Міхал Шульц, архітэктар сядзібы ў Залессі

25.09.2017 23:29Views:
Над узвядзеннем залескай сядзібы князя Міхала Клеафаса Агінскага працавалі два віленскія архітэктары - Міхал Шульц і Юзаф Пусэ. Праца цягнулася 12 гадоў – з 1802 па канец 1814 г. За гэты час быў пабудаваны не толькі аднапавярховы жылы будынак несустраканай дасюль формы - літарай “Г”, а і сямейная капліца, аранжарэя з цяпліцай і шматлікія гаспадарчыя пабудовы (кухні-афіцыны, домік садоўніка, гадавальнікі для раслін парку і саду і іншыя, якіх на тэрыторыі сядзібы сёння ўжо няма). 

У парку былі ўзведзены некалькі альбтанак для адпачынку, берагі рэчак Бабрынкі і Рудзіцы злучалі элегантныя масткі, над дамбай узвышаліся вадзяныя млыны. Было прадугледжана і ўмацаванае месца для дзікага звярынца.

Нешматлікія крыніцы ў Беларусі паведамляюць, што ў 1812 г. Юзаф Пусэ пераняў кантроль за вядзеннем будаўнічых работ у Залессі, і адбылося гэта пасля смерці Міхала Шульца. Чаму наступіла смерць? Ці Шульц быў ужо такі стары і хворы? Здавалася б, адкуль у наш час знайсці адказ на гэтае пытанне, адкуль узяцца звесткам пра падзеі жыцця гэтага архітэктара, будынак якога выдатна вытрымаў выпрабаванне часам і сёння прымае ў свае парогі тысячы турыстаў і аматараў гісторыі?

Аказваецца, адказу на гэтае пытанне ў Беларусі проста ніхто і не шукаў, бо інакш нам ужо даўно было б вядома, што ў Вільні з даўніх часоў існуе нават вуліца яго імя (Mykolo Šulco gatvė) у раёне Вільнюса Пашылайчай  і што ў гэтым горадзе ацалела некалькі палацаў, пабудаваных па праекту Міхала Шульца (так званы “Дом Франка”, палац Тызенгаўзаў, палац Бжастоўскіх і іншыя).  А паколькі ён шмат гадоў выкладаў архітэктуру ў Віленскім універсітэце, то звесткі пра яго трэба шукаць і там.

Міхал Анёл Шульц паходзіў нарадзіўся ў 1769 г. ў Курляндыі і паходзіў з нямецкай сям’і  (Курляндыя – гэта тэрыторыя сённяшняй заходняй Латвіі). У 1788 годзе ён скончыў Галоўную віленскую школу  (у 1803 годзе ператвораную ў Віленскі ўніверсітэт) са ступенню доктара філасофіі. Вучань прафесара Лаўрына Гуцэвіча. З восені 1788 года выкладаў у школах Крэтынгена, Вільні, Навагрудка. Супаставіўшы з датай нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, бачна, што яны былі амаль равеснікамі (Агінскі нарадзіўся ў 1765 г.). Прынамсі, у касцюшкаўскім паўстанні 1794 г. Шульц прымаў актыўны ўдзел, як і Агінскі. Але ў палітычную эміграцыю не трапіў, а ўвосень 1797 года стаў ад'юнктам прафесара Лаўрына Гуцэвіча, пазней — прафесарам універсітэта, узначаліў кафедру архітэктуры.

Напачатку сваёй дзейнасці завяршаў працы, распачатыя Гуцэвічам: у 1798—1801 гадах завяршыў рэканструкцыю віленскага Кафедральнага сабора, у 1798—1800 — віленскай ратушы.

Затым працаваў над рэканструкцыяй будынкаў Віленскага ўніверсітэта. У 1799—1801 гадах на трэцім паверсе паўночнага корпуса ў двары Сарбевія абсталяваў уласную кватэру ў чатыры пакоі. Інтэр'ер кватэры Шульц дэкараваў ляпнымі арнаментамі і формамі розных ордэраў. Для асвятлення спальні накшталт рымскага атрыума ў столі і даху прасечана акно прамавугольнай формы. Памяшканне ўпрыгожана формамі дарычнага ордэра, сканцэнтраванымі ў антаблеменце і апраўленні вокнаў. У сваёй кватэры Шульц чытаў лекцыі, выкарыстоўваючы яе як навочны дапаможнік па гісторыі архітэктуры і праектаванню. З 1799 года праектаваў, будаваў і рэканструяваў таксама і дамы персанала ўніверсітэта, таксама іншыя жылыя дамы Вільні, сядзібныя ансамблі і храмавыя будынкі ў Літве і Беларусі. Аднапавярховыя будынкі заходняга корпуса ў двары М. Даўкшы Шульц рэканструяваў пад кватэры прафесараў, змяніўшы планіроўку і надбудаваўшы два паверхі. У 1806 годзе трэці паверх заходняга корпуса двара Сарбевія архітэктар прыстасаваў пад бібліятэку. У 1810 годзе ў Вялікім двары ён перабудаваў фасад аулы (актавай залы), упрыгожыўшы яго класіцыстычным порцікам. У 1811 годзе Шульц працаваў на праектам рэканструкцыі аулы.

У 1799 годзе архітэктар рэканструяваў будынкі ў Сярэйкішках, прыстасаваўшы іх для кафедры прыродазнаўчых навук (лабараторыі, аўдыторыі, кватэры прафесараў). Тады ж ім быў падрыхтаваны праект Сярэйкішкскага батанічнага саду і пабудаваны масток у садзе. Увосень таго ж года Шульц рэканструяваў будынак універсітэцкай аптэкі (палац Бжастоўскіх) на рагу вуліц Святога Яна (Швянта ЁнаŠv. Jono g.) і Універсітэцкай (Універсітэта, Universiteto g.). У 1807 годзе архітэктар рэканструяваў трохпавярховы дом Прозараў на Вялікай вуліцы, у якім былі размешчаны кватэры для прафесараў. Пасля будынак стаў вядомы як дом Франка, цяпер тут размяшчаюцца кнігарня, пасольства Францыі і Французскі культурны цэнтр..

У 1807—1810 гадах па праекце Шульца рэшткі занядбанай Прачысценскай царквы былі перабудаваны ва ўніверсітэцкі Анатомікум з аўдыторыямі і празектарскімі на першым паверсе і кабінетамі, навучальнымі і гаспадарчымі памяшканнямі на другім.

Трохпавярховы дом, які належаў універсітэту, Шульц у 1809—1810 гадах рэканструяваў для патрэб Хімічнай калегіі: пабудаваў вялікую ратондную аўдыторыю, абсталяваў кватэры прафесараў. У хімічнай аўдыторыі ў форме амфітэатра ў нішах паміж дарычнымі пілястрамі былі ўбудаваны цыліндрычныя печы. Цяпер у гэтым будынку размяшчаецца Міністэрства адукацыі і навукі Літвы (вугал вуліц А. Валана і Сятога Мікалая, A. Volano g. 2 / Šv. Mykolo g. 9). Шульц таксама праектаваў рознага роду культавыя будынкі. У 1802 годзе ён спраектаваў і ўзвёў званіцу касцёла Святой Ганны ў Вільні. У 1802—1803 гадах архітэктар падрыхтаваў праект трохнефнай царквы, школы, гаспадарчых і вытворчых пабудоў у Свіслачы (Беларусь). Мяркуецца, што Шульцу належыць праект ансамбля каменных капліц у Вабальнінкасе (цяпер Біржайскі раён).

 Напачатку XIX ст. архітэктар удзельнічаў у стварэнні інтэр'ераў палаца Тызенгаўзаў у Вільні на рагу Нямецкай і Троцкай вуліц (цяпер Вакечу і Траку, Vokiečių g. 28 / Trakų g. 17).

 У 1802—1812 гадах Шульц праектаваў ансамбль сядзібы М.К. Агінскага ў Залессі, недалёка ад Смаргоні. У 1806 годзе архітэктар рэканструяваў сядзібу ў Нямежысе (цяпер Вільнюскі раён), каля 1811года сядзібу ў Анташаве (цяпер Вільнюскі раён).

Пры рэканструкцыі будынкаў універсітэта Шульц, як правіла, вялікую ўвагу надаваў зручнасці і функцыянальнасці. Ад прац прадстаўнікоў ранняга класіцызму і стылю яго настаўніка Лаўрына Гуцэвіча праекты Шульца адрозніваюцца ўмеранасцю формаў, эканамічнасцю, адмовай ад падкрэсленай велічнасці галоўных фасадаў і прапорцыямі, блізкімі да звычайных прапорцыяй ампіру. Гэтая ж прастата і эканамічнасць прыцягвае ўвагу і ў Залессі.

З 1809 года ў жыцці Міхала Шульца пачынаецца суцэльны ланцуг драматычных падзей. Чым гэта можна растлумачыць, калі не модным сёння тэрмінам “карма”? Думаю, што і сам заслужаны архітэктар і паспяховы навуковец безвынікова ламаў галаву над гэтай загадкай. Менавіта ў 1809 г. пры рэканструкцыі гімназіі Віленскага ўніверсітэта абвалілася столь. Аварыя адбылася таксама пры перабудове касцёла піяраў у жылы дом. У сувязі з аварыямі паліцыя забараніла Шульцу займацца праектаваннем і будаўніцтвам. Ён быў звольнены з пасады архітэктара ўніверсітэта, аднак заставаўся прафесарам архітэктуры.

Улетку 1812 года Шульцу было даручана ўзвядзенне павільёна для ўрачыстай вячэры ў гонар імператара Аляксандра І ў частцы Вільні - Закрэце (цяпер парк Вінгіс). Незадоўга да балю павільён абрынуўся. Узрушаны Шульц кінуўся ў Вілію і патануў. Цела яго выцягнулі праз некалькі дзён у 20 вёрстах ад горада.

А вось сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі трывала стаіць на сваім падмурку з сухога галля і яшчэ доўга будзе служыць суцяшэннем для душы гэтага выдатнага спецыяліста. І яго апраўданнем перад людзьмі. Калі б толькі тады ён мог гэта ведаць!

Таццяна Кляшчонак

Каментаваць


*