Пад ажурным парасонам
Нядаўна задалася пытаннем: адкуль у нашай мове з’явілася слова парасон і якая гісторыя гэтага прадмета? Аказалася, што слова парасон французскае, у літаральным перакладзе азначае “заслона ад сонца”. У Расіі французскі варыянт не прыжыўся, руская назва гэтага прадмета была запазычана з марскога ўстава пачатку 18 стагоддзя - “зондекъ” (гал. “zondec”) — гэта навес ад сонца на караблі. У нашых суседзяў-украінцаў назва прадмета ў нечым сугучна з нашай – парасоля.
Самым старажытным выявам парасонаў, якія дайшлі да нас, больш 3000 гадоў. “Аўтарскія правы” на парасон належаць Кітаю, дзе звычайны рабочы-плотнік у 10 стагоддзі да н.э. зрабіў для сваёй жонкі “страху, якая заўсёды пры ёй”. Але, як гэта заўсёды бывае з навінкамі, парасоны сталі прадметам вялікай раскошы і прывілеяй абраных – цароў і вяльмож. Парасоны служылі ім адначасова абаронай ад сонца і знакам адрознення, які дэманстраваў значнасць і багацце яго ўладальніка. Кароль Сімама любіў шпацыраваць пад парасонам з сямю купаламі, упрыгожанымі брыльянтамі і золатам. Кароль Бірмы меў парасон з 24 купалаў…
Культ парасона існаваў у афрыканскіх дзяржавах, дзе ён быў сімвалам улады. З Усходу ён перакачаваў у Грэцыю, затым у Рым, пазней у сярэдневяковую Еўропу, дзе з’явіліся цудоўныя карункавыя дамскія parasol. Другая палова папулярнасці парасонаў прыйшлася на 18 стагоддзе, калі іх пачалі выкарыстоўваць як абарону ад дажджу. Лічыцца, што ідэя прыйшла англічаніну Ханвею. Ён узяў звычайны жаночы парасон ад сонца, замяніў на ім тканіну на больш шчыльную і цёмную і стаў шпацыраваць у дождж па лонданскіх вуліцах. Яго суправаджэннем сталі насмешкі і свіст, бо лічылася, што парасон прызначаны толькі для жанчын. Смяяліся нядоўга: хутка ўсе зразумелі, што такое прыстасаванне - сапраўднае выратаванне для тых, у каго няма экіпажа.
Кожны з нас карыстаецца парасонам. Пра важнасць гэтага прадмета сведчаць майстры слова ў сваіх вершах. Парасон – гэта і сродак з’яднання дзвюх душ у вершы Валярыны Куставай “Дзве душы пад адным парасонам”, і надзейны і верны таварыш у вершы Сержука Сыса “Парасон”, і засцярога ад хваробы ў вершы Генадзя Аўласенкі “Сыпле з раніцы дождж”. Парасон выклікае шмат асацыяцый у паэтаў: з дзіравым чорным парасонам Таццяна Дзям’янава параўноўвае неба (верш “Дзіравы чорны парасон”), Ганна Атрошчанна ўбачыла ў абрысах парасона сонца (верш “Рэўнасць”), а вось класік беларускай літаратуры Кандрат Крапіва з парасонам параўнаў спадніцу атрысткі балета (верш “Балет”). А колькі песень складзена! У іх усё: і сум, і боль, і радасць, і каханне, і рэўнасць. Пра парасон спяваюць Якаў Навуменка, Ірына Дарафеева, гурт “Крамбамбуля”. Аказваецца, парасон не проста абарона ад дажджу, а выразнік думак і настрою чалавека… Але парасон услаўлены не толькі ў лірыцы. Мастакі-скульптары ўвекавечылі яго ў камені і жалезе (“Дзяўчына з парасонам” Уладзіміра Жбанава).
Спытаеце, чаму мяне, пятнаццацігадовага падлетка, так зацікавілі парасоны і іх гісторыя? Адказ просты – цікавасць выклікала маміна захапленне. Яна працуе ў Доме рамёстваў у вёсцы Залессе. Спецыяльнай адукацыі не мае, але мары ствараць шэдэўры ўласнымі рукамі сталі штуршком да самастойнага навучання вязанню кручком, спіцамі і не толькі: мая мама выдатна малюе і робіць цуды з падручнага матэрыялу. У 2013 годзе прайшла курсы павышэння кваліфікацыі ў горадзе Гродна.
Матуля вядзе заняткі ў гуртку “Чароўны кручок” для дзяцей малодшых класаў. Дзяўчынкі, што наведваюць гурток, імкнуцца стаць сапраўднымі гаспадынямі. Вучацца ствараць камфорт і ўтульнасць ва ўласным доме. Як? Асвойваюць вязанне сурвэтак, карункаў, скарбонак і іншых рэчаў, без якіх у доме пуста і холадна. Многія ажурныя вырабы, створаныя імі, удзельнічаюць у шматлікіх выставах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Мяне здзіўляюць карункі вывязаных сурвэтак, а асабліва ўражваюць незвычайныя маміны работы… Напрыклад, ажурнае панчо ці ажурны парасон. Такі парасон, што ад дажджу пад ім не схаваешся, затое ён уратуе свайго ўладальніка ад сонца і атуліць яго непаўторным шармам…
Адкуль у мамы бярэцца натхненне, вядома толькі ёй. Яна можа знайсці яго ў кропельцы расы на ажурнай павуцінцы і ў адлюстраваным у лужынцы воблачку, а яшчэ яно жыве ў радасных вачанятах яе выхаванцаў. Спачатку ў марах яна стварае вобразы, а затым пачынае ўвасабляць іх у рэальнасці.Такім чынам, пад маміным ажурным парасонам сабрана многае: прырода, радасць, сонца, мары і, безумоўна, каханне.
А вы не марылі стварыць ажурны парасон ці пабываць у Парыжы?.. Не бойцеся марыць. І дзейнічайце! У жыцці ўсё магчыма.
Паліна Кенько
Фота Алы Страшынскай
10:43
Прабачце, але аўтарка верша «Дзве душы пад адным парасонам» — Валярына Кустава.
12:36
дзякуй за заўвагу:) паведамлю аўтарцы артыкула — і выправім!