Гісторыя касцюмаваных баляў, або маскарадаў

05.09.2016 14:44Views:
баль_аваУ нашай залескай сядзібе М.К.Агінскага сёлета ўпершыню будзе праводзіцца касцюмаваны баль, або баль масак пад назвай “Поры года”. Гэта азначае, што госці балю павінны будуць паклапаціцца пра аздабленне свайго вечаровага строю прадметамі, якія наводзяць на думкі пра пэўную пару года.

баль_афиша

Такая тэма балю часта выкарыстоўвалася і ў даўніну... Балі былі адзіным публічным мерапрыемствам, дзе можна было патанцаваць і павесяліцца ў шырокім коле. У звестках аб гісторыі свецкіх баляў у Рэчы Паспалітай у ХVІІ-ХVІІІ стст. можна знайсці такія вось паведамленні:

…Кожнае саслоўе свабоднага насельніцтва (а гэта ў той час былі гараджане, купецтва, шляхта і арыстакраты) арганізоўвалі балі ва ўласным коле. Выключэннем былі балі касцюмаваныя, або маскарады, на якія выхадцы з іншых саслоўяў ў маглі з’явіцца, прыкрыўшы твар маскай. Але ў балях пры  варшаўскім каралеўскім двары прадстаўнікі ніжэйшых, чым арыстакратыя,  саслоўяў не мелі права  прымаць удзел.

Прыдворныя ж балі заўсёды праходзілі паводле строгай схемы: прывітанне з гаспадаром балю, пачастунак і танцы.  Запрарашэнні на баль павінны былі быць высланы не пазней чым за тры месяцы да яго пачатку; адмаўляцца ад запрашэння на каралеўскі баль было не прынята. Пачастунак на балі падаваўся ў асобнай зале і мог быць халодным або цёплым. Пры гэтым не абавязкова было садзіцца за сталы, можна было абысціся, кажучы сучаснай мовай, фуршэтам. На стале знаходзіліся разнастайныя халодныя закускі і гатункі спіртных напояў, а сігналам да заканчэння балю было запрашэнне на кубачак кавы.

баль_праграма

Прыдворныя балі ўяўлялі сабой сапраўдны “рынак арыстакратычных нявест”. Паненкі на выданні абавязкова павінны былі прысутнічаць на іх. Балі былі адзіным месцам кантактаў маладых людзей процілеглага полу. Дзяўчаты маглі знаёміцца з маладымі людзьмі толькі пад чуйным вокам бацькоў і цётак. З гэтага боку нормы паводзін моладзі вельмі нагадвалі правілы паводзін сённяшніх мусульман. Непрыстойным і немагчымым для дзяўчыны лічылася размаўляць адзін на адзін з мужчынам, аказацца адной на вуліцы ці ў падарожжы.

Кожная дама з’яўляліся на баль абавязкова са спецыяльнай запісной кніжкай – карнецікам – у які яна запісвала імёны кандыдатаў на танец з ёй. Няпісаным правілам для кавалераў было не танцаваць з адной паненкай больш чым тры разы, інакш складалася ўражанне, што дадзены кавалер мае ў адносінах да паненкі сур’ёзныя шлюбныя планы. Падчас балю важна было праяўляць павагу да асоб старэйшага ўзросту і службовага звання. Хаця якраз баль-маскарад вызваляў гасцей ад гэтага скоўваючага абавязку.

ХІХ стагоддзе прынесла новыя і больш дэмакратычныя формы гэтай забавы. Для афармлення баляў, запрашальных білетаў і праектавання маскарадных касцюмаў  наймаліся спецыяльныя мастакі. У ХІХ ст. свабодныя жыхары нашых тэрыторый бавіліся на грамадскіх балях, арганізаваных дзяржаўнымі ўстановамі Расійскай імперыі, а прыватныя балі праходзілі ў прыватных ўладаннях. Звесткі пра баль у Вільні пакінула сярод іншых і сучасніца М.К.Агінскага Габрыеля Пузына. Яна апісала малодшую дачку Агінскага Іду ў вяночку з руж і ў сукенцы, абшытай штучнымі ружамі, калі тая прадстаўляла сабой “Вясну”.

На любых балях было прынята забаўляцца да світання, на некаторых прыватных у кошт уваходнага білету ўключалася і снеданне. Некаторыя заядлыя танцоры прыносілі з сабой запасныя кашулі, бо, як пісалі ўдзельнікі балёў, “пот ліў з ілба, каўнерык на шыі ператвараўся ў мокры шнурок, а мокрую ад поту кашулю можна было выкручваць”.

У час балёў (а быў гэта час пераважна зімовы, вольны ад посту) з навакольныз вёсак і мястэчак з’яжджаліся сем’і і везлі з сабой каробкі з капелюшамі, куфры з сукенкамі або мужчынскімі касцюмамі, без якіх нельга было выглядаць элегантным на балі.

Баль-маскарад быў трыумфам фантазіі над клопатамі штодзённага жыцця. Ён абуджаў надзеі на цуды і прыгоды. Просты гараджанін мог выцягнуць у танец знатную арыстакратку або пернесціся ўяўленнем у іншы век і паводзіць сябе так, як бы ён хацеў паводзіць сябе ў той час.

Таццяна Кляшчонак

 

 

-

 

.

 

Каментаваць