Ізабэла з Радзівілаў Агінская, бабка М. К. Агінскага

28.12.2016 22:14Views:
izabela-aginskaya_avatarkaНядаўна адкрытая ў палацы М.К. Агінскага  фатаграфічная выстава, прысвечаная гісторыі Нясвіжскага замка,  навяла нас на думку прааналізаваць сувязі княжацкіх родаў Агінскіх і Радзівілаў. Зрабіць гэта найбольш наглядна атрымліваецца на прыкладзе шлюбу дзеда Міхала Клеафаса – Тадэвуша Агінскага (1712-1783) і Ізабэлы Радзівіл (1711-1761), таму што аб падзеях іх жыцця захавалася нават некалькі гістарычных дакументаў.

Апрача шлюбу Тадэвуша і Ізабэлы, іншыя прадстаўнікі роду Агінскіх яшчэ толькі адзін раз звязвалі сябе вузамі шлюбу з Радзівіламі, і было гэта ў канцы ХVІІІ ст. А паколькі звестак пра гэты шлюб вельмі мала, то хочацца расказаць у першую чаргу пра шлюб дзядулі і бабулі Міхала Клеафаса, каб падмацаваць яго словы, што ён адчуваў сябе больш ліцвінам, чым палякам. Бо ў жылах Міхала Клеафаса цякла не толькі кроў князёў кіеўскіх (па бацькавых продках), нямецкіх графаў (па маці), але і кроў карэнных жыхарў ВКЛ – князёў Радзівілаў.

14947847_1802493593362871_8919362695967051448_n

Ізабэла Радзівіл (1711-1762) была дачкой Міхала Антонія Радзівіла (1687-1721), крайчага (прыдворная пасада ў ВКЛ, створаная ў 1569 г. на ўзор пасады вялікага кароннага крайчага Рэчы Паспалітай. Да яго абавязкаў належала наразаць (кроіць) і каштаваць стравы падчас прыёмаў у вялікага князя. Пазней гэтая пасада ператварылася ў ганаровы прыдворны тытул.) Вялікага княства Літоўскага* і Марыянны з Сясіцкіх (?-1736), дачкі ваяводы Мсціслаўскага.

Незадоўга да смерці сваёй маці яна была аддадзена ёю на выхаванне ў сям’ю Міхала Казіміра Радзівіла (1702-1762) Рыбанькі, ваяводы Віленскага, вялікага Літоўскага гетмана, які даводзіўся бацьку Ізабэлы стрыечным братам.

15025594_1802495503362680_4278519042790687391_o_novyiy-razmer

Бацька Ізабэлы рана памёр, а маці, будучы ў гэты час цяжарнай і нарадзіўшы ўжо пасля смерці мужа сына Льва Мікалая (1722-1751), больш так і не выйшла замуж, прысвяціўшы сябе выхаванню дзяцей.

14991340_1802494086696155_8275525810691428942_o_novyiy-razmer

Яна пражыла ўдавой 17 гадоў, хаця была яшчэ маладая, прыгожая, багатая і мела цэлы шэраг прэтэндэнтаў на руку. У сваім дзённіку Міхал Казімір Рыбанька адзываецца аб ёй як аб жанчыне рэдкіх душэўных якасцяў, багабойнай, сумленнай, справядлівай, якая вельмі любіла сваіх дзяцей і шмат зрабіла для іх дабрабыту.

 15016234_1802494956696068_7232132319199123824_o_novyiy-razmer

Марыянна Агінская памерла, захварэўшы дызентэрыяй, калі ехала са сваіх літоўскіх уладанняў у польскі маёнтак Шыдловец. Пасля двух тыдняў хваробы яна памерла ў мястэчку Белевічы пад Косавам (каля Брэста). Гэта адбылося ў жніўні 1736 г. Вестку аб смерці Марыянны прывёз пан Вішнеўскі, слуга княгіні, які суправаджаў яе ў гэтай паездцы. У сваім запавеце яна прызначыла апекунамі сваіх дзяцей князя Міхала Казіміра Рыбаньку і яго жонку, якія забралі Ізабэлу і Льва да сябе ў Нясвіж і выхоўвалі іх там. Ізабэла, якая вельмі любіла маці, шмат плакала і доўга заставалася несуцешнай. Пахаванне княгіні Марыянны Радзівіл адбылося ў канцы кастрычніка 1736 г. ў сямейнай усыпальніцы Радзівілаў у Нясвіжы.

Заручыны Ізабэлы Радзівіл з Тадэвушам Агінскім і іх вяселле даволі падрабязна апісваюць два аўтары: сам князь Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька ў сваім дзённіку – “Дыярыюшы…” (быў апублікаваны ў №3 гістарычнага часопіса “Спадчына” ў 1995 г.) і польскі гісторык пачатку ХХ ст. Казімір Барташэвіч у даследаванні “Тадэвуш Агінскі і яго дзённік” (выдадзеным у … годзе). Заручыны маладой пары адбыліся ў 27 лютага 1737 г. у Лахве, маёнтку князя Міхала Казіміра “Рыбанькі”, у той час літоўскага палявога гетмана. На заручынах прысутнічаў цесць “Рыбанькі” Міхал Вішнявецкі, вялікі літоўскі гетман, з жонкай. Пасля заручын адбылося вялікае паляванне.

Вяселле Ізабэлы Радзівіл і Тадэвуша Агінскага, у той момант старасты Пшавальскага і Вялікага літоўскага пісара, павінна было адбыцца яшчэ 16 мая 1736 г., але было адкладзена па прычыне нейкай цяжкай і небяспечнай хваробы жаніха.

14991201_1802493943362836_8475024735659773812_o_novyiy-razmer

Пра гэта ўпамінае ў сваім дзённіку М.К. Радзівіл. Канчаткова шлюбнае пытанне вырашылася ў жніўні наступнага года. 26 жніўня 1736 г.  у Карэлічы, дзе ў той час знаходзілася ўся сям’я князя Рыбанькі,  прыехаў Тадэвуш Агінскі і дзядзька маладой, Навагрудскі ваявода Міхал Фаўстын Радзівіл (1688-1746), для складання шлюбнай дамовы. Праз тры дні дамова была складзена і падпісана, а вяселле прызначылі на 2 верасня 1737 г.

На час жаніцьбы Тадэвуш Францішак Агінскі валодаў маёнткам Вымна недалёка ад Віцебска і быў старастам Пшавальскім. На дзяржаўнай службе ён выконваў абавязкі вялікага літоўскага пісара. Да гэтага ў 1733 г. ён крыху паваяваў ва ўнутранай вайне паміж Станіславам Ляшчынскім і будучым каралём Аўгустам ІІІ, якая закончылася перамогай Аўгуста, і ўжо ў 1736 г. Т. Агінскі быў дэпутатам на “прымірэнчым” сейме Рэчы Паспалітай, які атрымаў гэтую назву ў сувязі з прымірэннем палітычных праціўнікаў пасля ўступлення на трон новага караля. (Першы раз Тадэвуш Агінскі стаў дэпутатам сейма, маючы 20 гадоў. Тады ён быў дэпутатам ад Віцебска, у якім нарадзіўся і дзе яго бацька, Марцыян Міхал Агінскі, быў ваяводам Віцебскім*). Марцыян Міхал, бацька 11 дзяцей, вельмі раіў сыну жаніцца з Ізабэлай, якая мела абшырны зямельны пасаг пад Вількамірам у Курляндыі, таму што сам ён не мог забяспечыць сыну дастаткова моцны матэрыяльны фундамент. Да таго ж парадніцца з Радзівіламі было ганарова нават для Агінскіх, якія выводзіліся ад князёў Кіеўскіх, бо Радзівілы былі найбольш значным і ўплывовым родам ВКЛ. І бацька Тадэвуша меў рацыю, гэты шлюб аказаўся надзвычай удалым.

Ужо 1 верасня 1737 года на вяселле ў Карэлічы прыехалі князь Міхал Фаўстын Радзівіл, ваявода Навагрудскі  і князь Міхал Сярвацый Карыбут Вішнявецкі, ваявода Віленскі, з жонкамі.

14976404_1802496433362587_4206447037206464418_o_novyiy-razmer

Жонка Вішнявецкага была роднай сястрой гаспадара Карэліч. Іх прыезд вітаўся выстраламі з пушак. Вечарам адбылася дзявочая вечарынка. Раніцай 2 верасня ўсе былі ў касцёле, дзе жаніх і нявеста абвянчаліся і атрымалі блаславенне апекуноў. Пасля гэтага адбыўся абед, на якім прысутнічала і маці гаспадара, якая прыехала з маёнтка Нягневічы і адразу ж пасля вяселля ад’ехала назад.

Само вяселле пачалося а сёмай гадзіне вечара. Яно суправаджалася салютам з ручной зброі і стрэламі з некалькіх пушак. На вясельнай вячэры прысутнічала 75 чалавек, якія прамаўлялі тосты і здравіцы ў гонар маладых. Усё гэта таксама супрпаваджалася салютам. Вячэра закончылася вялікім балем. У бібліяграфіі занатаваны два іезуіцкія панегірыкі* па поваду гэтай урачыстасці, выдадзеныя пазней у Вільні. Першы панегірык называўся “Regia solis” і быў творам святароў Нясвіжскага калегіума. Другі, складзены ксяндзамі Нясвіжскага і Віцебскага калегіумаў (мяркуецца, што адным з аўтараў быў М. Догель), меў прыгожую назву “Першы візіт у Цудоўнай Агінскіх Браме новага госця, кн. Радзівілаў Арла… пры вясёлым у дзень Гіменэя ў Дом Агінскіх пераездзе … нанесены і паэтычным пяром апісаны”. “Паэтычнае пяро” апісвала спачатку “жамчужную Агінскіх Браму” (гэта значыць сімвалічную выяву брамы баявой палаткі на гербе князёў Агінскіх, параўноўваючы яе з Трыумфальнай Аркай рымскіх імператараў), а пасля звярталася да княгіні Ізабэлы, параўноўваючы яе з ранішняй зарой.

Тадэвуш Агінскі зрабіў сваёй сямейнай рэзідэнцыяй маёнтак Тадулін пад Віцебскам. Там яны з жонкай пасяліліся ў досыць вялікім драўляным доме, так званым двары, чарцёж якога захаваўся ў архівах.

Тут 13 красавіка 1740 г. прыйшоў на свет першародны сын Тадэвуша Анджэй Ёфхім Ёзафат, будучы бацька Міхала Клеафаса Агінскага. Імя Анджэй ён атрымаў у гонар блаславёнага Анджэя Баболі, мучаніка часоў казацкіх войн. Пышныя хрэсьбіны сыну Тадэвуш Агінскі справіў толькі ў студзені 1741 г. На гэты абрад ён запрасіў мноства гасцей – забавы цягнуліся ажно чатыры дні. Яшчэ годам раней  кароль надаў Т.Агінскаму пасаду старасты Ашмянскага (стараста – у ВКЛ у ХVІ- ХVІІІ стст. службовая асоба, якая кіравала адміністрацыйнай акругай (паветам), намеснік вялікага князя (караля).

У гэты час Тадэвуш ужо пісаўся старастам Бабінавіцкім і Вайгоўскім, а таксама, як ведаем, Пшавальскім. Да пасады вялікага пісара літоўскага ён далучыў і тытул палкоўніка Яго Каралеўскай Мосці, рос ва ўзнагародах і багацці.

2 мая 1740г. , праз няпоўны месяц пасля нараджэння сына, адбыўся ўрачысты ўезд Тадэвуша Агінскага на стараства Ашмянскае. У гэтым акце жонка Ізабэла яго суправаджала. Тадэвуш склаў прысягу перад ашмянскім земскім суддзёй Барановічам і атрымаў чарговы вянок узнёслых панегірыкаў ад ксяндзоў-піяраў. Гісторык Казімір Барташэвіч прыводзіць іх змест: аўтары хвалілі Радзівілаў і бацьку княгіні Ізабэлы, сцвярджаючы, што крайчы Міхал Антоні “славай сваіх спраў напоўніў усю еўрапейскую зямлю; сеймы цяклі нектарам яго слоў, а законы называлі яго сваёй апорай”, хвалілі цноты маці, а пра саму Ізабэлу казалі, што ў параўнанні з яе прыгажосцю “Гэлена грэчаская была б нічым”, “Апалон дзівіўся б яе асобе”, а пры яе “красамоўства залатаплянным дары нават Платон не аказаўся б без недахопаў”.

Сямейныя справы не перашкодзілі Тадэвушу Агінскаму прымаць удзел у працы сейма 1738 г. і нарадзе Сенату ў Всхове (на захадзе Польшчы), дзе ў дадатак да пасады старасты ён атрымаў тытул палкоўніка яго Каралеўскай Мосці. У 1740 г. Тадэвуш быў дэпутатам ад Ашмянскага павету на чарговы варшаўскі сейм, у 1742 – узнагароджаны ордэнам Белага Арла, які быў яму ўручаны ў дзень імянін караля. На гродзенскім сейме1744 г. Тадэвуша Агінскага выбралі маршалкам сейму. Адначасова гэта было апошняе дэпутацтва Агінскага ад Віцебскага ваяводства, бо ён у гэты час стаў кашталянам Трокскім, а гэта значыць і сенатарам Рэчы Паспалітай.

Кашталян і ваявода Трокскі, гэтак жа як і кашталян і ваявода Віленскі, каталяны і ваяводы Варшаўскія і Кракаўскія належалі да найбольш ганаровых пасад у каралеўскай адміністрацыі і павінны былі засядаць у Сенаце.

Гэтае прасоўванне Тадэвуша ў кар’еры тлумачыцца тым, што ў гэты час памёр яго сваяк і дабрадзей Міхал Карыбут Вішнявецкі , які быў сенатарам, і старэйшыя сенатары прасунуліся на больш высокія крэслы, у выніку чаго вызвалілася пасада кашталяна Трокскага. Зямельныя ўладанні Тадэвуша Агінскага ўвесь час павялічваліся: апрача тадуліна, ён ужо валодаў Маладзечнам, Ізабелінам, Аборкам, Лучаем, Ганутай, Залессем ( Залессем абдарыла яго апошняя жонка яго бацькі, Тэкля з Лярскіх, а Лучай атрымаў ад родзічкі Эльжбеты Пузыны, дачкі Рыгора Агінскага). Пасля смерці яго бацькі ў 1750 г. ён атрымаў маёнткі Веляшковічы і Сідараўшчыну.  У 1757 г. Тадэвуш Агінскі перадаў свайму старэйшаму сыну Анджэю пасаду старасты Ашмянскага, а малодшаму, Францішаку Ксаверыю - старасты Пшавальскага. У наступным годзе на Тадэвуша Агінскага калегі налягалі ў Вільні, каб ён прыняў жэзл маршалка Літоўскага Трыбуналу, але ён адгаварыўся тым, што недастаткова багаты.

Пасяліўшыся ў Тадуліне, Тадэвуш і Ізабэла пабудавалі тут царкву і базыльянскі кляштар, прывёз туды цудатворны абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Храмаў Т. Агінскі будаваў і больш: у 1757 г. ён распачаў будаўніцтва драўлянага парафіяльнага касцёла ў Маладзечне. У Маладзечна Тадэвуш вырашыў  адначасова перанесці  і сваю рэзідэнцыю, для чаго купіў і адрамантаваў велічны абаронны замак князёў Збаражскіх (які быў разбураны падчас І сусветнай вайны).  Хутка пасля перасялення ў Маладзечна Т. Агінскі збудаваў тут кляштар айцоў трынітарыяў. Рэшткі кляштара захаваліся ў Маладзечне да сённяшняга дня, а ад  замка Збаражскіх-Агінскіх не засталося і следу на шырокім замчышчы на ўскраіне горада.

Ізабэла Агінская не дачакалася, аднак, прыбыцця манахаў у новазбудаваны кляштар, бо памерла ў Маладзечне 7 лістапада 1761 г. Цела яе стаяла ў новазбудаваным касцёле, і толькі 15 лютага адбылося ўрачыстае пахаванне. Апісанне яго падавалася на двух аркушах у “Дадатку” да варшаўскіх газет. У віленскай друкарні Societatus Jesu выйшла без подпісу кніжачка “Жаль пры пахаванні Ясна Вяльможнай княгіні Ізабэлы Агінскай”, а ксёндз Казімір Букаты апублікаваў сваё казанне, зробленае на яе пахаванні. На пахаванні быў старэйшы сын Анджэй, у той час стараста Ашмянскі, малодшага сына не было. Цела Ізабэлы Агінскай з Радзівілаў было пахавана ў сямейнай усыпальніцы Агінскіх у падзямеллях касцёла трынітарыяў. Тадэвушу Агінскаму давялося перажыць сваю жонку на 22 гады. Праз два гады пасля смерці ізабэлы ён ажаніўся з удавой старасты Рэтаўскага Ядзвігай Залускай, разам з якой пабудаваў яшчэ не адзін храм і аднавіў капліцу Агінскіх у віленскім касцёле Святых Янаў. У ёй ён і спачыў у 1783 г, паспеўшы адзначыцца на пасадах ваяводы Трокскага, кансіліяра і сеймавага суддзі, што давала падставу сучаснікам называць яго “дэканам Сенату”.

Таццяна Кляшчонак, навуковы супрацоўнік музея-сядзібы М. К. Агінскага ў Залессі

 

Каментаваць


*