Пад мажорныя гукі перамог
Не толькі на Смаргоншчыне, але і далёка за межамі Беларусі ведаюць многіх выкладчыкаў і выпускнікоў Смаргонскай школы мастацтваў імя Міхала Клеафаса Агінскага. Вельмі спрыяюць развіццю станоўчага іміджу гэтай навучальнай установы выдатныя выступленні народных і ўзорных калектываў, салістаў-выканаўцаў, а таксама плённы ўдзел іх у шматлікіх рэгіянальных і міжнародных конкурсах.
Былая вучаніца аддзялення струнна-народных інструментаў школы мастацтваў, а цяпер другакурсніца дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі Алена Савіцкая (на здымку разам са сваёй былой выкладчыцай музыкі Вольгай Грагоўскай) — пераможца і лаўрэат шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, удзельніца міжнародных фестываляў выканальніцкага майстэрства і стыпендыянт заахвочвальнай прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Як пераможца міжнароднага конкурсу, дзяўчына без экзамена была залічана ў прэстыжную музычную вучэльню, дзе адразу стала “прымай” цымбальнага аркестра, а з гэтага года — яго салісткай.
Прыязджаючы ў Смаргонь, Алена абавязкова наведваецца да сваёй былой настаўніцы музыкі, каб падзяліцца ўражаннямі, поспехамі, марамі. Іх абедзвюх злучае не толькі любоў да цымбалаў і гарачае жаданне раскрыць чароўныя магчымасці гэтага звонкага і вельмі выразнага інструмента, але і ўспаміны пра паспяховае, напоўненае напружанай працай і феерверкам перамог агульнае мінулае. І сёння яны не спыняюцца на дасягнутым, таму што няма мяжы для прафесійнага ўдасканалення. У Вольгі Грагоўскай падрастаюць яшчэ дзве здольныя “зорачкі” — Валерыя Манчак і Ангеліна Клачкевіч, абедзве, нягледзячы на ўзрост, маюць на сваім рахунку дыпломы і граматы шматлікіх конкурсаў юных выканаўцаў, званні лаўрэатаў прэстыжнага конкурсу імя Горскага, дыпламантаў міжнароднага Форуму “Сярэбраны звон цымбалаў”. Калі я папрасіла паказаць дыпломы і граматы, каб дакладна пазначыць назвы конкурсаў, Вольга Анатольеўна ўнесла ў залу вялікі стос, і мне стала няёмка, што прымусіла яе да такой нежаночай работы — насіць цяжкую ношу. Але, як высветлілася, да такога цымбалісткі прывычныя. Не толькі таму, што інструмент не з лёгкіх, але і па жыцці шмат давялося браць на свае кволыя плечы. Нават удзел у конкурсах-спаборніцтвах патрабуе спартанскай вынослівасці і напругі ўсіх духоўных сіл. І толькі выступленні на сцэне — свята для душы.
Ці не гэта любоў да сцэны, дзе можна прадэманстраваць свае талент і прафесіяналізм, артыстызм і жаданне дарыць людзям свята, стала аднойчы для Вольгі Грагоўскай вырашальным аргументам на карысць музычнай кар’еры. Таму што быў момант, калі яна катэгарычна не хацела падыходзіць да інструмента, ігры на якім была прысвечана ці не большая частка жыцця. Але, як кажуць, нельга перамагчы тое, што наканавана лёсам. Пасля працяглага адпачынку Вольга Анатольеўна з такой апантанасцю акунулася ў творчасць, што здолела за пару гадоў зрабіць больш, чым некаторыя за ўсё жыццё.
Разам са сваёй калегай, цымбалісткай Яўгеніяй Ломаць, яны стварылі цудоўны і яркі дуэт, выступленні якога заўжды на ўра прымаюцца слухачамі. На ўрачыстым канцэрце, прысвечаным Дню работнікаў аграпрамысловага комплексу, прэм’ерны паказ кампазіцыі Вівальдзі “Шторм” выклікаў у зале бурную авацыю.
Вольга Грагоўская – мастацкі кіраўнік народнага цымбальнага аркестра імя А. Дзяругі. Калектыў апошнім часам значна амаладзіўся і працуе над абнаўленнем рэпертуару, захоўваючы традыцыі, кожны музыкант, тым не менш, уносіць свой нюанс у выканальніцкі стыль, які больш адпавядае сучасным эстэтычным плыням. А кіраўнік імкнецца надаць адпаведную сцэнічную афарбоўку, стварыць не проста музычны нумар, а невялічкі спектакль. Толькі яна сама і яе калегі ведаюць, якой цаной даецца гэта лёгкасць выканання, колькі напружаных рэпетыцыйных гадзін за кожным выхадам на сцэну! Ведаюць пра гэта і яе вучаніцы, і дачка Іна, студэнтка Беларускай акадэміі музыкі, таксама цымбалістка.
На маю прапанову выкарыстаць момант і выказаць напярэдадні юбілею школы мастацтваў свае пажаданні выкладчыкам і вучням гераіні гэтай публікацыі адгукнуліся з задавальненнем.
Алена САВІЦКАЯ:
- Хачу пажадаць выкладчыкам мэтанакіраванасці, цярпення, мудрасці. Вельмі хочацца, каб у калектыве заўжды прысутнічаў дух творчасці, узаемападтрымкі, інтэлігентнасці. Няхай Яе Вялікасць Музыка натхняе і настаўнікаў, і вучняў на дасягненні новых вышынь прафесіяналізму!
Вольга ГРАГОЎСКАЯ:
- Віншую калег, вучняў, іх бацькоў з прыгожым юбілеем! Жадаю ўсім пазітыву, моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту. Творчым калектывам і выканаўцам — бліскучых выступленняў, прызнання гледачоў, высокіх дасягненняў на конкурсах і фестывалях.