Тадэвуш Касцюшка. Доўгі шлях да Незалежнасці

08.07.2017 22:15Views:
Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Нацыянальнай акадэміі навук РБ ладзілася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Тадэвуш Касцюшка ў дыскурсе 200-гадовай прасторы памяці”. Асоба Касцюшкі, як вядома, належыць да гісторыі некалькіх краін. Але для Беларусі – гэта вызначальная постаць на доўгім шляху да незалежнасці краіны. 

З дакладам на міжнароднай канферэнцыі выступіла наша зямлячка Таццяна Кляшчонак – гісторык, перакладчыца, краязнаўца, якая многія гады займаецца пошукам і апрацоўкай дакументаў, што тычацца беларускай старасветчыны. Журналіст “Светлага шляху” пагутарыла з Таццянай Іванаўнай аб яе ўражаннях і набытках пасля ўдзелу ў значным мерапрыемстве.

- Чым тлумачыцца тое, што да тэмы нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г. і гістарычнай ролі Тадэвуша Касцюшкі працягваюць звяртацца гісторыкі розных краін, аўтары падручнікаў, сродкаў масавай інфармацыі?

- Эпоха Тадэвуша Касцюшкі была сапраўды гераічнай эпохай для тых краін, якія ўзніклі пазней на землях былой Рэчы Паспалітай – Польшчы, Літвы і Беларусі. Паўстанне Касцюшкі - не проста пратэст супраць яе падзелаў паміж суседнімі дзяржавамі. Яно несла з сабой ідэю знішчэння прыгоннага права і пераходу на буржуазныя рэйкі гаспадарчага развіцця, а гэтая тэма на нашых землях актуальная ў нейкім сэнсе нават да сённяшняга дня. Таму лёгка ўявіць, колькі высакародных мар і надзей, а заадно і народнай творчасці ўзнікла ў гэты перыяд. Імя Касцюшкі, як і яго паплечніка, нашага слыннага земляка Міхала Клеафаса Агінскага, і сёння авеяна міфамі і легендамі.

- І можаце прывесці прыклады?

- Напрыклад, не ўсе бітвы Т. Касцюшкі былі пераможнымі і не ўсе планы ўдалымі, а ў народнай традыцыі існуе патрэба толькі ўхваляць героя, не ўнікаючы ў гістарычныя падрабязнасці. Яшчэ ў 1792 г. Касцюшка прайграў важную бітву з праціўнікамі польскага караля пад Дубенкай. Другі прыклад - шырока вядомы выезд Касцюшкі ў ЗША і яго ўдзел у змаганні за незалежнасць адбыўся не з палітычных прычын, а з самай надзённай патрэбы зарабіць грошай, каб магчы ажаніцца з каханай Людвікай Сасноўскай, якую бацькі не хацелі аддаць замуж за незаможнага капітана польскага войска.

Дарэчы, на канферэнцыі была прадстаўлена манаграфія на тэму легенд вакол жыцця і дзейнасці Т. Касцюшкі, напісаная Лангінай Ордан, доктарам гуманітарных навук з Варшавы, і ў ёй асоба Т. Касцюшкі прадстаўлена без лішняй “бронзавасці”, затое больш рэалістычна. Беларускія навукоўцы абаранілі айчынны гонар кнігай “Наш Касцюшка слаўны”, напісанай кандыдатам літаратуразнаўства і супрацоўнікам НАН Анатолем Трафімчыкам. У ёй аўтар уважліва разглядае, як вобраз Т. Касцюшкі падаецца ў беларускай паэзіі, прозе і драматургіі.

- Што-небудзь новае пра Міхала Клеафаса Агінскага, які быў сябрам Т. Касцюшкі, давялося пачуць?

- Так, але ж я сама якраз і рыхтавала выступленне на гэтую тэму, і мне здаецца, што кожнае падобнае публічнае абмеркаванне гістарычных пытанняў павінна не толькі служыць ушанаванню герояў, але і ставіць нашу гістарычную думку на новую вышыню.

- Што Вы маеце на ўвазе?

- Вось, напрыклад, пасля з’яўлення перакладу на рускую мову 4-томных мемуараў М. К. Агінскага мы ўжо не можам паведамляць пра апісаныя ім падзеі недакладна ці працягваць карыстацца міфамі. Найбольш агідны прыклад непісьменных і спекулятыўных выдумак пра Агінскага – з’яўленне ў пачатку гэтага года кніжкі “Агінскі і зомбі. 1813”, напісанай маладзечанскім блогерам У. Садоўскім. Я выступаю за з’яўленне як мага большай колькасці літаратуры (любога жанру) аб Агінскім, але пісаць яе трэба, не перакручваючы гістарычнай праўды, бо хлусні навокал і без гэтага хапае.

- Чаму Вас гэта так хвалюе?

- Уявіце сабе, як важна для кожнага з нас мець добрае імя. Ды яшчэ пражыць так, каб не страціць гонар. А яшчэ 50 год назад польскі гісторык Юліюш Вільям называў Агінскага “флюгерам” або “хамелеонам”, не ўнікаючы ў рэаліі таго часу і сапраўдныя факты біяграфіі Міхала Клеафаса Агінскага як дыпламата і сапраўднага патрыёта сваёй Айчыны. Вось так у савецкія часы было прынята разглядаць і ацэньваць дзейнасць арыстакратаў – з заведамым асуджэннем, не паглыбляючыся ў факты і не робячы выключэнняў.

- Дык Ваша выступленне было прысвечана гэтай тэме – пошукам гістарычнай праўды?

- Так, праўда заключаецца ў тым, што М. К. Агінскі быў не радавым паўстанцам і нават не духоўным натхняльнікам як кампазітар, які складаў маршы для паўстанцаў. Ён быў адным з самых актыўных кіраўнікоў Віленскага ачага паўстання, правёў два партызанскія паходы з мэтай стрымаць прасоўванне ворага да Вільні, ён наведаў баявы лагер Касцюшкі ў Варшаве як пасланец Часовай нацыянальнай віленскай рады і раіўся з Касцюшкам аб далейшых дзеяннях, атрымаў яго адабрэнне на свой другі партызанскі паход. А пасля прымаў удзел у апошніх баях Касцюшкі. Дарэчы, і грашовых сродкаў Агінскі ахвяраваў у Вільні больш за ўсіх іншых удзельнікаў паўстання – 160 тысяч злотых і мноства амуніцыі і харчавання.

- Вы абмежаваліся толькі паўстаннем?

- Так, але затое давялося разбіраць кожны спрэчны эпізод, параўноўваючы розныя думкі і прыводзячы таксама цытаты з мемуараў самога Агінскага, абапірацца на сведчанні іншых сучаснікаў. Мне здавалася, што я абараняла добрае імя Агінскага, якое ўсё яшчэ мае патрэбу ў абароне.

- Ці ж адкрыццё музея-сядзібы М. К. Агінскага само па сабе не з’яўляецца такой абаронай і прызнаннем заслуг Агінскага?

- Так, з’яўляецца, але мы – адукаваная нацыя, і прычыны свайго нацыянальнага гонару павінны ўмець аргументаваць. Гэтую маю думку падтрымаў прысутны на канферэнцыі дырэктар польскага Музея незалежнасці доктар Тадэвуш Скочак і прапанаваў напісаць некалькі артыкулаў пра Агінскага ў гістарычны часопіс, які выдае яго музей. Ад яго ж я пачула і яшчэ адзін міф пра Агінскага, а больш дакладна кажучы, пра Камень Касцюшкі, што ляжыць у залескім парку і зусім не быў прывезены сюды з блізкіх палёў, а заўсёды тут ляжаў. І калі выбухнула паўстанне 1794 г., то ўся шляхта Ашмянскага павету склала тут сваю прысягу на вернасць паўстанню. Менавіта таму Агінскі і загадаў у 1817 г. высечы на ім памятныя словы “Cieniom Kosciuszki”.

Гутарыла Ала СТРАШЫНСКАЯ, "СШ"

Каментаваць


*