«Музычныя мары Залескай сядзібы»

26.09.2017 20:19Views:
25 верасня ў Залессі на Смаргоншчыне адсвяткавалі 252 угодкі з Дня народзінаў кампазітара і дыпламата М. К. Агінскага. Музей прымаў гасцей. Вечарам ва унутраным дворыку палаца зладзілі грандыёзны канцэрт. 

Ужо традыцыйна Залессе адзначае Дзень народзінаў Агінскага пад гукі класічнай музыкі – разам з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. Вядоўцай імпрэзы была вядомая музыказнаўца Вольга Дадзіёмава.

Панядзелак не самы ўдалы дзень для “свецкіх” мерапрыемстваў, асабліва ў правінцыі, але сябрам Міхала Клеафаса гэта не перашкодзіла сабрацца ў Залессі. Шыкоўнае надвор’е бабінага лета пераўтварыла будні дзень у святочны і паступова дадало гасцей. Гучалі паланэзы, вальсы і мазуркі, а на развітанне – паланэз Агінскага, пад які імгненна ўстала ўся “зала”. Думаецца, гэта ўзрушыла маэстра Фінберга і падштурхнула выйсці на сцэну (насуперак традыцыі), а таксама - просьба намесніка старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзя Бычко, які ўручыў мэтру кветкі і “Мемуары” М. К. Агінскага.

Сціхлі гукі паланэзу – гукі залатой восені працягваюць гучаць…

Дар’я Ліс

Каментаваць


*