Бок – настаўнікі школы мастацтваў – не проста выступалі на сцэне, але і выходзілі ў залу, размаўлялі з публікай. Дзеці актыўна адгукаліся на просьбы персанажаў пачытаць вершы, адгадаць загадкі, патанцаваць. За гэта яны атрымлівалі цукеркі і памятныя сувеніры. У паўзах – свае творчыя нумары прадставілі выхаванцы школы мастацтваў.