Міхал Клеафас Агінскі супраць зомбі

21.07.2016 14:21Views:
aginski_knigaБеларускі блогер Уладзімір Садоўскі напісаў зомбі-хорар «1813». Уладзімір Садоўскі больш вядомы на прасторах інтэрнэту як аўтар паспяховага блогу yozas-gubka. Ён паспявае пісаць для ruh.by, kraj.by, tut.by, а таксама займаецца краязнаўствам. З-пад яго пяра выйшаў першы зомбі-хорар на беларускай мове, які называецца «1813».

«Штуршком да напісання навелы стала кніга «Аўраам Лінкальн: паляўнічы на вампіраў», — расказвае Уладзімір. — Пасля прачытання гэтага рамана я падумаў, што магу і сам напісаць трэшачок нічым не горшы і пры гэтым не браць герояў з далёкай і невядомай Амерыкі, а выкарыстаць сваіх, мясцовых. Балазе, гісторыя у нас багатая і ў ёй шмат адметных асоб і постацяў, якія б маглі змагацца з нечалавечай навалай не горш чым Лінкальн. Напрыклад, той жа Міхал Клеафас Агінскі.

Месцам дзеяння навэлы «1813» я вырашыў абраць мястэчка Маладэчна (так гістарычна вымаўлялася назва нашага горада Маладзечна) і замак у яго ваколіцах, які калісьці належаў роду Агінскіх. Цяпер ад таго замку засталося толькі замчышча, але на пачатку ХІХ стагоддзя ён яшчэ стаяў.

Падставай для з’яўлення зомбі я вырашыў узяць падзеі вайны 1812 года, якая пракацілася праз нашы землі вогненнай хваляй. Дарэчы, якраз пад Маладзечнам у канцы 1812 года адбылася адна з апошніх бітваў той вайны. Мястэчка было разбурана, а ў наваколлі засталося шмат непахаваных жаўнераў.

aginski i zombi

Па сюжэце Міхал Клеафас Агінскі прыязджае ў замак да свайго дзядзькі ўвесну 1813 года. Падчас адной з адліг забітыя жаўнеры «Вялікай арміі» Напалеона паўстаюць з адталай зямлі і пачынаюць тэрарызаваць акругу.

Агінскі апынаецца ў атачэнні мерцвякоў і вымушаны змагацца з нечаканай навалай, што апанавала родны край. Калі я задумваў «1813», мне хацелася напісаць тое, што я сам бы з задавальненнем пачытаў, калі б не быў аўтарам.

Мне вельмі падабаецца фантастыка, жахі пра зомбі і рэальная гісторыя. Усё гэта я вырашыў перамяшаць у сваім тэксце
і цяпер хачу падзяліцца напісаным з шырокім колам чытачоў».

Апроч навелы «1813», у кнігу будуць уключаны некалькі фантастычных апавяданняў Уладзіміра Садоўскага, якія раней выходзілі ў літаратурных часопісах і зборніках.

Каб выдаць кнігу ў электронным фармаце, Уладзімір, сумесна з праектам kniharnia.by запускае кампанію на краўндфандынгавай пляцоўцы ulej.by.

Чаму электроннай, а не папяровай?

  • Сёння амаль кожны чалавек мае лічбавую прыладу - мабільны тэлефон, планшэт ці рыдар.
  • Электронныя кнігі больш зручныя для распаўсюду, іх можна купіць па ўсім свеце літаральна за хвіліну.
  • Электронная кніга не патрабуе вялікіх выдаткаў, асобнік выходзіць нашмат больш танным чым папяровы, да таго ж іх колькасць неабмежаваная.

Аднак працэс падрыхтоўкі да выдання электроннай кнігі нічым не адрозніваецца ад папяровай: рэдактура, карэктура, вёрстка, прысваенне ISBN. Усё гэта каштуе грошай. Грошы на гэтыя патрэбы збіраюцца з дапамогай краўдфандынга, бо сам тэкст кнігі «1813» напісаны і чакае свайго чытача.

Падрыхтоўкай электроннай кнігі, а таксама яе далейшым распаўсюджваннем у інтэрнэце будзе займацца партал Кнігарня.by.

Каб даць кнізе жыццё, дастаткова перайсці па спасылцы і замовіць кнігу ўжо цяпер.

"Наша ніва"

Каментаваць