Калядны падарунак сябрам Міхала Клеафаса Агінскага

21.12.2016 16:31Views:
zimovyi-mayontak_avatarkaУ апошні рабочы дзень мінулага тыдня пазнаёміцца з музеем М.К. Агінскага прыяжджалі з Мінску тры студэнткі БДУ (будучыя экскурсаводы) і іх выкладчык. Планы на той дзень яны мелі вялікія: паехаць у Смаргонь, Крэва, Гервяты і ўсюды знайсці тое адметнае, пра што можна будзе напісаць у рэкламных турыстычных праспектах…

Залессе было першым на іх шляху, і яны папрасілі мяне вельмі хутка назваць адметныя рысы ўсёй музейнай экспазіцыі, не збіраючыся нават прайсці па музею, каб не траціць час. Гэта значыць, будучыя экскурсаводы думалі, што гісторыю жыцця Міхала Клеафаса Агінскага ўжо можна разглядаць як нешта да канца зведанае і ўстойлівае, па-музейнаму сухое, адкуль ужо можна рабіць гатовыя “выцяжкі”. Мне давялося паабяцаць, што я не затрымаю іх часу, але ўсё ж пакажу экспазіцыю з некаторымі каментарамі.

Праз дзесяць хвілін экскурсіі мае падапечныя ўжо зразумелі, што М.К. Агінскі – не толькі і не столькі кампазітар, колькі буйны палітычны дзеяч вельмі складанай эпохі  (эпохі, калі загінула яго родная краіна, а на яе месцы ўзніклі новыя дзяржавы з зусім іншай палітычнай і эканамічнай сістэмай). Што гэта быў адораны пісьменнік і вучоны, нашчадак старажытнага арыстакратычнага роду Рурыкавічаў, князёў кіеўскіх, што ён касцюшкаўскі паўстанец, эмігранцкі дзеяч і магчымы аўтар сучаснага польскага гімна. Яшчэ госці зразумелі, што наш музей імкнецца з часам адрадзіць знешні выгляд залескай сядзібы і што фактычна наш музей – адзіны пакуль што ў Беларусі дом-музей арыстакрата такога высокага рангу, якім быў вялікі літоўскі падскарбі Агінскі. І тады пачалася наша доўгая зацікаўленая гутарка:

- А як жа праходзіла выхаванне дзяцей у сем’ях арыстакратаў? І чаму зямельныя ўладанні князёў Агінскіх раскіданы па ўсёй Беларусі, Літве і Польшчы? Які быў лёс дзяцей Міхала Клеафаса і ці ёсць сёння на свеце іх нашчадкі? З якімі выдатнымі асобамі свайго часу часцей за ўсё сустракаўся Агінскі? Аказалася, што жыццё і дзейнасць Міхала Клеафаса і яго роду амаль не раскрыты ў Беларусі, і нашай задачай з’яўляецца гэта зрабіць.

img_6886_novyiy-razmer

Тут мне добрую дапамогу аказала адкрытая напярэдадні вялікая выстава “Ацалелыя і неацалелыя палацы роду князёў Агінскіх”. Вельмі добра мець пад рукой наглядныя выявы палацаў, карты зямельных уладанняў і партрэты землеўладальнікаў з роду Агінскіх, каб лепш растлумачыць паходжанне і рассяленне гэтага роду, а таксама і вобраз жыцця Міхала Клеафаса. Падобна на тое, што гэтая выстава з самага пачатку вельмі патрэбна нашым наведвальнікам, бо на яе ўжо ў дзень адкрыцця паступілі дзве замовы  (яна перасоўная). Але пра гэта крыху пазней. А пакуль што хочацца сказаць, што і ў будучым, 2017 годзе, мы будзем ствараць новыя перасоўныя выставы, якія датычаць гісторыі роду князёў Агінскіх. Тэмамі іх будуць: “Культавая і сакральная спадчына роду князёў Агінскіх” (аб ацалелых і неацалелых цэрквах, касцёлах, кляштарах і ўсыпальніцах роду), “Зямельныя ўладанні роду князёў Агінскіх”, а, магчыма, наспеюць і новыя тэмы. Стварэнне падобных выстаў ставіць нашы веды аб Агінскім на новую, больш высокую, прыступку, а так яно і павінна быць

Збіраючы звесткі пра асобу Міхала Клеафаса Агінскага, мы, музейныя навуковыя працаўнікі,  сустракаемся з недахопам ці адсутнасцю падрабязных звестак пра палітычную барацьбу пры каралеўскім троне Рэчы Паспалітай у канцы ХVІІІ ст., пра асабістыя стасункі дзяржаўных дзеячаў той эпохі, пра вобраз сямейнага жыцця арыстакратаў і нават пра размяшчэнне і колькасць іх зямельных уладанняў. ХVІІІ стагоддзе неяк выпала з поля зроку нашых гісторыкаў, і нам самім даводзіцца папаўняць недахоп ведаў пра эпоху Агінскага праз чытанне польскай мемуарнай літаратуры, якой, дзякуй Богу, шмат, але гэта патрабуе часу.

Напрыклад, беларускаму сярэднедасведчанаму аматару гісторыі нічога не гавораць выразы “Барская канфедэрацыя”, “Выкраданне караля Панятоўскага”, прозвішча генерала Дамброўскага, пра якога пяецца ў польскім нацыянальным гімне “Марш, марш, Дамброўскі!...”, а ён жа быў найбольш верным і шматгадовым паплечнікам М.К. Агінскага ў эміграцыі і г.д.

Няма пакуль што ў нас і рэпрынтных выданняў расійскіх мемуараў імператрыцы Кацярыны ІІ, яе прыдворных, ваеначальнікаў і інш. Таму ў дадзены момант найбольш інфармацыйнымі здаюцца вось такія выставы, як “Ацалелыя і неацалелыя палацы роду князёў Агінскіх”, дзе на падставе ўжо даступных беларускіх, літоўскіх і польскіх звестак можна даведацца, дзе былі размешчаны, калі і кім пабудаваны палацы шматлікага славутага роду Агінскіх, убачыць іх выгляд, прасачыць далейшы іх лёс. Да таго ж у выставе прадстаўлены сямейны радавод менавіта Міхала Клеафаса Агінскага, акрэслена месцазнаходжанне гістарычнага гнязда гэтага роду вакол маёнтка Агінты ў сучаснай Літве. Гэта наглядна папаўняе веды аб мінулым нашай краіны.

Думаю, выстава выкліча і цікавасць дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Таму запрашаем у студзені наведаць новую выставу не толькі далёкіх турыстаў, але і вучняў і настаўнікаў раёна.  Вы зможаце пазнаёміцца з 25-ю ацалелымі і неацалелымі палацамі Агінскіх не толькі на выставачных банерах, але і на экране, атрымаць каментары вопытных экскурсаводаў і набыць альбомчык з выявамі палацаў.

Адкрыццё выставы адбылося ў музеі ў суботу, 17 снежня, у прысутнасці аматараў гісторыі Агінскіх з Залесся, Смаргоні, Маладзечна і Мінска, а таксама групы экскурсантаў-вайскоўцаў. Сама гістарычна-фатаграфічная інфармацыя размясцілася на сямі пластыкавых банерах двухметровай вышыні, а на экране можна было бачыць яе асобнымі блокамі. Выстава задумана так, каб кожны цікаўны наведвальнік мог пры жаданні сам здабыць з яе патрэбныя звесткі.

img_6902_novyiy-razmer

Вядучыя імпрэзы задавалі мне пытанні, а я паясняла, адкуль брала звесткі і якія знаходкі выявіла падчас падрыхтоўкі выставы. Пры расказе пра палац дзядулі Міхала Клеафаса Тадэвуша Агінскага ў залу ўвайшлі два “пасланнікі вечнасці” і прынеслі ў якасці падарунка абломак трохсотгадовай цэглы з фундамента  палацу Тадэвуша. У тым, ужо неіснуючым, палацы, нарадзіўся бацька Міхала Клеафаса Анджэй. Пасля гэтага ўсім захацелася выказацца. Слова бралі прадстаўнікі Смаргонскага раённага дабрачыннага фонду “Паўночныя Афіны М.К. Агінскага” Ала Шыцікава і маладзечанскага фонду “Спадчына М.К. Агінскага” Галіна Сушко, былы дырэктар філіяла літаратурных музеяў (што быў да нядаўняга часу ў залескім палацы) Уладзімір Ліхота і настаўнік гісторыі Залескай школы Аляксандр Міхалкоўскі. Рысу падвялі былы старшыня смаргонскага райвыканкама Анатоль Янец і старшыня Смаргонскага савета дэпутатаў Іван Рамановіч. Яны высока ацанілі аб’ём працы, укладзенай у падрыхтоўку выставы,  і яе якасць, што не можа нас не радаваць.

img_6911_novyiy-razmer

Адчуваўся блізкі надыход святаў, і новую выставу мы назвалі калядным падарункам усім сябрам Міхала Клеафаса Агінскага. Выстава прадоўжыцца да канца студзеня.

Таццяна Кляшчонак, навуковы супрацоўнік Музея-сядзібы М.К. Агінскага ў Залессі
p. s.

Карпатлівая праца з беларускімі, польскімі і літоўскімі крыніцамі інфармацыі прывяла да проста-такі сенсацыйнага выніку: Мы маем сёння досыць падрабязныя звесткі пра 25 ацалелых і неацалелых палацаў розных пакаленняў роду Агінскіх! Добрую дапамогу ў пошуку аказалі ілюстраваныя кнігі пра гісторыю роду Агінскіх, выдадзеныя ў Літве, і аналіз польскіх крыніц, а таксама ўласная пошукавая інтуіцыя. Варта толькі было пашукаць звесткі пра архітэктурную спадчыну  Агінскіх сярод звестак пра зямельныя ўладанні гэтага роду, і яны знаходзіліся – ацалелыя ці ў малюнках, успамінах, чарцяжах.

Вось спіс ацалелых і неацалелых палацаў роду кн. Агінскіх:

Неацалелыя (упамянуты паводле іх старажытнасці): І. (у Літве)1. Трокі; 2. Кроні; 3. Вейсеі; 4. Рэтаў. ІІ. (у Польшчы) 1. Варшава. ІІІ. (у Беларусі) 1. Віцебск.; 2. Тадулін; 3. Маладзечна; 4. Ганута; 5. Залессе (драўляны палац); 6. Слонім; 7. Смілавічы; 8-9. Гродна (2 палацы).

Ацалелыя: І. (у Літве) 1. Мураваныя Стравенікі; 2. Вільнюс, вул. Арклю; 3. Вільнюс (Тэатр Моладзі); 4. Плунге. ІІ. (у Польшчы) 1. Седльцэ; 2. Саколаў Падляскі; 3. Варшава, вул. Кракаўскае Прадмесце; 4. Нябораў; 5. Гузаў. ІІІ. (у Беларусі) 1. Бешанковічы; 2. Залессе.

З 25 выяўленых палацаў 17 належалі прамым продкам ці нашчадкам Міхала Клеафаса Агінскага, а яшчэ 3 ён атрымаў па дамове ад свайго далёкага родзіча, Міхала Казіміра Агінскага каля 1792 г., калі Міхалу Казіміру пагражала канфіскацыя зямель за яго непрымірымую пазіцыю ў адносінах да палітыкі расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. Праўда, пакарыстацца не паспеў, бо выбухнула паўстанне 1794 г., і сам Міхал Клеафас страціў усе свае зямельныя валоданні.

Падчас падрыхтоўкі выставы пасыпаліся гістарычныя знаходкі.  Як нейкі містычны знак падтрымкі сваёй працы я ўспрыняла з’яўленне ў жніўні звестак пра тое, што ў літоўскіх Троках у межах аднаго са старых фундаментаў было адкапана каля 10 тысяч розных знаходак з выявай гербу Агінскіх “Брама”, а гэта сведчыць пра тое, што там таксама знаходзілася нейкая рэзідэнцыя Агінскіх. Несумненна, Агінскія павінны былі мець рэзідэнцыю ў Троках, а можа і не адну, таму што некалькі чалавек ў розныя часы займалі пасады высокіх чыноўнікаў Трокскага ваяводства і нават яго кіраўнікоў – ваяводаў  Трокскіх.

Знаходкай можна назваць таксама тое, што колькасць ацалелых палацаў у Беларусі павялічылася яшчэ на 1 (апрача залескага). Гэта палац, пабудаваны віленскім ваяводам Казімірам Дамінікам Агінскім у сярэдзіне ХVІІІ ст. у Бешанковічах. Яго палац, пабудаваны ў класічным стылі, і зараз служыць людзям. Тут месціцца дзіцячая школа мастацтваў і раённая бібліятэка. Гэткую ж ролю выконвае палац Агінскіх у літоўскім гарадку Муру Стрэвінінкай (або Мураваныя Стравенікі) каля Трок. У тым жа рэгіёне, у мястэчку Круоніс (Кроні)  знаходзяцца і руіны яшчэ аднаго палацу Агінскіх, пабудаванага, хутчэй за ўсё, у першай палове ХVІІІ ст. на месцы драўлянай сядзібы Багдана Тэадора Агінскага (1568-1640), прамога продка Міхала Клеафаса. Ну і нельга змаўчаць пра тое, што ў некаторых месцах Беларусі (а магчыма, Польшчы і Літвы) пасля Агінскіх ацалелі культавыя пабудовы (як касцёл у Лучаі), усыпальніцы (як у Літве), паркі (як у Бялынічах), а на поўдні Польшчы, каля г. Кросна,  ацалела некалькі палацаў нашчадкаў дачкі Міхала Клеафаса - Амеліі Залускай.  У Літве варта было б таксама пашукаць архітэктурнай спадчыны па нашчадках Міхала Клеафаса з першага шлюбу.

Для таго, каб пазнаёміцца з самой выставай, нам трэба пагрузіцца на цэлых 5 стагоддзяў у глыбіню гісторыі, у той час, калі продкі князёў Агінскіх перабраліся ў Вялікае княства Літоўскае з тэрыторыі былой Кіеўскай Русі. Без знаёмства з генеалогіяй роду ў ВКЛ (а гэта 13 пакаленняў, лічачы апошнім пакаленнем унука Міхала Клеафаса па лініі яго сына Ірэнэуша Багдана Агінскага) і без уяўлення пра размяшчэнне зямельных уладанняў роду Агінскіх немагчыма распачынаць гутарку пра ацалелую і неацалелую архітэктурную спадчыну роду.

Зразумець генеалогію і ўявіць размяшчэнне зямельных уладанняў дапамагаюць у выставе асобныя карты з пазначанымі тэрыторымі зямельных уладанняў і радавод Міхала Клеафаса Агінскага. А ўжо потым ідуць выявы саміх палацаў і гістарычна-архітэктурныя звесткі пра іх. Усё гэта змясцілася на 7 пластыкавых банерах і выглядае, мне здаецца, густоўна і наглядна.

Карацей кажучы, прыяжджайце да нас у Залессе на выставу, паважаныя землякі! Уперадзе доўгія навагоднія святы. Лепш адзін раз убачыць, а потым ужо і пачытаць!

 

 

 

 

Каментаваць