250-годдзе з дня нараджэння Агінскага пачалі святкаваць за два гады
Праграму з прысвячэннем Міхалу Клеафасу Агінскаму прэзентавалі ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Назву ёй даў трактат «Лісты пра музыку», які аўтар славутага паланезу напісаў паводле ўражанняў ад сваіх музычных вандровак.
ВІКТАР СКОРАБАГАТАЎ, ЗАСЛУЖАНЫ АРТЫСТ БЕЛАРУСІ, АЎТАР ПРАГРАМЫ «ЛІСТЫ ПРА МУЗЫКУ»: «Мы паспрабавалі ўзнавіць тое асяроддзе, тую эпоху, тое адчуванне мастацтва, якое мелі тагачасныя двары, пры якіх ён звычайна выступаў як музыка».
«Лісты пра музыку» загучалі дзякуючы ансамблю салістаў «Класік-авангард», да якога на час канцэрту далучыўся флейтыст з Польшчы Эдвард Сыцянка. Акром твораў самога Агінскага ў яе ўвайшлі кампазіцыі іншых знаных асобаў.
УЛАДЗІМІР БАЙДАЎ, КІРАЎНІК АНСАМБЛЮ «КЛАСІК-АВАНГАРД»: «Мы гралі творы ўсіх асобаў, з якімі ён сустракаўся. Адкрылі «Лісты пра музыку» і ўважліва чыталі: там згадваецца пра Гайдна – вось быў Гайдн, быў Моцарт, быў Ромбэрг, быў Гуміль. З усімі, з кім ён меў стасункі, мы ўсіх прэзентавалі ў канцэрце».
Прэм’ера праграмы з прысвячэннем Агінскаму выклікала вялікі інтарэс – зала была поўная. Фактычна з гэтага канцэрту пачалося рыхтаванне да маштабных святкаванняў, запланаваных у 2015-м да 250-годдзя беларуска-польскага кампазітара.
Іншыя тэмы: У Горадні адкрылася выстава фатографа-іхтыёлага Юрыя Палуцкага. У рэпетыцыйнай зале Купалаўскага тэатру прэзентавалі пераклад на беларускую камедыяў графа Аляксандра Фрэдры. Гурт «Hurma» зняў ды паказаў дэбютны кліп.
Сяргей Будкін, Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu