Сімвал жыцця ў кожнай працы. Мастак са Смаргоні прадэманструе свае творы ў Вілейцы

14.11.2013 22:55Views:

bialiauskiАдкрыццё выставы адбудзецца ў сераду, 20 лістапада. Пачатак а 17 гадзіне.

Творчасць Анатоля Іванавіча Бяляўскага добра вядома ў Мінску. Яго карціны маюць вялікую папулярнасць сярод калекцыянераў, многія з іх знаходзяцца ў вядомых замежных калекцыях. 

Яго жыццёвы і творчы шлях пачынаўся на Смаргоншчыне, нарадзіўся мастак 23 сакавіка 1961 г. у в. Дзенавішкі. Пазней яго сям’я пераехала ў Вішнева Смаргонскага раёна, тут Анатоль пайшоў у школу. Значную ролю ў фарміраванні асобы будучага мастака адыграў яго бацька – Іван Сцяпанавіч, які працаваў не толькі дырэктарам школы, але і настаўнікам: выкладаў беларускую мову і літаратуру, нямецкую мову і рысаванне. Менавіта ён даваў сыну першыя ўрокі малявання, вучыў карыстацца фарбамі і ўжо ў пятым класе Анатоль дакладна ведаў, што ён будзе толькі мастаком.

У 1984 г. закончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, некаторы час працаваў на адным з мінскіх заводаў і працягваў актыўна пісаць карціны.

Прымаць удзел у мастацкіх выстаўках пачынае з 1983 г. З 1994 г. з’яўляецца членам Саюза мастакоў Беларусі.

Мастак шмат падарожнічае. На яго погляд самая прыгожая прырода – беларуская. Адпраўляючыся ў падарожжа, абавязкова бярэ з сабою відэакамеру, каб зняць тыя месцы, якія ён наведваў. У мастака шмат работ, прысвечаных роднай Смаргоншчыне, яе людзям.

Але больш за ўсё Анатоль Іванавіч любіць маляваць ваду. Па яго словах, вада – гэта сімвал жыцця, яна, так ці інакш, прысутнічае на яго карцінах.

bialiauski_vada

Сёння Анатоль Бяляўскі жыве ў Мінску, мае ўласную майстэрню і працуе ў розных жанрах – пейзаж, партрэт, нацюрморт, гістарычны жанр, абстракцыя, камп’ютэрная графіка. Прымае ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках.

Характарызуючы яго творчасць, можна сказаць словамі М. Сар’яна, "мастацтва – гэта дрэва, карані якога ў роднай зямлі, а крона шуміць усяму свету". Адкрываючы 20 лістапада персанальную выстаўку Анатоля Бяляўскага, хачацца спадзявацца, што знойдзецца нямала людзей неабыякавых і зацікаўленых, якія прыйдуць у выставачную залу музея, каб пазнаёміцца з творчасцю гэтага выдатнага мастака.

Вольга КОЛАСАВА, Вілейскі краязнаўчы музей, "РГ"

Фота карцін Анатоля Бяляўскага з сайта bel-art.by

Каментаваць