“Куфэрак Віленшчыны” №15
Выйшаў з друку гісторыка-краязнаўчы і літаратурна-мастацкі альманах “Куфэрак Віленшчыны” №15, напаўненнем якога і выданнем з 2000 года займаецца Міхась Казлоўскі. Гэты нумар прысвечаны паэтэсе Таццяне Сапач (1962-2010), якой 26 жніўня было б усяго 51 год. Сваімі ўспамінамі і думкамі пра творы Таццяны ў альманаху дзеляцца: Кацярына Ермаковіч “Была… Ёсць… Будзе…”, Людка Сільнова “Пакінуты куфэрак сястры”, Ларыса Сапач “Я ўдзячна лёсу…”, Віктар Шніп “Мы—дзеці мінулага часу…”, Людміла Рублеўская “Па брукаванцы з лістабоем…”, Алег Аблажэй “Знічка”, Міхась Казлоўскі “Таня”. Учора ў вёсцы Маркава Маладзечынскага раёна, дзе нарадзілася Таццяна і цяпер спачывае на мясцовых могілках, у школе прайшла вечарына, прысвечаная памяці паэтэсы.