Вандроўка па мясцінах дзяцінства Збігнева Жакевіча

18.05.2018 14:52Views:
Апошнім часам мы ўсё часцей даведваемся аб людзях, якія ў ХХ ст. складалі гонар нашай малой Айчыны – Смаргоншчыны, але імёны якіх па нейкіх прычынах замоўчваліся ці былі проста забытыя. Імя пісьменніка, па мясцінах дзяцінства якога прайшла нядаўняя літаратурна-гістарычная вандроўка, дасюль не было знаёма ў Беларусі ўвогуле. Гэта выдатны польскі пісьменнік Збігнеў Жакевіч (1933-2010), аўтар шматлікіх твораў, а таксама гісторык рускай літаратуры,  навуковы супрацоўнік Гданьскага ўніверсітэта.   

Выхаваны ў бацькоўскім доме ў Маладзечне і маёнтку дзеда пад Крэвам, Збігнеў Жакевіч быў сведкам грозных падзей 1940-х гадоў, спазнаў голад і пакуты, перажыў смерць многіх блізкіх, у тым ліку дзядулі, бабулі і бацькі. У 1946 годзе разам з маці быў рэпатрыяваны ў Польшчу.

Жыццё пісьменніка на Смаргоншчыне было часам станаўлення яго юнацкага светапогляду. Але перажыванні дзяцінства станавіліся часам непад’ёмным цяжарам для ўражлівай душы, таму літаратурная творчасць стала пазней спосабам вызваліцца ад падаўляючага цяжару ўспамінаў. Ужо ў 1968 г. ён напісаў сваю першую аўтабіяграфічную аповесць – “Род Абачаў”, якая ўяўляе сабой своеасаблівы паэтычны гімн смаргонскай зямлі, а менавіта мясцовасці Паніззе Татарскае, дзе быў размешчаны маёнтак яго дзеда Антонія Аганоўскага. Вось як З. Жакевіч пачынае свой аповед пра Паніззе (у аповесці гэта – Ніжаны):

“… Я ўваходзiў ў Ніжаны, як скрыпка ў знойдзены футляр. Тут свет шчыльна прылягаў да мяне, і толькі тут я мог адчуваць тую свабоду, якая вяла мяне на абрывістыя сцежкі і загадвала адкрываць незнаёмыя сусветы…” “… Мой Божа, Ніжаны, гэтыя схаваныя ў ліпах і вольхах, гэтыя  глядзячыя у ставы і ручаі Нiжаны, якія абуджаліся разам з прылятаючым птаствам, а паміралі з апошнім крыкам дзікай гусі, гэтыя Ніжаны, што ляжалі нізка пад высокім небам – тут была мая сапраўдная калыска, тут было месца маіх трыумфаў і паражэнняў! Толькі тут я мог зразумець таямніцу катастрофы роду Абачаў, тут мог пранікнуць і ў Жубровічаў…” (сваё ўласнае прозвішча пісьменнік замяніў на “Жубровіч”).  

Я не ведаю іншага пісьменніка, які гэтак жа пяшчотна выказваецца аб Смаргоншчыне і ўмее перадаваць свае пачуцці  проста ад сэрца да сэрца. Аўтабіяграфічныя творы Жакевіча: аповесці “Род Абачаў”, “О Вілія, якая ў глыбінях мора” і “Воўчыя лугі” пазней склалі трылогію “Віленскі трыптых” (1992 г.) У трылогіі ўжываюцца некаторыя аўтэнтычныя назвы населеных пунктаў, прозвішчы мясцовых жыхароў, упамінаюцца рэальныя мясцовыя падзеі і ўражанні ад сустрэчы з уладальніцай сядзібы М.К. Агінскага ў Залессі падчас вайны – пані Жэброўскай.  Творы З. Жакевіча напоўнены такой вялікай любоўю да беларускай  зямлі і яе людзей,  што нязменна саграюць і аб’ядноўваюць вакол сябе  сэрцы чытачоў.

Таму ў вандроўку, якая прайшла нядаўна па мясцінах дзяцінства Збігнева Жакевіча, паехалі менавіта тыя, хто ўжо паспеў пазнаёміцца з “Віленскім трыптыхам” ці яго фрагментамі ў маім перакладзе на беларускую мову,  апублікаванымі ў Інтэрнэце. Гэта былі журналісты са Смаргоні, Ашмян і Маладзечна, члены маладзечанскага фонда “Спадчына М.К. Агінскага”, мастачка з Заслаўя, аматары гісторыі са Смаргоні і Залесся і прадпрымальнікі з Мінска і Маладзечна.

Маршрут вандроўкі пачаўся ў Залессі і ўключаў у сябе прыпынкі ў Паніззі Татарскім, у вёсцы Беніца, дзе быў ахрышчаны Збігнеў Жакевіч і дзе бралі шлюб яго бацькі, агляд татарскіх могілак у в. Даўбучкі, дзе ў часы З. Жакевіча знаходзілася мусульманская мячэць, найгалоўнейшая для татараў усёй Усходня Еўропы, і дзе пахаваны далёкія продкі Жакевіча па лініі дзеда.

Далей падарожжа завяло нас у крыху аддаленую ад Даўбучак вёсачку Ленкаўшчына Маладзечанскага раёна, дзе ў гады вайны існавала агульнаадукацыйная школка, якую наведваў малы Збігнеў. Настаўнікам там працаваў Юльян Сергіевіч, беларускі паэт і самаахвярны нацыянальны дзеяч, асоба надзвычай гуманная і таленавітая. Ён першы распазнаў літаратурны талент Збігнева і прадказаў яму вялікую будучнасць. Сяброўскія адносіны звязвалі настаўніка і вучня да смерці Сергіевіча. 

Прыемным супадзеннем было тое, што якраз у дзень нашай вандроўкі у Ленкаўшчыне была запланавана прэзентацыя кнігі аб Юльяне Сергіевічы, напісанай маладзечанскім краязнаўцам Міхасём Казлоўскім. Кніга называецца “За волю родных хат” і ўтрымлівае біяграфічныя звесткі і вершы самога Юльяна Сергіевіча, апісанне яго сяброўства са Збігневам Жакевічам, Янкам Брылём, Ларысай Геніюш і іншымі вядомымі дзеячамі. М. Казлоўскі працаваў над ёй ужо некалькі гадоў і лічыць, што сваёй працай аддаў доўг пашаны ахвярнаму чалавеку, паэту і вялікаму пазітывісту нацыянальнага пытання ў Беларусі.

Мы ўшанавалі месца пахавання Ю. Сергіевіча на ленкаўшчынскіх могілках і памаліліся за яго душу, а прадстаўнікі мясцовай улады ўсклалі вянок на яго магілу. Наведванне Ленкаўшчыны прынесла стойкае адчуванне, што адраджэнне заслужанай памяці выдатных сыноў нашай старонкі адбылося. Жыхары вёскі і прадстаўнікі ўлады атрымалі ў падарунак кнігу М. Казлоўскага і пераклад аповесці “Ў Вілія, якая ў глыбінях мора…”, дзе гаворыцца аб Ю. Сергіевічы і ленкаўшчынскай школцы ў час вайны.

Шматзначныя супадзенні на гэтым не скончыліся. У Ленкаўшчыне ацалеў дом Юльяна Сергіевіча, куплены нядаўна пад дачу сям’ёй з Мінска. Папрасіўшы дазволу ўвайсці, каб агледзець дом усярэдзіне, мы нечакана даведаліся, што новыя гаспадары захоўваюць канверт з лістом, напісаным па-польску, які яны знайшлі пад цыраткай на стале.

Інтуіцыя не падманула: гэта быў ліст Збігнева Жакевіча да Юльяна Сергіевіча, вучня да настаўніка, напісаны ў 1974 г., за год да смерці апошняга, дзе гаварылася пра літаратурныя справы, новыя творы. Гэтая знаходка выглядала містычнай падзеяй, якая як быццам паказвала нам, што наш краязнаўчы высілак быў скіраваны ў правільным кірунку. Дзеля такіх уражанняў варта пераадольваць уласную інерцыю і нават некаторыя цяжкасці, таму што яны даюць непаўторнае пачуццё людзкой еднасці і таго, што мы – нацыя са сваёй хаця і складанай, але багатай і непаўторнай гісторыяй.  

Таццяна Кляшчонак, фота аўтара і Алы Клемянок

Творчыя ўзнагароды З. Жакевіча

1971—Узнагарода Фундацыі імя Касцельскіх

1976—Залаты Крыж Заслугі (дзяржаўны ордэн)

1989— Кавалерскі крыж ордэна Адраджэння Польшчы

1998—медаль Камісіі Народнай Адукацыі

2000—медаль князя Мсцівоя ІІ

2003—Лаўрэат узнагароды прэзідэнта г. Гданьска ў вобласці культуры

Памёр 24 чэрвеня 2010 г.

 

 

Каментаваць