Паэтка Вольга Роўная: Раблю тое, у што веру

08.06.2017 17:18Views:
Яна нарадзілася ў невялікай беларускай вёсцы Залессе Смаргонскага раёна. Калі ў дзяцінстве глядзела канцэрты па тэлевізары, нават падумаць не магла, што знакамітыя выканаўцы — групы «Любэ», Валерый Лявонцьеў, Аляксей Глызін, Вікторыя Дайнека, многія беларускія зоркі эстрады — будуць выконваць песні на яе тэксты. Яна змагла зацікавіць сваімі вершамі многіх вядомых кампазітараў і спевакоў. Мая суразмоўніца — паэтка, неаднаразовы лаўрэат музычнай прэміі «Залаты грамафон», расійскіх музычных фестываляў «Песня года» і «Новыя песні пра галоўнае», сябра Расійскага саюза пісьменнікаў Вольга Роўная. Мы пазнаёміліся на адной з імпрэзаў у музеі-сядзібе М. К. Агінскага. 

— Мерапрыемства кранула сэрца, — дзеліцца ўражаннямі паэтка. — Некалькі разоў на працягу канцэрта я была блізкая да таго, каб расплакацца: і тады, калі мама танцавала пад маю песню «З днём нараджэння, мама» ў выкананні Вольгі Плотнікавай; і калі мае школьныя настаўнікі выйшлі павіншаваць і сказаць цёплыя словы. Я адчула, што людзі любяць мяне і ганарацца мною. Вялікі дзякуй усім, хто прыйшоў!

— Як вы думаеце, ці паўплывала на вашу будучыню тое, што вы нарадзіліся ў такім гістарычным месцы?

— Безумоўна. Калі я вучылася ў школе, мы кожны год рыхтавалі тэатральна-музычныя выступленні да дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Я некалькі разоў выконвала ролю яго гувернёра — француза Жана Ралея. Магу сказаць, што мелодыі паланэзаў мяне суправаджаюць з дзяцінства і, мяркую, сапраўды паўплывалі на мой унутраны свет. Як і тое, што мая маці ўсё жыццё спявае ў хоры. Музыка акружыла мяне з усіх бакоў. Прыйшлося пісаць да яе словы (усміхаецца).

— Як пачынаўся ваш творчы шлях?

— Першы верш быў прысвечаны майму сабаку па мянушцы Шарык, а наступны — кату Люціку. Увогуле, я «прайшлася» па ўсіх любімых хатніх гадаванцах. Тады мне было прыкладна пяць гадоў. У школе наведвала паэтычны гурток. Выходзіла насценгазета, дзе публікаваліся нашы творы. Калі я вучылася ў 8 класе, адпраўляла па пошце свае вершы ў рэдакцыі розных газет. Некаторыя выданні іх апублікавалі, што было вельмі ганарова для мяне і прыемна. Пасля паступлення ў БДПУ імя Максіма Танка рэгулярна публікавалася ва ўніверсітэцкай газеце «Настаўнік» і хадзіла ў паэтычны гурток «Крокі».

— А што падштурхнула да напісання песень?

— Іх я ствараю каля 15 гадоў. Пачалося ўсё спантанна: у адзін момант мне прыйшло ў галаву, што можна пісаць не толькі вершы, але і тэксты песень. Сябар надрукаваў мне візітоўкі, на якіх было напісана «паэт-песеннік» і фраза: «Прышываю да музыкі словы». І я са стосам тых візітовак пайшла шукаць кампазітараў і спевакоў у рэальным свеце і на прасторах інтэрнэту.

З Вольгай Плотнікавай і Генадзем Маркевічам.

Аднойчы прыйшла на студыю «Чырвоныя зоркі», дзе працаваў кампазітар Генадзь Маркевіч. Ён выслухаў мяне, сказаў: «Паглядзім, што за птушка такая!» — і даў мелодыю, на якую я праз некалькі дзён напісала словы. Першая песня «Што са мной» прагучала на радыё ў выкананні беларускай спявачкі Вольгі Плотнікавай. Цяпер у мяне склаліся цёплыя сяброўскія адносіны з іх сям'ёй.

— З кім яшчэ сябруеце?

— З расійскім кампазітарам Андрэем Касінскім і яго жонкай Даніяй. Яны вельмі светлыя людзі, а для мяне гэта важна. Падтрымліваю сувязь у інтэрнэце з дзяўчатамі з групы «Фабрыка», Вікай Дайнека, Сашай Балакіравай, але гэта больш «лайкі», каментарыі і жарты. Кампазітару і прадзюсару Ігару Мацвіенку кожны год пішу і адпраўляю на дзень нараджэння віншавальны верш. Ён кажа, што яны яму вельмі падабаюцца. Дарэчы, менавіта ён напісаў музыку да маіх любімых песень «Доўга» ў выкананні гурта «Любэ» і Людмілы Сакаловай, а таксама да «Іголкі» з рэпертуару Вікі Дайнека.

— Над чым працуеце зараз і якія планы на будучыню?

— Пасля атрымання дыплома «Песні года — 2016» павысілася цікавасць да мяне як да паэта-песенніка, многія маладыя кампазітары і даслалі мелодыі. Планую ў найбліжэйшы час напісаць некалькі прыгожых і лірычных песень. Спадзяюся, што сёлета выйдзе мой новы зборнік вершаў, над якім я цяпер працую. Думаю, што працягну тэму чатырох стыхій: вада, агонь, зямля і паветра. І калі першы зборнік назвала «Глыток свежага паветра», то другі, напэўна, будзе звязаны са стыхіяй вады. Яшчэ ў мяне ёсць шэраг вершаў, якія прысвячалі мне іншыя паэты, таму ўзнікла ідэя зрабіць раздзел у зборніку і з гэтых твораў. Ідэя спачатку ўзнікла як жартоўная, але затым стала сур'ёзнай.

— Адкуль бераце натхненне?

— З самога жыцця, з уражанняў ад стасункаў з людзьмі і з прыродай. Нават калі натхнення няма, я ўсё роўна саджуся за ноўтбук з намерам нешта напісаць, і паступова муза прыходзіць. Лічу, што натхненне звязана з дысцыплінай і не трэба яго чакаць, трэба яго фарміраваць!

— Ці важна для вас меркаванне людзей? Ці баіцеся, што вашу творчасць не ацэняць?

— Добра, калі твая творчасць знаходзіць водгук у сэрцах іншых, калі ў цябе ёсць аднадумцы. Але, мяркую, у першую чаргу важна рабіць тое, у што верыш, а не імкнуцца спадабацца каму-небудзь.

— Як вы ставіцеся да выказвання Льва Талстога «Музыка — стэнаграфія пачуццяў»?

— Згодна з тым, што музыка звязаная з эмацыянальнай сферай жыцця чалавека. Яна стварае настрой, у ёй захоўваюцца ўспаміны — шчаслівыя або сумныя. Мелодыя здольная нас ці ўвагнаць у канчатковую дэпрэсію, ці, наадварот, —узбадзёрыць, даць сілы. Таму не рэкамендую «завісаць» на сумных песнях, калі вам і без таго дрэнна. Асабіста мне вельмі блізкая музыка ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы» і беларускага «J: МОРС». Некаторыя іх кампазіцыі магу слухаць бясконца.

З кампазітарам Андрэем Касінскім і спеваком Валерыем Лявонцьевым на «Песні года».

— Ці ёсць у вас вольны час? Як вы ім распараджаецеся?

— Вольнага часу мала. Калі ёсць, займаюся гімнастыкай, ёгай, хаджу ў трэнажорную залу або катаюся на каньках. А калі сіл няма зусім, проста гляджу кіно.

Акрамя паэзіі і музыкі, я захапляюся астралогіяй і псіхалогіяй, кансультую людзей на розныя тэмы: прафесійная арыентацыя, асабістае жыццё, таленты і іх развіццё. Людзі, якія перажылі цяжкія жыццёвыя сітуацыі або проста знаходзяцца на жыццёвым раздарожжы, прыходзяць да мяне па параду, змяняюць сваё жыццё і знаходзяць у сабе сілы заставацца людзьмі — гэта наша агульнае дасягненне. Мне блізкія кнігі майго настаўніка, расійскага філосафа Авесалома Падводнага. Я лічу, што яго трактаты «Знакі на шляху», «Грамадская падсвядомасць», «Псіхалогія падсвядомасці» трэба вывучаць у школе. Гэта дапаможа старшакласнікам сарыентавацца ў тым, як уладкаваны свет і псіхіка чалавека.

— Многія лічаць, што шчасце — гэта душэўны спакой, гармонія... А што для вас шчасце?

— У мяне ніколі не было душэўнай гармоніі і спакою. Я чалавек вельмі эмацыянальны. Шчасце для мяне — адчуваць сябе на сваім месцы. І я ўсім гэтага жадаю.

Надзея БОБРЫК, вучаніца 10 класа гімназіі №7

г. Маладзечна

Надрукавана ў газеце "Звязда"

Каментаваць


*