Фестываль “Open City 2013”. Нашы ў Любліне!
17-21 чэрвеня 2013 года. Лета. Польшча. Люблін. Транснацыянальны фестываль ландшафтнага дызайну “Адкрыты горад”. У рамках фестывалю польскі мастак Павел Альтхамер і беларуская мастачка Марына Напрушкіна сабралі каманду з 30 чалавек ды стварылі новы грамадскі парк у цэнтры Любліна.
У пэўны час у пэўным месцы сабраліся людзі з розных краінаў свету з мэтай стварыць новы грамадскі парк.
Падарыць яго гораду з гістарычнымі традыцыямі i вопытам мультыкультурнасці, які жорстка адкарэктавала другая сусветная вайна.
Да яе пачатку ў Любліне налічвалася каля 50% габрэйскага насельніцтва, тут кампактна пражывалі разам з палякамі беларусы, украінцы, рускія... “Тут і цяпер” пра страту цярпімасці і талерантнасці яскрава нагадвае Майданек. Былы канцэнтрацыйны лагер смерці, дзе загінула каля 360 тысяч чалавек. У нашы дні – музей, які нагадвае пра жахлівыя рэчы, якія адны людзі рабілі з другімі.
У кожнага з удзельнікаў фестывалю – свае думкі пра праект.
Анда Ротэнберг, куратар фестывалю “UNI-ON/JA, Адкрыты горад”
У праекце, дзе так шмат мастакоў ды інсталяцый, мне вельмі цікава паглядзець, як яны ўсе падыйдуць да тэмы, да яе раскрыцця… Такі складаны і важны сюжэт - ад уніі да ўніі…
У супярэчлівых варунках нашага свету заўжды знаходзяцца нацыі, якія з-за нейкіх ненатуральных палітычных авантур разрываюцца паміж рознымі дзяржавамі. Гэтыя палітычныя варункі падзяляюць людзей адной нацыі. Люблін калісці знаходзіўся ў цэнтры вялікай Польшчы, Рэчы Паспалітай. Гэта была вялікая ўнія, дзе ішла гаворка пра Польшчу і Літву, але мала казалася пра Украіну, Беларусь, Малдову, пра татараў і габрэяў, якія жылі тут. У наш час Люблін, які раней знаходзіўся ў цэнтры пэўнага свету, цяпер апынуўся на мяжы ўжо іншага свету. І складаецца з зусім іншых культурных, моўных канструкцый. Калі глядзець ад Атлантыкі, то гэта проста іншы канец Еўропы, Беларусь ды Україна зноўку не ўлічваюцца.
Праект Марыны Напрушкінай – пра тое, што існуе напаўзабытая, але моцная сувязь паміж Польшчай, Беларуссю ды Украінай. Мяжа Еўропы ўсё ж такі Урал.
І мне вельмі цікава зразумець, як бачаць такія праблемы іншыя мастакі. З Турцыі, Партугаліі, Германіі, Шатландыі. Ёсць яшчэ Прыбалтыка, ёсць польскія мастакі, якія спрабуюць зразумець, дзе яны цяпер. Мне вельмі цікава, як гэта ўсё рэалізуецца на адной пляцоўцы – у польскім горадзе Любліне.
Сільвія. Нарадзілася ў Польшчы (Вроцлаў), а жыве ў Берліне. Свой універсітэцкі дыплом на факультэце геаграфіі прысвяціла тэме “Гарадскія сады”
Здорава, што ў адным месцы змаглі сустрэцца такія розныя людзі! Змаглі працаваць разам, дамаўляцца, вырашаць рабочыя пытанні і ствараць нешта новае.
Рух гарадскога садаводства (ці агародніцтва) з’явіўся ў буйных гарадах ЗША ды Германіі як пратэст супраць пераўтварэння сучасных гарадоў у гетта са шкла і бетону, дзе не засталося нічога жывога, дзе людзі не могуць свабодна дыхаць, працаваць і адпачываць. Глабальнае гарадское садаводства – гэта суполка людзей, што жывуць побач, у адным раёне. Яны збіраюцца разам і ажыццяўляюць нейкі праект… Людзі проста не адчуваюць сваёй прыналежнасці да месца жыхарства і спрабуюць гэта выправіць, зрабіць месца пражывання больш прыгожым, утульным, “жывым”.
У розных людзей з розных краінаў свету ёсць свае прычыны для заняткаў гарадскім садаводствам-агародніцтвам: хтосьці робіць гэта таму, што хоча адчуць жывую прыроду, садавіну, гародніну, кветкі, а камусьці проста не хапае грошай на экалагічныя і натуральныя прадукты харчавання ў крамах. У Германіі прыхільнікамі гарадскога садаводства часта становяцца сем’і з дзецьмі, каб паказаць, напрыклад, як растуць клубніцы, што гэта насамрэч адбываецца не ў супермаркетах. І колькі працы трэба, каб вырасціць смачныя ягады, садавіну, гародніну. Выхоўваецца адказнасць: расліна не паліваецца, яна загіне.
Міжкультурныя сады. Гэты падвід гарадскога садаводства ў Германіі паказальны ў плане інтэграцыі розных народаў. На адной пляцоўцы могуць сустрэцца і працаваць разам з немцамі людзі з Аўганістана, Турцыі, Чачні, Ірану і г. д. У такіх міжкультурных садах пасадка раслін не галоўнае, галоўнае – сацыяльныя функцыі праекту, да прыкладу, адукацыйныя курсы для жанчын. Жанчыны з азіяцкіх краінаў падчас абсалютна не валодаюць граматай, не ўмеюць чытаць і пісаць. Шмат цікавых прыкладаў у гэтым накірунку: людзі могуць разам займацца кулінарыяй, вытворчасцю натуральнай касметыкі ці хадзіць у басейн. Для жанчын з закрытых культураў – гэта шанец выйсці з абмежаванага кола зносінаў сваёй сям’і. У такіх праектах людзі проста вымушаны мець зносіны, размаўляць паміж сабой, вырашаць нейкія канфліктныя сітуацыі, і гэта вельмі важна.
Вельмі цяжка ў гарадскіх умовах знайсці плошчу для парка-сада-агарода і захаваць яе за сабой больш, чымсьці на адзін год…
У Беларусі - свае асаблівасці, і вясковыя дзеці ў большасці выпадкаў цудоўна ведаюць, як і дзе растуць клубніцы. Кіраўніца ГА “Сяльчанка” Смаргонскага раёна Ала Мікалаеўна Шыцікава падчас агульнай размовы валанцёраў у парку распавяла пра стварэнне дзіцячай пляцоўкі ў Залессі, пра конкурс дзіцячых малюнкаў, прысвечаны выбару малых архітэктурных форм для гэтай пляцоўкі.
З Беларусі ў Люблін прыехала па запрашэнню мастачкi Марыны Напрушкiнай 12 чалавек, большасць з іх – прадстаўніцы ГА “Сяльчанка” з вёскі Залессе Смаргонскага раёна.
Дзякуючы “Сяльчанцы”, у Залессі праводзіцца шмат цікавых сустрэч і мерапрыемстваў. Тут створаны Вясковы сацыяльна-дзелавы цэнтр. Ужо чатыры разы запар праводзіўся фестываль-кірмаш “Залессе запрашае сяброў!”, на які прыязджалі людзі з усёй Беларусі ды іншых краінаў. Конкурсы кветкавых кампазіцый, майстар-класы народных майстроў, выстава-продаж сувеніраў, канцэрты розных музычных калектываў – вось няпоўны пералік таго, што адбываецца падчас свята. Галоўнае, што тут, побач з маёнткам кампазітара і палітыка Міхала Клеафаса Агінскага, вядомага па паланэзу “Развітанне з Радзімай”, маюць шанец сустрэцца і добра правесці час сябры, аднакласнікі, родзічы.
У Залессі здаўна любяць кветкі, і кожная жанчына, што прыехала на люблінскі фестываль, з’яўляецца дызайнерам-практыкам свайго кветніка, сада і агарода. Вельмі прыгожыя кветнікі ў Валянціны Маркевіч ды Вольгі Пачыкоўскай, а вось Вераніка Шчуроўская, Таццяна Кежун і Марыя Зенкевіч прынялі ўдзел у конкурсе праектаў па развіццю жаночага малога бізнэсу ў сельскай мясцовасці Праграмы Матра. Гэта дало ім магчымасць набыць неабходнае абсталяванне (цяпліцы, насенне кветак…) і распачаць сваю справу.
Жанчыны-валанцёркі з Залесся вельмі рады, што змаглі прыехаць на фестываль. Усе яны – прадстаўніцы розных прафесій (бухгалтар, бібліятэкар, выхавальнік дзіцячага садка, настаўніца, ідэолаг (!) на мясцовым заводзе і майстра цэху адтуль жа, пенсіянеры, хатнія гаспадыні…), якіх аб’ядноўвае малая радзіма – Залессе. Для многіх жанчын з Залесся Люблін стаў шанцам адарвацца ад хатніх клопатаў і адкрыць для сябе штосьці зусім новае. Убачыць новых людзей, прыгожы еўрапейскі горад, папрацаваць у камандзе людзей з іншых краінаў.
Перапіска, прысвечаная нашаму парку, ішла каля двух месяцаў. Вельмі шкада, што не змагла прыехаць у Люблін адна з актыўных удзельніц завочнага абмеркавання і стварэння канцэпцыі парку – ландшафтны дызайнер з Менска Наталля Манаенкава. Візавыя пытанні звычайных беларусаў падчас астаюцца без адказу, або расцягваюцца ў часе настолькі, што не супадаюць з часам правядзення канкрэтнага фестывалю.
Ангеліна Разінкова, горад Арцёмаўск, Данецкая вобласць, Україна
Вясной мне патэлефанавалі сябры і прапанавалі паўдзельнічаць у праекце “Ствары парк разам”. Мы паспрабавалі, падалі заяўку - і нас запрасілі ў Люблін. Было вельмі цікава папрацаваць з жанчынамі з Беларусі, было цікава пазнаёміцца з людзьмі з іншай краіны, пачуць, як там жывуць людзі… Мае чаканні ад праекта апраўдаліся. Было б вельмі цікава зірнуць на парк праз нейкі час, убачыць фота…
Аляўціна Сохіна, Стаханаў, Луганская вобласць, Украіна
Прыехала на фестываль выпадкова, замест іншага чалавека. Хачу стварыць новы парк у сваім горадзе. І мая асабістая гісторыя, гісторыя маёй сям’і звязаная з Люблінам. У пачатку 20 ст. прабабуля са сваім братам з’ехалі з ваколіц Любліна на Украіну (паселішча Камень). Чаму – засталося таямніцай… Засталіся дакументы і старыя фота. Ведаю дакладна, што тут жывуць мае родзічы. Хачу аднавіць свой радавод.
Шахты, заводы – праблемы экалогіі вельмі актуальныя для Луганскай вобласці. Зразумела, у Стаханаве ёсць свае “фішкі”. У нас ёсць прыватны парк - прыгожая тэрыторыя ў цэнтры горада. Возера. Расліны. Атракцыёны і кавярні. Ёсць і гарадскі палац культуры імя Горкага з карцінамі мастака Андрэя Лайтарука. Будынак у форме самалёта - візітная картка нашага горада.
Сама я працую ў Першамайску. Менавіта тут я і хачу стварыць парк на месцы закінутага гарадскога сквера. Я мару стварыць тэматычны парк, магчыма, з экалагічным ухілам… Гэта магло б быць прыгожае месца адпачынку для дзяцей і моладзі.
Каця Іваноўская, нарадзілася ў Менску, але ўжо 12 год жыве ў Берліне
Захапляюся ландшафтным дызайнам ўжо год, чытаю кнігі, але практыкі да Любліна не было. Уражанні розныя, розныя людзі і настроі. Мяне захапляе ідэя грамадскага парку, парку, расліны якога набліжаны да прыроды.
Вольга Гуцала і Наста Гузенка, студэнткі (графічны дызайн), Луганск, Украіна
Нам вельмі спадабалася старое места Любліна. І мы марым захаваць старую частку Луганска, таму што ёсць варыянт забудовы яе офісамі са шкла і бетону. “Рэканструкцыя” можа знішчыць тую маленькую частку старога места, якая яшчэ захавалася ў такім вялікім прамысловым цэнтры, як Луганск. На самай першай вуліцы нашага горада жыў вядомы лінгвіст-навуковец Уладзімір Даль І гэта адна з асаблівасцей, што магла б зацікавіць патэнцыйных турыстаў.
Арцём Коласаў, студэнт, факультэт мастацка-кампутарнай графікі, Луганск, Украіна
Цікаўлюся плакатам, сучасным мастацтвам, але лічу, што нельга абысціся без ведання мастацтва класічнага… Трэба ведаць асновы і пачынаць рабіць нешта сваё. Новыя мясціны і новыя знаёмствы – гэта заўжды здорава, і я вельмі ўдзячны праекту за магчымасць папрацаваць у Любліне, стварыць прыгожы парк, які будзе радаваць месцічаў.
Андрэй Раманенка, студэнт, факультэт мастацка-кампутарнай графікі, Луганск, Украіна
Цікаўлюся дызайнам, жывапісам, графікай, захапляюся плакатам… Вельмі рады, што трапіў у Люблін. Канечне, постсавецкія краіны адсталі ад еўрапейскіх мастацкіх тэндэнцый, але такія праекты даюць шанец нам дагнаць Еўропу, і, думаю, мы можам зрабіць гэта. Сучаснаму мастацтву на Украіне патрэбна падтрымка, але я патрыёт і спадзяюся, што ў нас усё будзе добра! У нас ужо ёсць цікавыя пачынанні, толькі ў адрозненне ад еўрапейскіх краінаў у краінах постсавецкіх не адпрацаваны фармат узаемадачыненняў паміж мастакамі і чыноўнікамі. Ёсць цікавыя мастакі, але яны не ведаюць, як прыйсці да грамадскасці са сваімі ідэямі і праектамі, як іх прасоўваць. У нашым горадзе ўжо пяты год адбываецца цікавая выстава сучаснага мастацтва “+/- 15”.
На ўрачыстым адкрыцці фестывалю і парка прысутнічалі намеснік міністра культуры Маргарыта Аміланоўская ды куратар фестывалю “Адкрыты горад” Анда Ротэнберг.
Людзі з розных краінаў свету сабраліся ў цудоўным горадзе і падарылі яму парк. Вельмі хочацца, каб ён захаваўся, жыў і радаваў дзяцей ды дарослых сваёй прыгажосцю. Ёсць ідэя вярнуцца ў Люблін і падрыхтаваць парк да зімы. Трэба знайсці надзейных валанцёраў на месцы, якія маглі б далей клапаціцца пра расліны і дзіцячую пляцоўку – сваоеасаблівы пазітыўны “дадатак” да парку. Хочацца верыць, што ўсё атрымаецца!
Дар’я Ліс
Фота Марыны Напрушкінай
Парк Таксім-Гезі ў Стамбуле – адзін з самых маленькіх паркаў гэтага вялікага горада! – паказаў, што грамадскасць можа мець сваё меркаванне і гэта меркаванне адстойваць… Аўтарка дадзенага тэксту ў дзяцінстве была моцна ўражаная смеццем у мясцовым лесе, з-за якога гублялася ўся яго прыгажосць. Вынікам стала зацемка ў дзіцячай газеце “Раніца”… Тая зацемка нічога не змяніла, але лакальная экалагічная праблема штурхнула да журналістыкі як прафесіі. Прафесія штурхае далей, праўда, не можа выштурхнуць з інваліднай каляскі… І ўсё ж немагчымасць танчыць хуткія танцы ды ездзіць на беларускіх цягніках з-за адсутнасці безбар’ернага асяроддзя не павінна перакрэсліць усё астатняе... Жыццё, падарожжы і цікавыя праекты.