Смаргонь на хвалях часу, лёсу і падзей
Удзел навучэнцаў у працэсе краязнаўчага пазнання – дзейсны адукацыйна-выхаваўчы сродак. Неабходнасць адшукваць, назапашваць і аперыраваць вялікай колькасцю разнастайнай інфармацыі аб родным краі дапамагае лепшаму яе запамінанню, фарміруе сталы эмацыянальны водгук, актыўны, абгрунтаваны светапогляд на аснове ведання, разумення і павагі да роднай зямлі.
З мэтай павышэння цікавасці навучэнцаў да краязнаўства, гісторыі сваёй малой радзімы, развіцця іх творчых здольнасцей, паглыблення тэарэтычных ведаў і практычных уменняў, садзеяння самарэалізацыі асобы і ў сувязі са святкаваннем 510-годдзя горада Смаргоні аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і аддзелам турысцка-краязнаўчай работы цэнтра творчасці ініцыявана раённая краязнаўчая алімпіяда “На хвалях лёсу, часу і падзей”.
Першы тур алімпіяды прайшоў як інтэлектуальнае спаборніцтва навучэнцаў, у якім універсальным сродкам вырашэння краязнаўчых адукацыйных задач выступілі інтэрнэт-тэхналогіі. Ад удзельнікаў патрабаваліся веды па гісторыі Смаргоні: асноўныя даты, падзеі, дастапомнасці, помнікі гісторыі, культуры, ваенная гісторыя горада (Айчынная вайна 1812 года, Першая сусветная вайна, Вялікая Айчынная вайна і г. д.), знакамітыя асобы-ураджэнцы Смаргоні, лёс смаргонскіх яўрэяў і г. д.
У першым туры (інтэрнэт) прынялі ўдзел 26 навучэнцаў з трынаццаці дзяржаўных устаноў адукацыі.
Першае месца па выніках першага тура заняў вучань 10 “Б” класа СШ №1 Яўген Дыско, другое – вучань 11 класа “ВПК Залескі яслі-сад — СШ” Ілья Южык, трэцяе падзялілі Арцём Мамчыц (10 “А” клас, СШ №1), Вольга Кірычэнка (10 клас, СШ №3), Віталь Невяровіч (11 клас, “ВПК Сыраваткінскі яслі-сад — СШ”).
16 лістапада 2013 года ў дзяржаўнай установе адукацыі “Смаргонскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” адбыўся ІІ тур алімпіяды, у якім прыняў удзел 21 навучэнец. Юныя краязнаўцы адказвалі на пытанні і выконвалі тэсты.
Пры падрыхтоўцы да алімпіяды многія ўпершыню даведаліся, што сучасныя вуліцы горада мелі раней іншыя назвы: вуліца Мікалая Гастэлы называлася Касцельнай, а вуліца Гагарына – Крэўскай. Адзін з уладальнікаў горада, Караль Пшэздзецкі, наладзіў вытворчасць экіпажаў, якія атрымалі назву “бярлінкі”. Ураджэнец Смаргоні, яўрэйскі паэт і празаік Абрам Суцкавер, выступаў у якасці сведкі злачынстваў фашыстаў у адносінах да яўрэяў на Нюрнбергскім працэсе ў 1946 годзе. Юныя краязнаўцы цяпер ведаюць, што на месцы Беларусбанка ў час Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася сінагога і ўваход у гета, на месцы сучаснага будынка “Белтэлекама” – прыгожая каменная Спаса-Прэабражэнская царква, а недалёка ад СШ №5 размяшчаўся дом і сад пісьменніка, падарожніка і ўдзельніка рэвалюцыі 1905 г. Івана Сініцкага.
Нездарма кажуць, што Смаргонь знаходзіцца на скрыжаванні лёсу, часу і падзей. Шмат пабачыла яна за пяць стагоддзяў – і Карла ХІІ, які меў у Смаргоні галоўную кватэру падчас Паўночнай вайны, і імператара Напалеона, які дыктаваў свой апошні загад па арміі і адракаўся ад яе менавіта тут, у Смаргоні. Першая сусветная і Вялікая Айчынная войны таксама пакінулі свой крывавы след у гісторыі горада.
Сучасная Смаргонь – прыгожы горад са сваімі традыцыямі і славутасцямі, горад непераможны, як птушка Фенікс, якая паўстае з попелу.
Пераможцамі алімпіяды сталі:
І месца – Яўген Дыско, 10 клас, СШ №1; ІІ месца – Вольга Кірычэнка, 9 клас, СШ №3; ІІІ месца – Дзмітрый Сідаровіч, 11 клас, СШ №3 ; ІІІ месца – Арцём Мамчыц, 10 клас, СШ №1 г. Смаргоні.
Кожнае мястэчка, вялікае ці малое, мае сваю гісторыю. Шмат помнікаў духоўнай і матэрыяльнай культуры і архітэктуры мае наша Беларусь. І задачай кожнага чалавека з’яўляецца захаванне гэтай спадчыны. А пачынаць патрэбна з таго месца, дзе чалавек нарадзіўся і жыве.