У Залессі зачынілі адзіную аптэку. Замест яе цяпер працуе аптэчны пункт у амбулаторыі

21.12.2013 19:46Views:

aptekaНапрыканцы лістапада на аптэцы ў Залессі з’явілася паперка, што яна больш не працуе. Тады мясцовыя жыхары сабраліся і напісалі ліст, у якім не пагаджаюцца з закрыццём. У пятніцу, 13 снежня, у вёску прыехалі мясцовыя ўлады, каб абмеркаваць праблему. 

– Пра закрыццё аптэкі не сказалі нават старшыні сельсавета, – адзначае стараста вёскі Вера Карней. – Проста закрылі і ўсё. Праз некалькі дзён мы самі сабраліся ды вырашылі, што трэба пісаць, каб аптэку вярнулі. Склалі ліст, назбіралі шмат подпісаў, дзесьці на два ці тры аркушы паперы, і адаслалі ў райвыканкам, аблвыканкам і Міністэрства аховы здароўя.

У пятніцу, 13 снежня, да жыхароў прыехалі намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзь Бычко, намеснік галоўнага доктара Смаргонскай цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Кудзянчук і загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі Гродзенскага РУП “Фармацыя” Таццяна Рыцікава.

Няма каму працаваць

– Аптэка не закрываецца, а прыпыняе сваю дзейнасць, – тлумачыць “Рэгіянальнай газеце” Генадзь Бычко. – Няма каму працаваць, бо былая аптэкарка сышла ў сувязі са станам здароўя. Аднак замест аптэкі працуе аптэчны пункт у амбулаторыі, дзе можна будзе набыць усе неабходныя лекі.

Мы вырашылі пытанне і з ільготнымі рэцэптамі. Лекі па іх таксама можна будзе набыць у аптэчным пункце. Далей будзем вырашаць пытанне з абласным кіраўніцтвам “Фармацыі” аб накіраванні ў раён спецыялістаў. Адзін ці два чалавекі праблемы не вырашаць, бо па раёне сёння не хапае васьмі спецыялістаў. Як толькі будзе спецыяліст, аптэка запрацуе зноў.

Мясцовая жыхарка Кіра Радзівонава адзначае, што ў аптэчным кіёску не будзе траў, крэмаў, ласьёнаў і іншай касметыкі, якія былі ў аптэцы. Некаторых лекаў нельга будзе набыць, бо няма халадзільніка.

На гэта Генадзь Бычко заўважае, што калі халадзільнік будзе патрэбны, то яго абавязкова паставяць:

– На ўзроўні раёна мы праблему вырашылі. Аднак застаецца праблема з недахопам кадраў, бо маладых спецыялістаў пераважна накіроўваюць у буйныя гарады.

Стараста вёскі Вера Карней кажа, што ў Залессі маладая спецыялістка, мясцовая дзяўчына, праходзіла практыку. Аднак накіравалі яе ў Жойдзішкі:

– Не пакінулі тут, бо тады яшчэ працавала наша былая аптэкарка. Цяпер яна звольнілася. Правільна, бо ўжо шмат гадоў адпрацавала пасля выхаду на пенсію. Цяпер адмовілася, хоць і прапанавалі вазіць са Смаргоні, дзе яна жыве, да нас.

Аптэка была адным з нямногіх безбар’ерных месцаў

Для некаторых паехаць у Смаргонь, якая знаходзіцца ў 12 кіламетрах ад вёскі, не праблема. Аднак у вёсцы ёсць і пенсіянеры, і інваліды.

– Чаму аптэка павінна быць? Па-першае, гэта было адным з нямногіх “безбар’ерных” памяшканняў у Залессі, куды я магла зайсці і набыць лекі, вітаміны, крэмікі, – кажа мясцовая жыхарка Дар’я Ліс, інвалід-калясачнік. – Па-другое, я лічу, што статус аграгарадка абавязвае да нейкага мінімальнага сэрвісу ў дачыненні да жыхароў. Па-трэцяе, рэнтабельнасць – гэта, вядома, цудоўна. Але як жа сацыяльная абарона?

Настасся РОЎДА, "Рэгіянальная газета"

Фота забяпечана Дар’яй ЛІС

Каментаваць