Постфактум. Залессе адфестываліла!
6 жніўня 2011 года ў Залессі прайшоў чарговы, трэці па ліку, фестываль-кірмаш “Залессе запрашае сяброў”. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні свята прынялі пярвічная арганізацыя “Сяльчанка” грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, Залескі сельскі савет, фонд “Жывое партнёрства” пры дапамозе Праграмы Малых Грантаў амбасады ЗША ў Беларусі.
Удзел у свяце прынялі майстры народнай творчасці, калектывы мастацкай самадзейнасці, жыхары Залесся і ваколіцаў. На адкрыцці свята выступіў намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Потым на сцэну выйшлі мясцовыя калектывы мастацкай самадзейнасці і сольныя выканаўцы, а таксама госці з Польшчы (Беласточчына, этнаграфічны калектыў “Цаглінкі”), Расіі (Масква, фальклорны гурт “Кірмаш”), Віцебска (калектыў мастацкай самадзейнасці “Віцебскаблгаз”) і Жодзішак (гурт песні і танца “Вечарынка”). Выступіў з прамовай і старшыня беларускіх суполак Літвы Раман Вайніцкі.
Жыхары Залесся запрасілі гасцей у свае імправізаваныя падворкі, дзе госці маглі пачаставацца язэпаўкай, шмурдзюком і іншымі прысмакамі. У мястэчку гасцей і сяброў свята сустракалі ў сямі падворках: арганізацыі “Сяльчанка”, “Жыць здорава!” Залескай амбулаторыі, “Шутавіцкія прысмакі” жыхароў Шутавічаў, “На хатку немаўлятку”, “Пачастунак”, дзе гаспадарыла Людміла Гружэўская, “Карчма “Агінец”, падрыхтаваная моладдзю, і “Казачная паляна” Залескага цэнтральнага дома культуры.
Адна-дзве тысячы рублёў – і вы маглі пачаставацца блінамі з начынкай, вафлямі, грыбкамі, рагалікам. Паспрабаваць наліўкі, настойкі, квас. Прадаваліся таксама цукровыя пеўнікі, дранікі, бутэрброды з салам. Супрацоўнікі Залескай амбулаторыі адкрылі фітабар з квасам, травянымі настоямі і чаямі. Побач працавала “аптэка”, дзе былі “лекі” ад мярцвення канечнасцяў, “ад удаўленія”, ад усіх хваробаў і нават “для кахання”. Як і на іншых святах, свае вырабы прадавалі народныя майстры, працавалі атракцыёны для дзяцей.
Напрыканцы фестывалю старшыня сельсавета Зянон Грышкевіч адзначыў гаспадароў дамоў узорнай культуры Залесся і тых, хто ладзіў падворкі для кірмашу, а таксама запрасіў усіх сустрэцца праз год.
Арганізатары свята былі вельмі рады прыезду беларусаў Польшчы (“Цаглінкі”) і спадзяюцца на ўдзел іншых польскіх калектываў у наступным свяце. Рады будуць у Залессі і прыезду народных майстроў са сваімі вырабамі. Імя Міхала Клеафаса Агінскага насамрэч аб’ядноўвае беларусаў, палякаў і літоўцаў.
У гэты раз фэст прайшоў не ў маёнтку Агінскіх (там урэшце распачалася рэстаўрацыя), а ля будынку былога санаторыя-прафілакторыя. Гэты аб’ект можа пераўтварыцца ў добры гатэль, але цяпер выглядае зусім не прэзентабельна. Уладальнік санаторыя шукае надзейнага партнёра для аднаўлення працы санаторыя.
Дар’я Ліс