Грамадзкая культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтар дасьледаваньня грамадзкага кіраваньня СІМПА абвяшчаюць новы набор у Школу мэраў.
Атрымаць неабходныя веды і навыкі па тым, як эфэктыўна прасоўваць інтарэсы супольнасьці, можна ў Школе мэраў за 100 гадзінаў навучаньня з экспэртамі зь Беларусі, Літвы і Ўкраіны.
Праграма Школы мэраў складаецца з 4 сэсіяў з інтэнсіўнымі тэарэтычнымі і практычнымі заняткамі, а таксама працы над індывідуальнымі і групавымі праектамі цягам 9 месяцаў:
1 сэсія (Беларусь, 2-4 лютага 2018) – прынцыпы ўстойлівага разьвіцьця і добрага кіраваньня, асновы публічнага адміністраваньня, мясцовае самакіраваньне і грамадзкія фінансы.
2 сэсія (Літва, вясна 2018) – практычны досьвед рэформаў на шляху да рынкавай эканомікі і сучаснага дзяржаўнага кіраваньня ў краінах Балтыі.
3, 4 сэсіі (Беларусь, лета, восень 2018) – навыкі вядзеньня публічных дыскусіяў, падрыхтоўкі стратэгічных і юрыдычна значных дакумэнтаў, прасоўваньня і абароны грамадзкіх інтарэсаў, працы з мэдыя, працы ў камандзе і лідэрства, кіраваньня праектамі.
Лепшыя слухачы дадаткова змогуць пазнаёміцца з досьведам Малдовы па супрацоўніцтве паміж грамадзянскай супольнасьцю і органамі ўлады.
Адбор у Школу мэраў адбываецца шляхам конкурсу па наступных крытэрах:
– Узрост 20-35 гадоў;
– Досьвед абароны і прасоўваньня грамадзкіх інтарэсаў на мясцовым узроўні;
– Роля і прызнаньне ў мясцовай супольнасьці (рэкамэндацыі ад лякальных НДА, органаў улады і кіраваньня, бізнэсу);
– Матывацыя (як атрыманыя веды будуць выкарыстаны на практыцы).
Удзел у праграме Школы мэраў бясплатны. Працоўныя мовы – беларуская і расейская.