Нікіціна Марыя і яе “Бязважкасць”

14.06.2017 18:52Views:
Здаецца, зусім нядаўна ва ўсіх установах адукацыі прагучалі апошнія званкі... А вось ужо і акорды развітальнага вальсу прагучалі ды паклікалі ў дарослае жыццё пасталелых юнакоў і дзяўчат. Сярод іх Нікіціна Марыя—вучаніца Залескіх ясляў-сада—сярэдняй школы, гонар нашай установы адукацыі! 

Дзіву даешся, колькі талентаў можа мець адзін чалавек! Штогадовы ўдзельнік і дыпламант ІІ этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і грамадазнаўству, лаўрэат прэміі Дубко, пераможца шматлікіх творчых конкурсаў, уладальнік прыза гледачоў на школьным Еўрабачанні, лепшая вучаніца ўстановы адукацыі за 2015/2016 навучальны год.

Настаўнікі даўно ведаюць: за справу бярэцца Маша—поспех гарантаваны! Усё ў яе атрымліваецца… з усмешкай, асалодай, захапленнем. Напрыканцы гэтага навучальнага года  Марыя  падрыхтавала для нас яшчэ адзін падарунак: ва ўстанове адукацыі адбылася прэзентацыя яе фотавыставы з загадкавай і таямнічай назвай “State of weightlessness” (“Бязважкасць”).

Фатаграфіяй Маша захапляецца даўно. Ёсць у яе  ўжо і першыя поспехі: ІІІ месца ў абласным конкурсе “Гродзенская мыш”(праект “Фатаграфія”, намінацыя “Незвычайнае побач”), а ў рэспубліканскім конкурсе “Хачу ў “Зубронак” яна ўвайшла ў дваццатку лепшых маладых фатографаў нашай краіны.

Кожны  яе фотаздымак—гэта асобная гісторыя. На іх няма людзей, толькі тыя няўлоўныя моманты жыцця, якія знаходзяцца побач з намі.  А мы, занятыя будзённымі клопатамі і праблемамі,  спяшаючыся за тэхнічным прагрэсам, іх проста не заўважаем, не маем часу…

Вось яны, прыгажуні-сосны, якія імкнуцца дастаць да нябёсаў, птушкі, якія радуюцца цяплу, апошнія промні зімовага сонца, каласы, налітыя зернем, прыгажосць ружы, закаванай у лёд. Такія простыя і звычайныя радасці жыцця. Маша наўмысна не дае назваў сваім фотаздымкам, гэта тэрыторыя яе душы, яе адчуванняў.

Трымцяць на нябачных ніцях фатаграфіі, ствараючы адчуванне бязважкасці…Зачараваны, ты паглыбляешся ў гэту прыгажосць. І раптам прыходзіць разуменне, як ты  любіш гэтую зямлю, над якой ідзе снег, кружацца вішнёвыя пялёсткі, ідуць   дажджы, патанаюць у рознакаляровай квецені палі. І так радасна, беспрычынна-радасна становіцца на душы! 

Наталля Сідарава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Залескіх ясляў-сада—сярэдняй школы


Каментаваць


*