Адкрыццё выставы Сяргея Савіцкага “Над часам і прасторай”

09.01.2018 15:41Views:
Музей-сядзіба М.К. Агінскага – чароўнае і атмасфернае месца, якое натхняе творчых людзей на працу. Паэты, пісьменнікі, мастакі вельмі любяць гэтыя мясціны, яны адзначаюць, што Залессе валодае прыцягальнай, магічнай сілай. 

На базе музея пастаянна ладзяцца выставы мастакоў і фотамастакоў. З першых дзён 2018 года ў сядзібе пачала працаваць выстава Сяргея Савіцкага “Над часам і прасторай”.  Сяргей Іванавіч нарадзіўся ў 1950 годзе ў Забайкаллі. Скончыў школу і Усходне-Сібірскі тэхналагічны ўніверсітэт. Служыў ў Арміі на тэрыторыі Манголіі. З 1975 года жыве і працуе ў горадзе Маладзечна. Амаль пяць год працаваў на радыёзаводзе на розных пасадах.

Жывапісам пачаў займацца з 1985 года. Наведваў народную мастацкую студыю Палаца культуры горада Маладзечна. Творчыя прыёмы засвойваў і ўдасканальваў самастойна, выкарыстоўваючы класічную тэхніку жывапісу. З 1992 года ўдзельнічаў у розных выставах на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі. На працягу апошніх год прайшлі асабістыя выставы мастака ў Мінску, Маладзечна, Смаргоні, Вілейцы. Шматлікія працы знаходзяцца ў замежных асабістых калекцыях.

Асноўная тэма прац экспазіцыі “Над часам і прасторай ” - разнастайнасць акаляючага свету праз асобныя фрагменты часу і прасторы. Назіранне над прыродай, яе магічнымі з’явамі, духоўнае жыцце чалавека, пошук кропак жыццевай раўнавагі, светлы вобраз маці, праблема чалавечага выбару таксама знайшлі адлюстраванне ў творчасці мастака. Карціны Сяргея Іванавіча напоўнены жыццём, пазітывам, паэзіяй.

Атрымаць асалоду ад пранікнёных прац Сяргея Іванавіча Савіцкага можна будзе на працягу двух месяцаў у знакамітай аранжарэі М.К. Агінскага.

Наталля Чудакоўская

Каментаваць