Экатурызм Смаргоншчыны: заўтра пачынаецца сёння

26.08.2013 20:48Views:
Таццяна Ражэва

Таццяна Ражэва

У бізнесе не бывае дробязей. Гэта тычыцца і прыватнага сектара экатурызму. Садзейнічанне ў стварэнні спрыяльных умоў для яго развіцця — адна з мэт праекта USAID, які рэалізуецца ПРААН і мае на мэце стымуляванне прыватных мікра-, малых і сярэдніх суб’ектаў экатурызму.

Нацыянальная выконваючая арганізацыя — Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Як паведамляла наша газета раней, у рамках праекта быў праведзены конкурс турысцкіх дэстынацый (або тэрыторый, на якіх створаны комплекс разнастайных паслуг для аматараў падарожжаў). У конкурсе перамаглі дзве заяўкі са Смаргоншчыны. Эксперты завяршылі работу над справаздачамі з ацэнкай сацыяльна-эканамічнага, гісторыка-культурнага і прыродна-экалагічнага патэнцыялу заяўленых тэрыторый, вядзецца распрацоўка рэкамендацый па стварэнні цэласных, эканамічна эфектыўных лучнасцей для абслугоўвання турыстаў самых розных катэгорый і інтарэсаў.

На мінулым тыдні прайшла рабочая сустрэча прадстаўнікоў турыстычнай дэстынацыі для стварэння стратэгіі развіцця экатурызму на тэрыторыі “Паўночных Афін”. Са справаздачай аналізу патэнцыялу гэтай тэрыторыі выступіла Галіна Мацюшэнка, эксперт па распрацоўцы стратэгій развіцця агратурызму. У мерапрыемстве бралі ўдзел зацікаўленыя асобы: намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко, начальнік упраўлення эканомікі Ірына Галдыцкая, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Ражэва, прадстаўнікі мясцовага дабрачыннага фонду “Паўночныя Афіны”, музейныя работнікі, спецыялісты ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму , гаспадары аграсядзіб. На мэце двухдзённага семінара было выяўленне слабых і моцных бакоў дэстынацыі, аналіз турыстычных прапаноў, вызначэнне галоўнага турыстычнага прадукту, метадаў яго прасоўвання на рынку турыстычных паслуг. А галоўнае — неабходна было прадаставіць як мага больш інфармацыі для распрацоўкі галоўных стратэгічных напрамкаў.

Турпрадукт — гэта не толькі сувеніры і магніцікі на халадзільнік. Гэта цэлая сістэма паслуг, прапаноў, мерапрыемстваў, якія павінны пакінуць найлепшыя ўражанні ў турыстаў і прыцягнуць на Смаргоншчыну як мага больш гасцей, а, магчыма, яшчэ і зацікаўленага інвестара, гатовага ўкладаць фінансы ва ўдасканаленне турпаслуг у аграрнай і экалагічнай сферах. Пэўную дапамогу ў піяры дыстынацыі і ў падтрымцы самых цікавых прапаноў бярэцца аказаць ПРААНаўскі праект. Эксперты будуць працаваць над канчатковай рэдакцыяй стратэгіі развіцця мясцовага турыстычнага бізнесу. У далейшым будзе абвешчаны конкурс грантаў мясцовых ініцыятыў. Атрымаць 15 тысяч долараў на ўвасабленне сваіх задум маюць магчымасць мясцовыя прадпрымальнікі, гаспадары аграсядзіб, рамеснікі, усе, хто мае дачыненне да сферы агратурызму.

Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі шматлікія праблемы, пачынаючы з брэнда “Паўночных Афін” і завяршаючы прапановамі аб пашырэнні эканамічных сувязей. Паўдзельнічалі ў трэнінгах па бачанні структуры дакумента стратэгічнага развіцця турыстычнай дэстынацыі. У групах распрацоўвалі план першачарговых мерапрыемстваў для развіцця турыстычнай дэстынацыі на перыяд 15-20 гадоў. Напэўна, упершыню Таццяне Ражэвай давялося трымаць справаздачу не пра тое, што адбылося, а пра тое, што мае быць дзесьці ў 2020 годзе. Але яе мары былі такія змястоўныя і такія рэальна абгрунтаваныя, што прысутныя заслухаліся і загарэліся жаданнем кожны сваім чынам паўдзельнічаць у стварэнні сапраўды прыцягальнай для турыстаў Смаргоншчыны, з вартаснай, адпавядаючай еўрапейскім і сусветным стандартам інфраструктурай. Ухвалена была і прапанова прэзентаваць праект на чарговым рэгіянальным эканамічным форуме “Паўночны вектар Гродзеншчыны”.
Дзякуючы праекту выдадзены каталог арганізацый падтрымкі мікра-, малога і сярэдняга бізнесу ў сферы экалагічнага турызму ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Пасля апрацоўкі матэрыялаў семінара-сустрэчы будзе выдадзена брашура стратэгічнага развіцця дэстынацыі “Паўночныя Афіны”.

Ала СТРАШЫНСКАЯ, "Светлы шлях"

Слайд-шоў/ФОТАРЭПАРТАЖ

 

 

Каментаваць