На праект «Валожын без бар’ераў» выдзелены мільён еўра

22.11.2016 13:24Views:
valojynУ Валожынскім раёне рэалізуецца праект  “Валожын без бар’ераў: Узмацненне магчымасцяў для прапанавання сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг  людзям з інваліднасцю ў Валожынскім раёне”.

Пра яго асаблівасці “Рэгіянальнай газеце” расказала менеджар  праекта Ганна Ражанцова.

У Валожынскім раёне жыве  каля 2100 людзей з абмежаванымі магчымасцямі – гэта каля 6% ад усяго насельніцтва раёна. Але на сённяшні дзень паслугі, якія можа атрымаць звычайны мясцовы жыхар або турыст, для іх недаступныя.

Праект “Ва­ло­жын без бар’­ераў” стартаваў у кастрычніку 2015 года. Адна з яго мэтаў – спрыяць сацыяльнай інтэграцыі людзей з інваліднасцю.

У Валожыне ад 2004 года дзейнічае Цэнтр дзённага знаходжання інвалідаў, а ад 2011 да 2015 года ў раёне праводзілася праграма па пытаннях даступнасці, падчас якой усяго пяць будынкаў абсталявалі пандусамі.

І вось у канцы 2015 года Валожынскі райвыканкам, Беларускае таварыства інвалідаў, беларускае грамадскае таварыства “Адпачынак у вёсцы” сумесна з фондам “Інтэракцыя”  ініцыявалі новы маштабны праект.

 Яго бюджэт складае больш за адзін мільён еўра, 90% з якіх дае Еўрапейскі Саюз.

 Праект разлічаны на тры гады.

Мы плануем, што ў выніку праекта каля 20 будынкаў у раёне будуць пераабсталяваныя з улікам патрэбаў лю­дзей з абмежаванымі магчымасцямі.

У 2018 годзе  адкрыецца турыстычны інфармацыйны і рэкрэацыйны цэнтр для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Цэнтр будзе ўключаць у сябе хостэл на 20 месцаў, канферэнц-залу са спе­цыяльным абсталяваннем для людзей са слабым зрокам і са слабым слыхам, інфармацыйны пункт.

Яшчэ важна, што ў цэнтры можна будзе не толькі адпачыць. Тут адкрыюцца і новыя працоўныя месцы для жыхароў раёна.

На рэканструкцыі будынкаў змены не спыняцца. У Налібоцкай пушчы будзе пракладзеная экалагічная сцежка.

А сёлета валанцёры і каардынатары праекта правялі паўнавартасны маніторынг будынкаў Валожынскага раёна.

Усяго праверылі 150 аб’ектаў – у першую чаргу гэта будынкі, якія могуць выкарыстоўваць патэнцыйныя турысты з інваліднасцю.

У гэты спіс увайшлі аб’екты транспартнай інфраструктуры, органаў мясцовай улады, культурна-гістарычныя аб’екты, аб’екты сацыяльнай сферы (бібліятэкі, пошты, школы, бальніцы, магазіны), а таксама 18 аграсядзібаў раёна.

Маніторынг праводзілі восем экспертаў – юрысты, сацыяльныя работнікі, спецыялісты ў галіне архітэктуры, аграэкатурызму, прадстаўнікі Беларускага таварыства інвалідаў. Ім дапамагалі гаспадары аграсядзібаў, прадстаўнікі ўлады і грамадскіх арганізацый, журналісты, валанцёры.

Як паказаў маніторынг, большасць з будынкаў маюць добры патэнцыял для таго, каб адаптаваць іх для лю­дзей з абмежаванымі магчымасцямі і пры гэтым пазбегнуць буйных фінансавых выдаткаў. Напрыклад, у некаторых крамах або бібліятэках дастаткова ўсталяваць ці рэканструяваць пандус, пашырыць дзвярны праём.

А ў ліпені гэтага года ўсе партнёры праекта “Валожын без бар’ераў” пабылі ў адукацыйнай паездцы ў Галандыі.

Удзельнікі ўбачылі новыя падыходы ў стварэнні безбар’ернага асяроддзя ў турыстычных зонах і ў паўсядзённым гарадскім асяроддзі. Галандыя была абраная невыпадкова: у гэтай краіне параўнальна нядаўна зарадзіўся бізнес па аказанні турыстычных паслуг людзям з абмежаванымі магчымасцямі, і развіваецца ён вельмі дынамічна.

Сярод удзельнікаў паездкі былі і людзі з абмежаванымі магчымасцямі – старшыня Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімір Патапенка і яго намеснік Сяргей Драздоўскі. Яны маглі ў поўнай меры ацаніць усю інфраструктуру. Напрыклад, наведаць аграсядзібы, пяcчаны пляж у Гаазе, скарыстацца арэндай адаптаваных ровараў і крэслаў з электрапрыводам. І нават пратэставаць на даступнасць ­адзін з гатэляў знакамітай сеткі Hilton ў Амстэрдаме.

Адну з карысных высноў, зробленых у паездцы, агучыў Уладзімір Патапенка, старшыня Беларускага таварыства інвалідаў:

Інфраструктуру неабходна ствараць пры ўдзеле людзей, для якіх  прызначаная, інакш яна проста не працуе.

У бліжэйшых планах праекта – будаўніцтва экасцежкі і турыстычна-інфармацыйнага цэнтра.

А ў  2018 годзе  Беларускае таварыства інвалідаў сумесна з усімі партнёрамі запланавала правесці вялікі фестываль сацыяльнай інтэграцыі і летні лагер па яго падрыхтоўцы, – дзеліцца планамі Ганна Ражанцова.

valojyn-biez-barjerau

Наталля Тур, "Рэгіянальная газета"

Каментаваць


*