Сямейны бізнес Кухціных
Прызнацца, вельмі зачароўваюся людзьмі, якія ўмеюць ствараць прыгажосць сваімі рукамі. З Рыгорам і Васілём Кухцінымі нам пашчасціла пазнаёміцца на абласных “Дажынках” у Ашмянах.
Ходзячы па «Горадзе майстроў», звярнулі ўвагу на самаробную (не фабрычную!) мэблю. Вельмі прыгожую, з добрага дрэва. Так і захацелася мець дома ну хоць маленькі акуратны зэдлічак.
Не стрымалася, папрасіла візітоўку і нечакана для сябе адкрыла майстроў… са Смаргонскага раёна. “Землякі!” – вырвалася з грудзей, і сэрца напоўнілася нечаканай радасцю.
Аказалася, Рыгор Васільевіч вырабам драўлянай мэблі займаецца ўжо два дзясяткі гадоў. Самавучка. Пачынаў з простых рэчаў, а цяпер ён разам з сынам робіць сталы, зэдлікі, лавы і іншую прыгажосць. Меншы Куціхін, Васіль, першы вопыт работы з дрэвам пераймаў ад бацькі.Цяпер ён дыпламаваны майстар, скончыў Мірскі мастацкі каледж. Чырванадрэўшчык.
Уладальнік адной з самых старажытных прафесій. Праўда, хлопец прызнаўся, што эксклюзіўныя рэчы стварае рэдка. Хутчэй для душы, чым на продаж. Каштуюць яны нятанна, далёка не кожны гатовы заплаціць добрыя грошы за высокамастацкі драўляны выраб. Пакуль жа галоўны “хлеб” сямейства Куціхіных – мэбля, якая, як аказалася, упрыгожвае дамы многіх жыхароў не толькі нашага раёна, але і суседніх.