15 адметных сядзібаў і палацаў Гарадзеншчыны, якія варта ўбачыць

04.08.2017 18:47Views:
Прапануем успомніць альбо даведацца пра найбольш адметныя старадаўнія мураваныя сядзібы і палацы рэгіёну, якія зберагліся да нашага часу. Пакідаем па-за ўвагай вялікія гарады і выпраўляемся ў глыбінку. Больцінікі (Вараноўскі раён) Двухпавярховы дом з аранжарэяй пабудаваны ў стылі неаготыкі ў канцы 19-га – пачатку 20-га стагоддзя. Дом пабудаваны на месцы старой аднапавярховай сядзібы. 

Парк закладаў сын графа Ваўжынца Путкамера і Марылі Верашчакі Станіслаў Путкамер. Наўкола разнастайныя гаспадарчыя пабудовы. Сярод іх вылучаецца белы вялікі будынак, верагодна былая стайня. За домам нізіна, дзе метраў за 50 стаіць альтанка. Апошнім часам у сядзібе вядуцца рэстаўрацыйныя працы.

У Больцініках часта бывалі філаматы Адам Міцкевіч (вядома, што Марыля Верашчака была яго каханай) і Ігнат Дамейка. Сядзіба (будынак 1895 году) у добрым стане, захаваліся таксама флігель, лядоўня, іншыя мураваныя гаспадарчыя пабудовы, стары парк (плошча больш 8 га), у якім больш за 60 відаў дрэў, шмат экзотаў, сярод якіх коркавае дрэва, кіпарысы, грэцкі гарэх, лістоўніца Кемпфера. Найбольш звыклых для нас ліпаў і клёнаў.                       

Гайцюнішкі (Івейскі раён)

Дом у Гайцюнішках можна лічыць найстарэйшым жылым памяшканнем на тэрыторыі Беларусі, што захавалася да сённяшняга дня. Забудоўваўся ён у 1611-12 гадах.   Гайцюнішкі былі асабістай рэзідэнцыяй галяндца Пятра Нонхарта, а дапамагаў яму будавацца яго зямляк інжынер ван Дадэн. Так званы “замачак” пацярпеў у Паўночную вайну, тады ў сядзібнай фартэцыі вытрымалі аблогу шведы, якіх атакавала войска караля Аўгуста Моцнага. У час першай сусветнай вайны вёску занялі нямецкія кайзераўскія войскі, тады загінулі архіў і бібліятэка, што месціліся ў фартэцыі. Але ў цэлым дом захаваўся да сёння амаль нязменным. Даследнікі зазначаюць, што стылёвыя аналагі “замачку” у Гайцюнішках можна знайсці толькі на радзіме яго стваральнікаў у Фляндрыі.

Сядзіба пасля Нонхарта перайшла наваградскаму ваяводу Юрыю Храптовічу. Ад яго – мастаку Шрэтару, які ўпрыгожыў сцены пакояў роспісам. Пазней сядзібай валодалі Рымшы, а потым Путкамеры і фон дэр Остэн-Сакены. Пасля другой сусветнай вайны сюды прыйшлі “трактарысты” і заснавалі школу механізатараў. Ад знішчэння гістарычны помнік ускосным чынам уратавала абласная лякарня, якая пераехала сюды ў 1960-ых гадах. У галоўным доме з таўшчэзнымі паўтарамятровымі сценамі зараз месціцца адміністрацыйны корпус і частка палатаў. Захаваліся рэшткі старога парку і гаспадарчая пабудова.

Гнезна (Ваўкавыскі раён)

Сядзіба ў Гнезне – адна з старадаўніх забудоваў на тэрыторыі Ваўкавыскага павету. У 18 стагоддзі яна належала Ромерам. У 1812 Гнезна было моцна разбурана ў час расейска-французскай вайны. З 1814-га і да 1937-га сядзіба была ў руках роду Тарасевічаў. У 1937-ым маёнтак купілі Сташэўскія, але неўзабаве прыйшлі бальшавікі. Сядзібны палацык быў забудаваны каля 1835 году. Акрамя сядзібнага будынку захаваліся некаторыя гаспадарчыя пабудовы – лядоўня, стайня, іншыя мураваныя будынкі, раскіданыя на вялікай тэрыторыі. У 1866-67 гадах тут дзеіла суконная мануфактура. Захаваліся таксама рэшткі старога парку з старымі брамамі і мураванай агароджай. Сёння ў Гнезнаўскай сядзібе размяшчаецца мясцовы сельсавет, а таксама некаторыя культурніцкія ўстановы – прыкладам філіял Вярэйкаўскай дзіцячай музычнай школы. Побач з сядзібай маляўнічая сажалка. А ў былых гаспадарчых пабудовах працуе сельскае вытворчае прадпрыемства.

Жалудок (Жалудак, Шчучынскі раён)

Сядзіба князёў Святаполк-Чацьвярцінскіх, якую праектаваў архітэктар Уладзіслаў Марконі, закладалася ў 1907-08 гадах. Апошні ўладальнік сядзібы – Людвік Чацьвярцінскі – загінуў ў Асвенціме ў 1941-ым. Захаваліся палац, млын, флігель, жылы дом, карэтная, бровар, кузня, іншыя гаспадарчыя пабудовы. У савецкі час на тэрыторыі колішняй сядзібы Чацьвярцінскіх была размешчана вайсковая частка, прычым досыць сакрэтная. Частка і “абмежаваны кантынгент” вайскоўцаў даўно выехалі, аб’ект ахоўваецца дагэтуль. Акрамя асноўнага палацу захаваўся стары мураваны дом 1900 году. Менавіта ў гэтай сядзібе і на яе тэрыторыі здымаўся беларускі фільм жахаў “Масакра”. 

Жамыслаўль (Замаслава, Івейскі раён)

Знакаміты некалі палац Умястоўскіх (1863-77, завершаны ў 1882-ым), збудаваны па ўзоры варшаўскіх Лазенак. Калі маёнтак перайшоў да роду Кіяневічаў, малодшы з братоў Казімір пачаў забудоўваць рэзідэнцыю. Маршалак Якуб Умястоўскі стаў уладаннікам маёнтку ў 1805-ым годзе, ён перанёс сюды з Клявіцы сваю рэзідэнцыю. Далейшае развіццё маёнтак зазнаў пры яго малодшым сыну – Казіміру. Гэты Умястоўскі быў сапраўдным гаспадаром і чалавекам шырокіх інтарэсаў – акрамя сядзібы была збудавана аранжарэя, вялікія стайні і валоўні, толькі выязных коней гадавалася паўсотні. Пасля яго раптоўнай смерці ў 1863-ім годзе гаспадарыць стала жонка Юзэфа. Пры ёй драўляны палац быў разабраны, а на яго месцы паўстаў мураваны. У 1870-ых сядзіба – цэнтар графства іх сына Уладзіслава і ягонай жонкі Яніны, сядзіба была навуковай базай Віленскага ўніверсітэту. У час першай сусветнай вайны немцы стварылі тут курорт. На тэрыторыі мураваная альтанка з скульптурай Маці Божай (1883), вінакурня (1885), гаспадарчыя пабудовы: мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пач. 19 ст.).

Парк (плошча каля 7 га) пасаджаны ў 1883 французскім садоўнікам Джэймсам. Зараз сядзіба прадаецца за сімвалічную цану.

Жодзішкі (Смаргонскі раён)

Будынак былога езуіцкага калегіума. Заснаваны тут ён быў у 1757-66 гадах у маёнтку Мінкевічаў паводле праекту знакамітага архітэктара Тамаша Жаброўскага. З канца 18 стагоддзя, калі місія паслядоўнікаў Ігната Лаёлы ўжо тут не працавала, калегіум быў пераўтвораны ў палац. У розны час сядзіба належала Патоцкім, Ласкарысам, Мілашэўскім. З асобаў варта прыгадаць Ігната Жабу, тэолага, які быў тут рэктарам калегіума і выкладаў багаслоўскія навукі. Многа пазней у мясцовым касцёле амаль год (з жніўня 1924-га да чэрвеня 1925-га) служыў Вінцэнт Гадлеўскі, адзін з ідэолагаў беларускага Адраджэння. Будынак былога езуіцкага кляштару ўжо многія гады прыстасаваны пад шпіталь. На тэрыторыі захаваліся будынкі бровару, воднага млына (адноўлены ў 1997-ым і дзеіць), рэшткі старога парку.

Залессе (Смаргонскі раён)

Сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага (жыў з 1802 па 1806 стала, да 1822 часта бываў), дасталася ў спадчыну ад дзядзькі – маладэчанскага графа Францішка Ксаверы Агінскага. Пасля смерці Агінскага ў сядзібе шмат гадоў жыла яго ўдава – італійская спявачка Марыя Нэры. Наступным уладаннікам быў іх сын Ірэніюш Агінскі (1808-1863), а потым ягоны сын Міхал Мікалай Агінскі (1848-1902), які быў ксяндзом. На пачатку 20 стагоддзя Залессе было ў сваякоў Агінскіх па жаночай лініі, пасля першай сусветнай вайны маёнтак быў падзелены на часткі. У 1927 палац і частку зямлі купілі Жаброўскія, якія былі ўладаннікамі маёнтку да 1939. Сядзібны комплекс забудоўваўся паводле праекту віленскіх архітэктараў – Міхала Шульца і Юзафа Пусэ, найбольш ведамыя мясцовыя будаўнікі – Якуб Буйноўскі, Юзаф Астроўскі, Франц Высоцкі. Парк (закладзены ў 1-й пал. 19 ст., агульная плошча каля 20 га). Зараз палац, адрэстаўраваны і адноўлены пераважна за еўрапейскія сродкі, працуе як музейны комплекс і культурніцкі асяродак. 

Краскі (Ваўкавыскі раён)

Маёнтак у Красках у першай палове 19-га стагоддзя належаў Булгарынам, а пазней перайшоў да роду Сегеняў, якія валодалі ім да 1939-га году. Першаснай была драўляная забудова 1839-га году, у 1905-ым быў узведзены мураваны двухпавярховы палац. Пра апошняе сведчыць сцяжок-флюгер, на якім пазначана дата. Палац гэты мае дзве вежы (адна цыліндрычнай, а іншая – квадратнай формы) і выглядае на сапраўдны неагатычны замак. Асаблівую загадкавасць і прыгажосць пабудовам надае вялізны парк, агульная плошча парку зараз каля 3 гактараў, а раней разам з былой тэрыторыяй маёнтку ён займаў больш 50 га. У парку расце шмат экзотаў, рэдкіх пародаў дрэваў, некалі, у дарэвалюцыйны час іх сюды прывёз Зыгмунт Сегень. Пасля другой сусветнай вайны ў палацы месціліся шпіталь для хворых на сухоты, лячэбна-працоўны санаторый для алкаголікаў, пазней будынкі пуставалі. Акрамя палацу захаваліся флігель, склеп, руіны некаторых іншых пабудоваў, вялікі парк. Сядзіба ў 2010 году прададзена прыватнай асобе, тэрыторыя ахоўваецца.

Лябёдка (Шчучынскі раён)

Сядзіба роду Іваноўскіх (пач. 20 ст.). Гаспадар сядзібы Леанард Іваноўскі стварыў перадавую на свой час гаспадарку, не шкадаваў сродкаў і актыўна ўкараняў аграрныя навінкі, дзяліўся імі з суседзямі. Агульная плошча гароду і саду дасягала 20 гактараў, рэгулярна наладжваліся мясцовыя выставы збожжа, гародніны, пладоў. У парку знаходзіўся пахавальны склеп, які быў разрабаваны і разбураны саветамі. Мадэрноваму дому ў Лябёдцы, збудаванаму з цэглы ў неагатычным стылі, ўжо больш ста гадоў. У архітэктурным плане ён досыць адметны, прынамсі на Гарадзеншчыне вы аналагаў не знойдзеце. Захаваліся рэшткі старога парку, сярод якіх і досыць рэдкія экзоты, а ў мясцовай Галавічпольскай школе ў адным з пакойчыкаў настаўнікамі-энтузіястамі створана музейная экспазіцыя, прысвечаная роду Іваноўскіх. Захаваліся гаспадарчыя пабудовы, стары мост. У сядзібе да нядаўняга часу месціўся інтэрнат, трапіць на гэтую тэрыторыю было вельмі праблематычна. 

Падароск (Ваўкавыскі раён)

Парк і сядзіба, былі заснаваны ў кан. 18 ст. хутчэй за ўсё Канстанцінам Чачотам, а можа яшчэ Грабоўскімі. Маёнткам значны час валодаў Раман Бохвіц, сын ведамага філосафа, нараджэнца мястэчка Мір, Фларыяна Бохвіца. Бохвіц з мэтай перабудовы запрасіў з Вільні архітэктара Лубу, які і стварыў той комплекс, што ў асноўных рысах захаваўся да сёння з 2-й паловы 19 стагоддзя. Лёс Рамана Ота Бохвіца быў надзвычай трагічны – ён памёр пасля арышту саветамі ў 1939-ым, хутчэй усяго закатаваны энкавэдыстамі. Значны час у сядзібе месцілася кантора мясцовага саўгасу. Перад паркам цагляная брама (мяжа 19-20 ст.). Сядзіба стаіць на беразе рэчкі Зяльвянкі. Дом з мезанінам, збудаваны ў эклектычным стылі з элементамі класіцызму, досыць абшарпаны. Захаваліся таксама гаспадарчыя пабудовы, адметная ўязная брама з чырвонай цэглы, комплекс абкружаны мурам, які пашкоджаны ў многіх месцах, але збольшага цэлы. З-за дому вачам адкрываецца маляўнічая панарама ўсяго мястэчка з царквой і касцёлам. З нядаўняга часу сядзіба стала прыватнай уласнасцю, ёсць надзея на адбудову.

Рагозніца (Мастоўскі раён)

Сядзіба забудаваная ў 1791 годзе паводле фундацыі Смаленскага кашталяна Антона Сухадольскага, дабудоўвалася ў 19 стагоддзі. У сядзібе некалі гасцяваў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Антон Сухадольскі быў патрыётам ВКЛ і бараніў яго інтарэсы на чатырохгадовым сойме, куды быў абраны, падтрымліваў правы ўніяцкага насельніцтва краю. Сын Антона Сухадольскага Ян таксама быў палітыкам, пазней браў удзел у вызвольным паўстанні Касьцюшкі. У гэтай сядзібе гадаваліся ўнукі Антона Сухадольскага Януар Сухадольскі, вядомы жывапісец-баталіст, удзельнік паўстаньня 1830 году і яго брат Райнольд Сухадольскі, паэт, таксама ўдзельнік таго ж вызвольнага чыну, аўтар паўстанцкіх песень. Захаваліся парк з двума ставамі і алеяй, сядзібны дом, уязная брама, некалькі мураваных гаспадарчых пабудоваў, непадалёк брамы з левага боку стары склеп. У сядзібе зараз месціцца кіраўніцтва мясцовым сельскагаспадарчым кааператывам.

Свяцк (Гарадзенскі раён)

Палацава-паркавы ансамбль у 18 ст. належаў роду Валовічаў. Пабудаваны паводле праекту італійскага архітэктара Джузэпэ дэ Сака. Выканаўцамі былі найлепшыя майстры з Вільні, Гародні, Варшавы. Рэалізацыю праекту пачаў гарадзенскі маршалак Юзаф Валовіч, а скончыў ягоны сын Антон. У кан. 19 ст. маёнтак прададзены габрэйскім купцам, пазней распарцаляваны. Былое ўладанне распалася на пяць частак з рознымі назвамі. У адной з іх – Свяцку-Горным – працавала патачная мануфактура, якая вырабляла вінаградны цукар і іншыя прадукты. У пач. 20 ст. належаў Юзафу Гурскаму. Пасля першай сусветнай вайны палац выкупіў Дэпартамент здароўя польскага ўраду з намерам стварыць лякарню для наркаманаў. У 1930-ыя архітэктурны ансамбль быў рэстаўраваны архітэктарам А. Сасноўскім. Пазней тут месціўся вайсковы шпіталь. У савецкі час у палацавым комплексе дзеіў санаторый для хворых на сухоты. Потым доўга палац пуставаў і разбураўся. Зараз комплекс у працэсе рэстаўрацыі.

Тарнова (Лідскі раён)

Сядзібны комплекс (19-пач. 20 ст.), уходзяць сядзібны дом, стайня, лядоўня, млын-вятрак. У 19 ст. яго ўладаннікамі былі Кашыцы, якім належалі навакольныя землі. У 1865 годзе мясціна перайшла ў рукі расейскага генерала грэцкага паходжання Дэметрыя Маўраса. Апошні быў ад’ютантам крывавага Мураўёва-вешальніка. У наш час сядзібны дом у значнай ступені адбудаваны.
Трокенікі (Астравецкі раён)

Сядзіба роду Богуш-Шышкаў (пач. 20 стагоддзя). У комплекс уваходзілі дом, службовы флігель, стайня. У Трокеніках нарадзіўся Мар’ян Богуш-Шышка (16.02.1901-28.01.1995), вядомы мастак, мастацкі педагог, жыццё якога звязанае з Вялікабрытаніяй. Сядзібны дом і рэшткі старога парку, закладзенага яшчэ ў 19 стагоддзі, захаваліся.

Шчорсы (Наваградскі раён)

Сядзіба роду Храптовічаў 16 стагоддзя, парк апошняй чвэрці 18 стагоддзя (закладаўся Яўхімам Храптовічам), у кан. 19 – пач. 20 ст. належала графу Буцянёву. Да шчорсаўскай архітэктуры прыклалі рукі італійскія дойліды Джузэпэ Сака і Карла Спампані, а таксама французскі Якуб Габрыэль. Іх высілкамі паўсталі сядзіба ў стылі позняга барока і царква. Была тут і “шчорсаўская восень” Адама Міцкевіча, які ўшанаваў мясцовасць у сваёй паэзіі. Адукаваныя людзі нашага краю ў 18-19 стагоддзях імкнуліся ў Шчорсы, каб патрапіць у знакамітую тамтэйшую бібліятэку. Ян Чачот атрымаў тут сталы прытулак і працу ў цяжкі перыяд свайго жыцця. Наведваў Шчорсаўскую сядзібу і апошні манарх Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Апошні ўладаннік фальварку Канстанцін Храптовіч-Буцянёў перад першай сусветнай вайной перадаў вялікую частку кніг Кіеўскаму ўніверсітэту. Тая частка, якая заставалася ў Шчорсах, калі ў 1939-ым годзе прыйшлі бальшавікі, была імі спаленая.

„Самы няшчасны” з пералічаных у гэтым аглядзе архітэктурных комплексаў. Сядзіба зараз у паўразбураным стане, працягвае нішчыцца, нікому няма да яе справы. 

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара

Каментаваць